Набіраецца вопыту на Бераставіцкай птушкафабрыцы

Лента новостей Общество

Андрэй Малышка – эканаміст па аплаце працы ААТ “Бера­ставіцкая птушкафабрыка”. Мінулым летам у шэрагу іншых маладых спецыялістаў прыбыў у Бераставіцу на сваё першае працоўнае месца. Працу на птушкафабрыцы знайшоў сам яшчэ да заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта: не хацеў ехаць далёка ад дому па размеркаванні. І не шкадуе.

Калектывам Андрэй задаволены, прынялі яго добра, аказалі неабходную падтрымку. Вядома, на пачатку было складана, практычнага вопыту не хапала, але парады галоўнага эканаміста Марыны Дземідовіч і іншых калег дапамаглі маладому спецыялісту адчуваць сябе больш упэўнена. А гэта вельмі важна, лічыць Андрэй, бо часцей менавіта ад калектыву залежыць, ці замацуецца ў ім малады спецыяліст, ці будзе шукаць іншае месца працы. Адміністрацыя птушкафабрыкі пакла­па­цілася аб тым, каб у маладога эканаміста было жыллё, яму выдзелілі пакой у інтэрнаце Бераставіцкага ліцэя, атрымоўвае і даплаты як малады спецыяліст.
У абавязкі Андрэя Пятровіча ўваходзяць разлікі заработнай платы работнікаў, ён вядзе кантроль за пуцявымі лістамі, расходам паліва. Цяпер гэта для яго ўжо не складана, з лічбамі ён сябруе, цяга да матэматыкі ўзнікла даўно і нарадзілася, як ні дзіўна, са спорту. Справа ў тым, што Андрэй з дзяцінства захапляўся спортам, асабліва футболам, сачыў за ўсімі турнірнымі табліцамі і вёў дакладны падлік ачкоў любімых каманд.
Да 15 гадоў ён актыўна зай­маўся футболам і хацеў нават прафесіянальна звязаць з ім жыццё, але па стану здароўя вымушаны быў ад гэтага адмовіцца. Таму давялося выбраць сваё іншае захапленне і стаць эканамістам. Тым не менш, працягваў гуляць і за школьную, і за ўніверсітэцкую футбольную каманду. Ды нават і цяпер, калі на выхадныя едзе ў Гродна да бацькоў, часта завітвае на футбольнае поле.
У будучым Андрэй хацеў бы быць бліжэй да спартыўнай галі­ны і спадзяецца, што мог бы і ў ёй знайсці прымяненне сваім эканамічным навыкам. А пакуль што ён набіраецца вопыту на птушкафабрыцы, стараецца добрасумленна выконваць свае абавязкі і павышаць самаадукацыю.

Ірына Міклаш, фота  аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *