“Радаўніца – жыццю і вясне радавацца”

Лента новостей

Радаўніца – бацькоўскі дзень, дзень асаблівага памінання памерлых. Гэта сімвалічнае святкаванне Вялікадня з тымі, хто ўжо пакінуў наш свет. Характэрна, што традыцыя ўспамінаць нябожчыкаў была і да нараджэння Хрыстова. І толькі пасля нараджэння Хрыстова з’явілася традыцыя святкаваць памінальны дзень менавіта на дзявяты дзень пасля Вялікадня.

Памінанне продкаў у пэўныя дні народнага календара – характэрная з’ява традыцый культуры беларусаў. Вясной, калі пачынаецца чарговы сельскагаспадарчы год, жывыя прасілі ў нябожчыкаў здароўя, дапамогі і садзейнічання ў атрыманні багатага ўраджаю. На Бераставіччыне ў гэты перыяд прынята памінаць памерлых. На большай частцы тэрыторыі раёна наведваюць могілкі і памінаюць продкаў у нядзелю і панядзелак Фамінога тыдня (Правадную ня­дзелю і Правадны панядзелак пасля Вялікадня).
Агульным для нашага рэгіёна з’яўляўся звычай старанна прыбіраць магілы напярэдадні памінання, упрыгожваць крыжы новымі ручнікамі, карункамі, вянкамі, кветкамі: “У Правадную нядзелю ішлі на могліцы. Туды прыязджаў свяшчэннік памаліцца за ўпакой памерлых. Потым кожны падводзіў бацюшку да магілкі сваіх нябожчыкаў, і ён яе асвячаў. На могліцы неслі толькі булку і яйкі”. (Марыя Бялюці, 1924 г.н., в.Кулі)
Ушанаванне памерлых працягвалася сямейнай памінальнай вячэрай: “Трэба, каб на стале было дванаццаць гаршкоў з дванацаццю стравамі. Пяклі булкі, ставілі капусту, квас з грыбамі, мяса, яешню, кашу з круп ячменных, крупнік, аладкі, гарох, тварог. Гатавалі ўсё гэта для сям’і, маючы на ўвазе і нябожчыкаў. (Соф’я Анісімовіч, 1927 г.н., в.Шаляпкі).

Марыя Юшкевіч,
метадыст па этнаграфіі і фальклору РМЦ НТ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *