Жыццёвыя гісторыі

Лента новостей

Аўтобус мерна пагойдваецца на шашы, расслабляючы да дрымоты. Гоман пасажыраў зліваецца ў суцэльны гул і паволі аддаляецца кудысьці, робіцца прыглушаным. Лаўлю сябе на думцы, што, здаецца, засынаю, як раптам моцны голас адной з жанчын, што сядзяць спераду мяне, прымушае вынырнуць з дрымотнага стану.
— Ого, мілая, усяго за жызню нагледзелася! – казала яна суседцы. – Гэта ж не жартачкі — столькі год пры хворых працавала. На гора людское нагледзелася, о-ё-ёй, няхай на яго ліха. Я дарма што ўсяго толькі санітаркай была, а да ўсяго прыглядвалася, усё прыкмячала: як доктар хворых лечыць, медсястра ўколы ці яшчэ якія працэдуры робіць. І многае ведаю, умею, як каля цяжкахворага хадзіць трэба. Да размоў у палатах прыслухоўвалася – чалавек, калі хібнула здароўе, і пра сябе шчыра расказвае, і ў іншых пра ўсё распытвае, парады просіць.
Бальнічны ложак усё “высвечвае”: які ты, як да цябе родныя хіляцца, саслужыўцы. Заўсёды шкадавала адзінокіх бабуль і дзядуль – добра, калі сваяк ці сусед загляне, а бывае і ў краму збегаю, па просьбе гэткага старога чалавека, і з хаты нешта яму прынясу. Ага, во так. Адзін ён і ёсць адзін, няма на каго крыўдаваць…
А тут, помню, прывязлі бабульку – параліч яе разбіў. Дробная, худая, у чым толькі й душа трымаецца. Бабулька ляжыць дзень, ляжыць два, дактары і сёстры яе лечаць, і нам, санітаркам, наказваюць добра глядзець хворую: у яе становішчы, маўляў, догляд – палова справы. Адно дзіўна? Тыдзень ужо канчаецца, а да бабулькі так ніхто і не прыйшоў. Пэўна, мяркую, адзінокая. І так шкада яе стала. А тут чую – у суседняй палаце цётка з бабулькінай вёскі ляжала, — што тры дачкі мае наша Іванаўна. Усе ў гарадах жывуць – працуюць, а адна дык і надта важная птушка – начальніца нейкая.
Ну і вось, чакаем выхадных, каб на тых дачушак бабуліных паглядзець. Але… ніхто да яе не прыехаў. Старая, хаваючыся, плакала.Расказчыца змаўкае.
— Дык ці прыехалі дачушкі? — цікавіцца ў расказчыцы яе суседка.
— А ты во слухай далей, — кажа тая. – Бабулі палягчэла, хвароба адпусціла, але не настолькі, каб адправіць яе адну дахаты. Хадзіць і абслугоўваць сябе Іванаўна не магла. І тады дактары пазванілі яе дзецям.
Ранкам у нядзелю прыехала адна з дачок. Мусіць, тая «важная птушка», бо такая прыгожая, дагледжаная ды модна апранутая кабета, што вачэй не адвесці. Мы ёю залюбаваліся і гатовы ўжо былі дараваць, што так доўга ехала да маці: ведама, моцна заняты на службе чалавек. Але…
Тая пекная, гладкая дачка як села на край матчынага ложка, дык быццам прыкіпела да яго. Аблуплівае пальцамі з даўжэзнымі пазногцямі апельсін і – маўчыць.
— Эх, Іванаўна, — бедная ты наша, — уздыхнула я пра сябе. І падказваю нездагадлівай дачцэ, што хворую памыць трэба, пераапрануць, прычасаць. Памаўчала яна, і рад няволя, пачала рупіцца каля маці. Але рабіла гэта так неахвотна, з такой грэблівасцю, што хворыя жанчыны не вытрывалі, падняліся і выйшлі.
… Больш дачка не прыехала. І сёстры яе таксама. А Іванаўну забрала да сябе братава дачка, якая таксама жыла ў горадзе.
— Вось табе і важная птушка, — завяршыла свой аповяд жанчына. Цішыня, што стаяла ў аўтобусе, быццам выбухнула. Людзі загаманілі. Кожнаму хацелася выказаць сваю думку пра пачутае.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *