Уладзімір Янкойць: галоўнае – не пакінуць людзей раўнадушнымі

Лента новостей

Эйсмантаўскі сельскі аддзел ГА “Саюз палякаў на Беларусі” існуе з 2001 года. За гэты час было праведзена нямала цікавых і змястоўных мерапрыемстваў. Гэта сходы, калядныя сустрэчы, конкурсы чытальнікаў польскай паэзіі і шэраг іншых. Мы планавалі і праводзілі ўсе гэтыя мерапрыемствы дзякуючы маральнай і матэрыяльнай падтрымцы мясцовага кіраўніцтва. Заўсёды дапамагалі і дапамагаюць нам у нашых пачынаннях старшыня СВК імя Варанецкага Іосіф Іосіфавіч Колас і яго намеснік Аліна Аляксандраўна Янушка.
Працуем з моладдзю і дзецьмі, стараемся навучыць іх беражлівым адносінам да традыцый, прывіць павагу да старэйшага пакалення. На прыкладах з жыцця канкрэтных сем’яў паказваем, як важна суіснаваць у міры і згодзе, шанаваць сваіх бацькоў, любіць сваю малую радзіму.
Дзякуючы мэтанакіраванай сумеснай рабоце мы правялі ў мінулым годзе першы фестываль польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі Фэст”. На тэрыторыі Эйсмантаўскага сельсавета пражывае звыш 1330 жыхароў, 80% з іх – палякі. І гэты фестываль, лічу, патрэбны людзям. Падчас падрыхтоўкі да яго ніхто не застаўся абыякавым, усе прапаноўвалі сваю дапамогу. А ў дзень правядзення свята гэта пацвердзілі светлыя і радасныя ўсмешкі на тварах мясцовых жыхароў. На фэсце яны адпачывалі душой, было прыемна чуць вакол польскую мову і меладычныя польскія песні. Прааналізаваўшы вынікі фестывалю-2012, мы ўнеслі некаторыя новыя формы ў яго работу. Спадзяюся, што для гасцей і ўдзельнікаў яны стануць прыемным сюрпрызам.
Заўсёды цікава праходзіць у нас Дзень маці і Дзень пажылых людзей. За “салодкім сталом” людзі дзеляцца сваімі ўражаннямі, распавядаюць пра сваё жыццё. На чарговай такой сустрэчы мы ўшаноўвалі юбіляраў, якія святкавалі залатое вяселле, жадалі ім дабра, згоды і здароўя. Гэта сем’і Людвікі і Эдмунда Кулікоўскіх, Цаліны і Станіслава Седзянеўскіх, Рэгіны і Івана Лукашыкаў. Такім сустрэчам пажылыя людзі вельмі рады.
У Савет аддзела ўваходзяць ініцыятыўныя і нераўнадушныя людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Гэта Сафія Красоўская, Ганна Стацкевіч, Антаніна Талочка, Сафія Кулікоўская. У сваёй рабоце мы прапагандуем станоўчы вопыт сем’яў па выхаванні дзяцей – такіх, да прыкладу, як сем’і Ніны і Міхаіла Стралкоўскіх, Аліны і Уладзіміра Янушка, Сафіі і Казіміра Красоўскіх, Людмілы і Казмежа Эйсмантаў і многіх іншых.
На VIII з’ездзе ГА “Саюз палякаў на Беларусі”, які праходзіў у красавіку ў Мінску, работа нашага аддзела была адзначана са станоўчага боку.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *