Осень — яблочная пора

Лента новостей

Парадавала сёлетняя восень гаспадароў як у садах, так і ў агародах: добры ўраджай яблыкаў, буйныя, адзін у адзін клубні бульбы. Так што хопіць і сабе на зіму, і прадаць ёсць што. Яблыкі – якраз такая прадукцыя, рэалізацыя якой не церпіць адкладу, таму вяскоўцы і спяшаюцца без прамаруджвання здаць іх нарыхтоўшчыкам. А ў тых сапраўды гарачая пара: па тэлефоне ідуць і ідуць заяўкі, напярэдадні новага дня складваюцца спіскі гаспадароў, куды затым адправяцца аўтамашыны.
— Штодня ў рэйсы выязджаюць дзве машыны з райспажыўтаварыства і адна, а то і дзве, з перапрацоўчых прадпрыемстваў, — кажа начальнік аддзела нарыхтовак Валянціна Кардаш. – Едзем і па “свежых”, ранішніх заяўках. На сёння нарыхтавана 300 тон яблыкаў.
— Ці ўсе заяўкі насельніцтва своечасова выконваюцца?
Наколькі ведаю, ёсць і нараканні, што мяхі з яблыкамі ляжаць па тры-чатыры дні…
Стараемся забіраць адразу ж, гэта ў нашых інтарэсах і ў інтарэсах перапрацоўчых прадпрыемстваў. Здараюцца накладкі,як, скажам, у Гольнях. Справа ў тым, што нашымі машынамі забіраем ура-джай у мяхах, а потым, на базе, высыпаем яблыкі ў кузавы транспарту з заводаў і тару потым адвозім гаспадарам. Мясцовыя ж жыхары ўбіралі бульбу і мяхі ім тэрмінова былі патрэбны, таму чакалі машын з перапрацоўчых прадпрыемстваў, а іх у той час увогуле не было…
— Колькі яблыкаў нарыхтоўваеце штодня?
— Бывае, што 20 тон, а ў сярэднім — 8-12. Лічбы маглі б быць значна большыя, але, на жаль, такія “яблыневыя” вёскі, як Ярмолічы, Жукевічы і інш, дзе мы нарыхтоўвалі большую частку яблыкаў, сёлета не могуць пахваліцца багатым ураджаем садоў. Заяўкі ідуць па большай частцы з Сінькоў, Канчанаў, Гольняў, Даўбянкоў і інш.
Пахаладае – будзем прымаць яблыкі на закладку на зіму.
— А колькі бульбы нарыхтавана?
— Больш як 130 тон. Цана яе высокая, тысяча рублёў за кілаграм, і людзі ахвотна здаюць лішні ўраджай.
Марыя Драпеза,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *