Нарыхтоўка кармоў у СВК “Макараўцы”

Лента новостей

У мінулую сераду, калі я прыехала ў СВК “Макараўцы”, надвор’е спрыяла нарыхтоўцы кармоў. Дажджы спыніліся, сонейка падсушыла роўную сенажаць. “Зялёны канвеер” у гаспадарцы працаваў так, што люба глянуць.
Галоўны аграном Алег Маку­лік пазнаёміў мяне з планамі корма­нарыхтоўкі. А нарыхтаваць кармоў трэба нямала – каля 1240 тон сена, 15 тысяч тон сенажу. Скасіць першым укосам неабходна 2027 гектараў. Сенажу, дарэчы, запланавалі ў гэтым годзе мець больш на 2 тысячы тон, чым у мінулым. На 260 гектарах у гаспадарцы расце люцэрна, каля 300 гектараў займае канюшына і прыкладна 1500 гектараў злакавыя травы. Іх падкармілі мінеральнымі ўгнаеннямі. Ды і глеба для траў прыдатная — тарфянікі, таму сенажаць апраўдала чаканні.
Першы ўкос тут плануюць правесці за 3 – 4 тыдні. Спачатку косяць ранняспелую яжу зборную. У дзень працуюць 3 касілкі і 3 валкастваральнікі – “граблі”, як называюць іх аграрыі. У механізатара Міхаіла Шмароўскага (на здымку) яны адмысловыя, такія не ўсюды ёсць. Гэта імпартныя граблі маркі “Міленіум”, чатыры гады ўжо працуюць. Норма ў яго на дзень – 60 гектараў. За 10 гадзін колькі пракосаў зграбае ён у валкі! Механізатараў кормяць на сенажаці.
Аграном па кармах Іван Карпей карыстаецца вільгацямерам, сочыць за якасцю. Майстэрства патрэбна і механізатару Віктару Аўдзею, які працуе на кормаўборачным камбайне “Нью – Холанд”, і вадзіцелю Алегу Дабрэнку, які адвозіць на машыне “МАЗ” зялёную масу. Усе стараюцца на сенажаці, выкарыстоўваюць сонечныя дзянькі.
Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *