Занесена на раённую Дошку гонару

Лента новостей

Неаднаразова мне даводзілася бачыць, як працуе аператар машыннага даення малочнатаварнага комплекса “Мацеевічы” СВК імя Варанецкага Ірына Токарава, як увішна і спраўна яна рухаецца па даільнай зале, як работа ў яе “руках гарыць”. Прыемная ўсмешка, прыгожы твар, а пры сустрэчы на мінулым тыдні ў выхадны яе дзень, я парадавалася яшчэ і яе спартыўнай фігуры, якую раней не магла заўважыць з-за прасторнай рабочай вопраткі. Можна сказаць, што жанчына ў самым росквіце сіл, жыццё ўдалося, з якога боку ні паглядзі. І фатаграфія яе за добрую работу на раённай Дошцы гонару, і дачка-разумніца паступіла на бюджэтнае навучанне ў медінстытут, і гаспадыня Ірына старанная, такую пашукаць трэба.
Сама яна мясцовая, у Вялікіх Эйсмантах і школу закончыла. Паступіла Іра ў Гродна ў вучылішча, а затым працавала на заводзе. Пасля лёс закінуў яе ў горад рэдкай прыгажосці — Калінінград. У гады існавання Савецкага Саюза ў магазінах там літаральна “ла­маліся паліцы” ад многіх гатункаў рыбы, і была яна недарагая. Іра ўладкавалася ў гэтым горадзе швачкай, а затым выйшла замуж за хлопца, які працаваў там на заводзе. Але потым пацягнула яе на малую радзіму, дзе быў свой утульны дом, падворак. У гарадах жа тады была вялікая чарга на жыллё. Здаралася і так, што ўжо і дзеці вырасталі, пакуль сям’я атрымлівала кватэру. Родная ж гаспадарка была перспектыўная, перадавая. Для таго, каб працавалася і жылося людзям добра, тут усё стараліся і стараюцца рабіць.
Спачатку працавала Ірына ў цяп­ліцы, потым на свінакомплексе. Параўноўваючы працу аператараў, яна кажа, што даяркай быць лепш. Шчыра ўдзячна Ірына ранейшай загадчыцы фермы Алене Легашчовай, якая навучыла яе любіць сваю прафесію, крок за крокам адпрацавала разам з ёй неабходныя навыкі.
— Яна вельмі добры спецыяліст, яна класная, вельмі харошая! – не хавае сваіх эмоцый Ірына.
У раёне таксама ведаюць гэтую цу­доўную жанчыну. Зараз яна тэхнік па племуліку на новым малочнатаварным комплексе ў РУСП “Масаляны”.
Даіць кароў нялёгка, тут таксама патрэбна майстэрства. Сучасную вытворчасць не параўнаць з тою, што была на старых фермах, калі вельмі шмат было ручной працы. Зараз стала лягчэй, але ўзраслі і патрабаванні. Трэба пастаянна павялічваць выпуск сыравіны, і ставіцца задача, каб атрымліваць малако класа “экстра”. Гэта выгадна, бо чым больш прадукцыі і лепшай якасці, тым больш грошай. А дасягнуць выдатных вынікаў можна, захоўваючы перадавыя тэхналогіі. У аператараў машыннага даення ёсць свае “залатыя правілы”. Малако, вядома, у каровы на языку, шмат залежыць ад таго, як яе накормяць. Але шмат залежыць таксама і ад добрасумленнасці, стараннасці даяркі.
— Усё павінна быць ідэальна, — гаворыць Ірына.
Да таго ж, жывёлу трэба любіць, шкадаваць, клапаціцца аб ёй, раўнадушны чалавек не даб’ецца ў жывёлагадоўлі поспеху.
— Дойны статак зараз хаця і вялікі, жывёла бязлікая, але і ў кароў таксама бываюць свае характары, — жартую я. – Ёсць ахайныя і наадварот?
— О, такія бываюць неахайныя! – эмацыянальна адказвае мая субяседніца. – Як і дамашнія каровы. Бывае, падсцелеш яе, а яна ўсё роўна ўляжацца на мокрае.
Мы ўсміхаемся, а я ўспамінаю, як такая “шкодная звычка” каровы вельмі выводзіла з сябе маю бабулю.
Для аператараў машыннага даення строгая гігіена – і ёсць адно з “залатых правіл”. І не толькі трэба сачыць, каб рагуля была чыстай, але яшчэ і здойваць першыя струменьчыкі малака ў спецыяльныя кубкі, і апрацоўваць вымя пасля даення, каб у каналы не трапіла інфекцыя. Так вядзецца прафілактыка мастытаў. Працаваць жа абавязкова трэба ў пальчатках. Дояцца ў імпартнай даільнай зале “Вестфалія” адначасова 24 каровы, нагрузка на аператара немалая. Працуе Ірына з напарніцай. Каровы чыста выдойваюцца, гэта вельмі важна. Працэс аўтаматызаваны.
А працоўны дзень аператара машыннага даення пачынаецца тады, калі мы ўсе яшчэ соладка спім.
— Доек усяго тры, як закончыцца апошняя вечарам, дык і спаць асабліва няма калі, бо яшчэ і хатнія справы чакаюць, — расказвае мая субяседніца. На работу і з работы аператараў возяць. Пасля двух працоўных дзён даецца выхадны. Да такога рэжыму, па словах жанчыны, яна ўжо прывыкла.
— А ў горад больш ні разу не захацелася? – пытаюся я.
— Не! – упэўнена адказвае і ўсміхаецца Ірына.
Зарплатай аператар машыннага даення задаволена, усё ў яе добра і на працы, і дома.
Што яшчэ трэба для шчасця?
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *