Маці Божая Будслаўская – 400 гадоў на Беларусі

Лента новостей

Юбілейны фэст, прысвечаны 400-годдзю знаходжання абраза Маці Божай у Будславе, адбыўся 5–6 ліпеня. Сёлетнія ўрачыстасці ў Будславе прайшлі пад дэвізам «Марыя — Маці нашай веры».
У вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці знаходзіцца санктуарый Маці Божай Будслаўскай – месца Яе асаблівай пашаны, бо ў сэрцы касцёла, у яго галоўным алтары змешчаны цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай, якая лічыцца апякункай Беларусі.
Будслаўскі абраз Божай Маці з’яўляецца адным з найбольш шанаваных абразоў каталіцкага Касцёла і славіцца шматлікімі цудамі.
Хроніка святыні сведчыць, што ў 1598 годзе абраз быў падараваны ў Рыме Папам Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Ваявода вельмі шанаваў абраз і заўсёды вазіў з сабою. Пасля смерці Паца (1610 г.) абраз застаўся яго капеляну Ісаку Салакаю. У 1613 г. Салакай, які быў у Будславе ў вялікі чацвер і пятніцу, узрушаны набажэнствам, а таксама просьбай айцоў, ахвяраваў абраз касцёлу.
Змешчаны ў драўляным касцёле, абраз адразу стаў карыстацца пакланеннем простага народа, праславіўся цудамі і ласкамі.
Першы цуд быў зафіксаваны ў 1617 г. – вяртанне зроку 5-гадоваму хлопчыку Язафату Тышкевічу, які пазней стаў вядомым ксяндзом – кармэлітам. Больш за 40 цудоўных аздараўленняў з дапамогай абраза Маці Божай Будслаўскай апісаў прыёр Э.Зеляевіч у сваёй кнізе «Задыяк на зямлі» ужо ў 1650 годзе.
У наш час Маці Божая Буд­слаўская стала агульнабеларускай святыняй, сведчаннем чаго з’явілася каранацыя абраза 2 ліпеня 1998 г. кардыналам Казімірам Свёнтакам. З 1992 года адроджана традыцыя пілігрымак у Будслаў.
За сваю доўгую гісторыю будслаўскі храм разам з вернікамі перажыў шмат ліхіх гадоў, але выстаяў, захаваў Боскую веліч і годнасць. І ў гэтым, хіба, найвялікшы цуд Маці Божай Будслаўскай.
У час апошняй вайны тройчы тут праходзіў фронт, але ніводная бомба не ўпала на мястэчка. Людзі ўсяго наваколля — каталікі, праваслаўныя, іудзеі — знаходзілі ў Будславе прытулак. Не ўдаліся таксама і спробы сталіністаў узарваць святыню. А замах мясцовага сельсаветчыка на цудоўны абраз Маці Божай закончыўся для бязбожніка вар’яцтвам і хуткай гвалтоўнай смерцю.
Духоўная падрыхтоўка да 400-гадовага юбілею цудадзейнага абраза распачалася тры гады таму. Папярэдничала гэтаму і перэгрынацыя (падарожжа) копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай па ўсіх дыяцэзіях Беларусі, дарэчы, у лютым гэтага года наведвала Маці Божая Будслаўская і Бераставіччыну.
5 ліпеня перад начной літургіяй прадстаўнікі чатырох дыяцэзій унеслі копію абраза Маці Божай Будслаўскай, якая здзяйсняла перэгрынацыю, а затым адбылася працэсія з ёй вакол будслаўскага парка. Таксама падчас урачыстасці ў Будслаў прыбылі рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуc.
Святы Айцец Францішак накі­раваў на будслаўскія ўрачыстасці свайго спецыяльнага легата — старшыню Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынала Жана-Луі Тарана. 6 ліпеня кардынал Жан-Луі Таран узначаліў галоўную святую Імшу ў Будславе, Пасля Імшы адбылося гашэнне маркі, выдадзенай з нагоды будслаўскага юбілею. У цырымоніі прынялі ўдзел кардынал Жан-Луі Таран, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура. У прысутнасці папскага легата ў Будславе быў асвечаны крыж і памятны знак.
Кожны год на ўрачыстасці ў Будславе збіраюцца каля 30 тысяч чалавек, а сёлета іх прыбыло больш за 40 тысяч, прычым, каля 4 тысяч — удзельнікі пешых пілігрымак.
На ўрачыстасці прыехалі свя­та­ры і вернікі з-за мяжы, у тым ліку з Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Францыі, Чэхіі, Германіі і Італіі. Прынялі ўдзел ва ўрачыстасці і прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Грэка-Каталіцкай Царквы і іншых рэлігійных супольнасцяў.
Накіравалася на свята і дэлегацыя вернікаў з Бераставіччыны, каб разам са шматлікімі вернікамі
наблізіцца да святой заступніцы Беларусі і атрымаць ад Маці Божай духоўную падтрымку.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *