Майстрыха з Алекшыц

Лента новостей

…Чырвоны з жоўтым агеньчык весела скача па дровах, печ дыхае цяплом. У хаце цёпла і ўтульна. За акном, якое мароз распісаў дзівоснымі ўзорамі, ясны зімовы дзень. У акно заглядае сонейка, і тады шыбы аж зіхацяць. Я яшчэ не хаджу ў школу, і мы з бабуляй дома адны. Яна добрая і ласкавая, і з ёй заўсёды цікава. Неадкладная работа ўжо зроблена, у хаце мы таксама прыбралі, і бабуля прысела. Нашы пастаянныя спадарожнікі – чароўныя казкі. А яшчэ бабуля можа праспяваць ціхую песню з мілагучнымі роднымі словамі, якую спявалі калісьці дзяўчаты ў яе вёсачцы, але сёння дзень асаблівы. Яна не просіць мяне пісаць літары простым алоўкам ў сшытку, а дастае нажніцы, з шафы лапік белай матэрыі, на­дзявае акуляры, адразае роўны квадрат, разгладжвае яго на стале. Потым бярэ той жа аловак і малюе галінку з кветкай. Я нават не пытаюся, што яна робіць. Я проста сачу, не адводзячы вачэй. А бабуля прыносіць каробачку з рознакаляровымі яркімі ніткамі. Папрасіўшы мяне зацягнуць зялёную, пачынае вышываць. Адзін сцяжок, другі, трэці…
— А цяпер спрабуй сама, — прапануе яна мне, паказаўшы як трэба вышываць.
Я літаральна хапаю непаслухмяную іголку, стараюся, толькі ў мяне выходзіць крыва.
— Нічога, не спяшайся, давай яшчэ, — гаворыць бабуля, паправіўшы няўдалы сцяжок.
Разам мы “прасоўваем” галінку наперад па белым кантрасным полі, яна быццам расце. І вось цуд – тоненькая сцяблінка пачынае ажываць пад нашымі рукамі, зелянець яркім вясеннім колерам, быццам за акном і няма марознай зімы. Мая радасць робіцца яшчэ большай, калі мы пачынаем вышываць чырвоную, як полымя, кветку… У хату завітала свята.
Дзіцячы ўспамін, які ляжаў на дне душы, ахапіў мяне, калі я пераступіла парог дома Яўгеніі Ляшкевіч, былой цялятніцы СВК “Алекшыцы”. Гэтае цікавае знаёмства абяцала мне намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце і старшыня прафкама гаспадаркі Ганна Міхаленка.
— О, такую майстрыху пашукаць! — заахвочвала яна маю цікаўнасць.
Убачанае ж пераўзышло тое, што я чакала тут знайсці. Дом патанае ў кветках. Вышытыя іконы беражліва ахінаюць аздобленыя тонкай вышыўкай ручнікі. У кожным пакоі гарачым полымем і стракатымі фарбамі цвітуць кветкі, яны на пакрывалах, падушках і нават на самаробным дыванку на падлозе ў малым пакоі. А муж Яўгеніі Рыгораўны Іван Іосіфавіч з гонарам паказвае нам абрус, які быў так цудоўна вышыты яго жонкай, калі яна была яшчэ зусім дзяўчынкай, у 13 гадоў! Мы дзівімся з Ганнай Іосіфаўнай на карпатлівую работу, ахайную, далікатную, выкананую амаль дзіцячымі яшчэ рукамі, у якой адчуваецца сапраўднае натхненне. Такім адметным абрусам можна было ўпрыгожыць стол хіба толькі на вялікае свята, напрыклад, на Нараджэнне Хрыстова або Вялікдзень. Ён і сам — свята!
Было за што пакахаць такую дзяўчыну, згаджаемся мы з чалавекам. А жылі маладыя ў вялікай вёсцы ў Столінскім раёне, і там уладарыла адвечная традыцыя – каб у пасагу суджанай былі вышываныя рэчы. У той час і раней жанчыны пралі, ткалі, вышывалі, былі сапраўднымі рукадзельніцамі. Іх працавітасцю і талентам ствараліся незвычайныя ўзоры нашай нацыянальнай спадчыны, якія радавалі вока і ўзбагачалі душу. І нават будучай свекрыві перад вяселлем нявеста дарыла прыгожы выраб, вышыты сваімі рукамі. Радня адразу магла ўбачыць, хто ўваходзіць у іх род і дом. Некаторыя дзяўчаты ў вёсцы прасілі Жэню дапамагчы, калі не спраўляліся самі. Яна ніколі не адмаўляла. Калі ж сама замуж ішла, усе залюбаваліся на тое, што выходзіла з-пад яе залатых рук.
А навучылася дзяўчынка калісьці гэтаму, не пабаюся сказаць, народнаму мастацтву, як і многія, ад маці, ад бабуль. Пераходзіла яно з пакалення ў пакаленне. І так упадабала яго, што пранесла праз усё жыццё. Такая задушэўная справа дапамагала ёй жыць, была адтулінай і невычэрпнай крыніцай натхнення і ў нялёгкія дні, калі апаноўвала самота, а такіх было нямала.
Столінцы – людзі руплівыя, сціплыя. У гэтым я не раз магла ўпэўніцца сама, паглядзеўшы, напрыклад, як працуюць яны ў нашым раёне на ўборцы бульбы. Работа цяжкая, свае жыхары ідуць на яе не вельмі ахвотна. А для прыезджых гэта заробак, добрыя грошы, і людзі стараюцца. Жыццё прымушае.
— Вёска наша на малой радзіме вельмі вялікая, столькі працы ў калгасе няма, — расказвае Яўгенія Рыгораўна. – А дзяцей трэба было карміць. Муж стаў будаўніком. Ездзіў у Яраслаўль, Растоў, Цюмень, ва Удмурцію “на заробкі”.
— Зараблялі? – пытаюся я ў яго.
— Так. Але дзяцей не бачыў. Яны без мяне раслі. Цяжка было, — расказвае Іван Іосіфавіч.
І тут здарыўся ў іх жыцці “новы паварот”. Дачуліся муж з жонкай пра Бераставіцкі раён, што гаспадаркі тут моцныя, работа ёсць, жыллё даюць. Расцанілі гэта як удачу, пераехалі. Спачатку год жылі ў інтэрнаце, затым сям’і далі дом. Нават шкадуюць, што раней не пераехалі на Бераставіччыну. Яўгенія Рыгораўна стала лепшай па прафесіі, так добра даглядала цялят. Глядзела іх, як малых дзяцей. І яна, і муж паказалі сябе людзьмі стараннымі, дастойнымі.
Паміж сабой таксама ўсё жыццё пражылі ў згодзе ды павазе.
— Муж мне за ўсё жыццё слова крыўднага не сказаў, — гаворыць Яўгенія Рыгораўна.
— Не было за што на яе сварыцца, — усміхаецца Іван Іосіфавіч.
— Яны як узор сямейнага шчасця, — дадае Ганна Іосіфаўна.
— Дай Бог і кожнаму так, — думаецца мне.
У сям’і выраслі дзве дачкі і сын, радуюць унукі. І на пенсіі муж з жонкай займаюцца хатняй гаспадаркай, трымаюць свіней, курэй, толькі каровы ўжо няма. У іх дагледжаны агарод, парнік. Захапленне і ўменне Яўгеніі Рыгораўны перайшло да дачок і ўнукаў. Адна, якая працуе правадніцай, нават у дарогу бярэ вышыўкі. Унучку ў школе пачалі на ўроках працы вучыць, як вышываць, а яна ўжо ўмее. Унукі на святы дораць бабулі з дзедам тое, што зробяць сваімі рукамі.
— Такія падарункі самыя даражэйшыя, — канстатуе і ўсміхаецца дзед.
Сапраўды, вось падарылі на Год Змяі – сшытую з шэрай матэрыі і ўпрыгожаную змяю, на Год Свінні – смешную круглую аранжавую свінку. А яшчэ ёсць стракаты матылёк у рамцы, над ім пастараўся ўнучак. Нават зяць у гэтай сям’і – сапраўдны ўмелец. Цесць паказаў насценны гадзіннік у драўляным футляры. І праўда, вельмі прыгожа, нават не падумаеш, што чалавек не купіў, а сам так прыгожа выразаў, аздобіў.
— Я многія свае вырабы падарыла, — на развітанне расказвае гаспадыня. – Іх ужо не так многа. А вышываю найбольш зімою. Што рабіць зімовымі днямі? За зіму ў мяне атрымліваецца дзве іконы, два ручнікі. Закончу работу, палюбуюся. Для некага вышываць, можа, цяжка. А мне гэта — для душы…
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *