Адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці Бераставіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі – выдавецкія працы

Лента новостей

Выдавецкая дзейнасць Бераставіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі займае значнае месца ў рабоце гэтай установы культуры па краязнаўству, даследаванню “белых плямаў” у гісторыі роднага краю, рэкламе паслуг і новых паступленняў. Сучасны каляровы прынтар і камп’ютарнае абсталяванне дазваляюць сёння бібліятэкарам ажыццяўляць аператыўны выпуск як друкаваных, так і электронных выданняў. Займаюцца гэтай справай супрацоўнікі аддзелаў абслугоўвання і інфармацыі, а таксама бібліятэчнага маркетынгу.

Першыя крокі ў выдавецтве былі зроблены праз выданне друкаваных зборнікаў мясцовых творцаў вершаванага слова Святланы Пракопік, Зюзанны Капіца, Міколы Барэля, Кастуся Станкевіча, Алы Лагады. Запатрабаванні часу і чытацкі попыт стымулявалі бібліятэкараў да ўкаранення і развіцця гэтага напрамку дзейнасці. За апошнія гады назапашана ўжо нямала выдавецкіх прац, якія прадстаўлены ўвазе чытацкай аўдыторыі. Сярод нядаўніх друкаваных выданняў – біябібліяграфічныя паказальнікі “Восіп Кавалеўскі” (аб знакамітым земляку-заснавальніку навуковага манголазнаўства, чыё імя носіць райбібліятэка), а таксама “Павел Кавалеўскі” і “Зінаіда Кавалеўская” з серыі “Знакамітыя нашчадкі В.М.Кавалеўскага”. Работы выстаўлены на прысвечанай славутаму земляку экспазіцыі, якая аформлена ў абанементнай зале райбібліятэкі, якая носіць яго імя. Яны, безумоўна, будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў, тым больш, што біяграфічных звестак пра сына і ўнучку Восіпа Міхайлавіча захавалася вельмі мала. Вядома, што яны былі мастакамі, творы якіх і да сённяшняга часу экспануюцца ў вядомых музеях Расіі. Ды і пра самога Кавалеўскага выдадзена недастаткова літаратуры, якая, да таго ж, не перавыдавалася з 1970-га года. Па гэтай жа прычыне было зроблена і перавыданне зборнікаў вершаў “Грамы на зімоўцы” і “Тры верасні” яшчэ аднаго нашага земляка, паэта Івана Леткі.
Асобнае месца сярод выдавецкіх прац краязнаўчага характару зай­мае “Краязнаўчы каляндар Бераставіччыны”, які рыхтуецца на падставе кнігі “Памяць” Бераставіцкага раёна, “Летапіснай хронікі Бераставіччыны”, тэматычнай папкі “Знакамітыя людзі Бераставіччыны”, фактаграфічнай картатэкі “Славутыя імёны Бераставіччыны”, энцыклапедычных выданняў Беларусі і Гродзеншчыны. Адбор юбілейных дат для календара бібліятэкары робяць у адпаведнасці са значнасцю для гісторыі, эканомікі і культуры роднага краю. Дапаможнік гэты карыстаецца папулярнасцю ў школьнікаў, студэнтаў і настаўнікаў, а таксама ў аматараў краязнаўства.
У серыі “З Бераставіччынай лёсам знітаваныя” падрыхтаваны біябібліяграфічны паказальнік “Сяргей Восіпавіч Прытыцкі”, прымеркаваны да 100-годдзя вядомага на Бераставіччыне рэвалюцыянера і падпольшчыка. Таксама ў даступнай, скарочанай форме чытачам прапаноўваецца невялікі друкаваны экскурс у гісторыю роднага куточка “Бераставіччына, любая мая…”. Істотнай дапамогай мясцовым краязнаўцам служыць бібліяграфічны паказальнік “Новая літаратура аб Бераставіцкім раёне”, які выдаецца штоквартальна. Да значных раённых мерапрыемстваў і святакавання юбілейных дат біблятэкары звычайна рыхтуюць тыя ці іншыя тэматычныя выданні. Так, запатрабаванымі можна назваць брашуры ваеннай тэматыкі, дзе ў зручнай для выстаў і экспазіцый кароткай форме падаюцца звесткі аб баявым мінулым Бераставіччыны. А да сёлетняга адкрытага фестывалю польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі фэст” бібліятэкары аформілі і выдалі брашуру “Сусветная мастацкая літаратура. Сучасныя польскія аўтары”.
Са з’яўленнем у райбібліятэцы медыятэкі ўзнікла і неабходнасць знаёмства чытачоў з інфармацыяй на электронных носьбітах. Так, раз у паўгоддзе рыхтуецца выпуск “Медыятэка”, дзе робіцца агляд найбольш цікавых і карысных электронных паступленняў.
Акрамя краязнаўчай інфар­мацыі, выдавецкая дзейнасць райбібліятэкі мае і рэкламна-прапагандысцкі характар. Супра­цоўнікамі аддзела бібліятэчнага маркетынгу наладжаны выпуск інфармацыйна-рэкламных выданняў, у якіх прад­стаўлены вопыт лепшых бібліятэк раёна па выніках кожнага справаздачнага года. Гэта своеасаблівы летапіс цікавых спраў райбібліятэкі і бібліятэк-філіялаў, візітная картка Бераставіцкай РЦБС усюды, дзе ўзнікае неабходнасць ярка і пераканаўча прадставіць бібліятэчную работу. Бібліятэкары філіялаў у аграгарадках таксама выкарыстоўваюць магчымасці камп’ю­тарнай тэхнікі ў сваёй рабоце. Выдадзеныя тэматычныя паказальнікі, брашуры і буклеты яны пастаянна дэманструюць падчас правядзення розных мерапрыемстваў і на шматлікіх выставах.
У райбібліятэцы вя­дзецца таксама работа па стварэнні мультымедыйных прэзентацый.
На здымках: дырэктар Бераставіцкай РЦБС Таццяна Марці­шэвіч і бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Наталля Багдановіч дэманструюць выдавецкія працы

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *