Рэліквіі святой Тэрэзы пабывалі ў Бераставіцы

Лента новостей

30-31 ліпеня вернікі Вялікай Бераставіцы і навакольных парафій мелі ўнікальную магчымасць пакланіцца рэліквіям святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус (Тэрэзы Малой; Тэрэзы з Лізьё), перэгрынацыя якіх праходзіць па Беларусі з 1 чэрвеня па 28 жніўня пад дэвізам “Маё пакліканне – гэта любоў”. Беларусь стала 76 краінай, якая прымае рэліквіі Святой Тэрэзы.
Шматлікія вернікі Бераставіччыны з нецярпеннем чакалі прыбыцця ралікварыю, які суправаджаюць браты-кармеліты босыя.
Сам рэлікварый з парэшткамі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус уяўляе сабой аздоблены масіўны саркафаг даўжынёй у 150 см, шырынёй — 95 см, вышынёй — 85 см. Яго вага — больш за 130 кг. Пастаянна рэлікварый знаходзіцца ў кляштары кармэлітаў босых у Лізьё (Францыя).
Тэрэза ад Дзіцятка Езус — святая, якую ў Беларусі ведаюць і шануюць. Шмат у якіх касцёлах можна ўбачыць абраз або фігурку святой з крыжам і ружамі ў руках. Сваім жыццём яна засведчыла шлях, поўны Божага даверу, просты шлях да святасці і дасканаласці.
У час святой Імшы а.Бернард, які падарожнічае з рэлікварыем, бліжэй пазнаёміў вернікаў з асобай святой Тэрэзы і рассказаў пра яе “малую дарогу” да святасці.
Святая Тэрэза нарадзілася ў 1873 годзе на поўначы Францыі ў глыбока веруючай сям’і Мартэн. Яе бацькі, якія некалі мелі намер весці законнае жыццё, выхоўвалі сваіх дзяцей у атмасферы, прасякнутай хрысціянскім духам. Тэрэза, дзявятае ў сям’і дзіця, была наймалодшай. Калі памерла маці, ёй было толькі чатыры з паловай гады. У пятнаццаць гадоў дзяўчынка адчула пакліканне. Настаяцельніца кляштара кармелітак адмовіла дзяўчыне, спасылаючыся на яе ўзрост. Са сваёй просьбай Тэрэза звярталася нават да папы Льва XIII падчас аўдыенцыі. Мара стала рэчаіснасцю толькі праз год: у 1890 годзе будучая святая склала вечныя шлюбы. І з дня, калі ўпершыню адзела габіт, Тэрэза крочыла “малой дарогай”. Яна адчувала, што Бог адорвае сваёй мудрасцю “малых”, а не светачаў навукі – таму яна яшчэ вядомая як “Малая святая Тэрэза”.
Сёстры з супольнасці часта яе не разумелі і ставіліся да яе скептычна. Духоўныя пакуты Тэрэзы абцяжарваліся пакутамі фізічнымі, якія яна цярпела з-за цяжкай формы сухотаў, на якія захварэла ў кляштары. Гэтыя цярпенні Тэрэза жадала ахвяраваць за грэшнікаў. Яна прадчувала хуткую смерць – і яшчэ з большай моцай працягвала працаваць і пісаць. Свой духоўны вопыт Тэрэза апісвае ў кнізе «Гісторыя адной душы». Святасць яна разумее як бязмежны давер да Бога і стаўленне дзіцяці ў адносінах да Яго міласэрнай любові. Свой «малы шлях» да святасці Тэрэза ад Дзіцятка Езус прайшла праз поўнае прысвячэнне сябе Богу і ахвяры за збаўленне свету. Яна адышла ў вечнасць 30 верасня 1897 г. ва ўзросце 24 гадоў. Папа Пій ХІ у 1923 годзе абвясціў яе благаславёнай, а праз два гады святая Тэрэза была кананізавана. Падчас Сусветнага дня моладзі ў Парыжы ў 1997 годзе Ян Павел ІІ абвясціў святую доктарам Касцёла. У гісторыі святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус стала трэцяй жанчынай, якая атрымала гэты тытул. Святая лічыцца апякункай Расіі, Францыі, законаў кармелітак, тэрэзак і тэрэзіянак, каталіцкіх місій і місіянераў.
За час прабывання рэліквій у Бераставіцы ў кожнага жадаючага была магчымасць пакланіцца святой Тэрэзе, папрасіць аб патрэбных ласках і падзякаваць за атрыманыя. Было праведзена некалькі службаў, начное чуванне, рэлікварый не заставаўся без малітвы ні на хвіліну. Прыйшоўшы да святой Тэрэзы, кожны прасіў у яе падтрымкі на сваім шляху да Бога і да святасці.
Ірына Міклаш, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *