Піянерская гульня “Усё на свеце цікава” прайшла на Бераставіччыне

Общественные объединения

Фінал раённай піянерскай пазнавальнай гульні “Усё на свеце цікава” адбыўся 19 красавіка на базе гімназіі аг.Пагранічны.
Гульня накіравана на прыцягненне цікавасці вучняў 5 – 8 класаў да піянерскай арганізацыі, да яе мінулага і сучаснасці, а таксама дапамагае рэалізаваць на практыцы піянерскую праграму дзейнасці “Гульня – справа сур’ёзная”.
Папярэднічаў фіналу завочны тур гульні, які праходзіў з кастрычніка па красавік у піянерскіх дружынах раёна. Ён уключаў у сябе тры туры гульні, падчас якіх піянерскія атрады рассказвалі пра сябе, пра свае цікавыя справы, удзельнічалі ў віктарыне па аповесці А.Гайдара “Цімур і яго каманда” і прадстаўлялі свае “Справы Добрых Сяброў”. Чакала ўдзельнікаў гульні і завочнае падарожжа па Беларусі, і даследаванне “Адкуль пайшлі назвы нашых вёсак”, і віктарына “На віражах піянерскай гісторыі”, і іншыя не менш цікавыя заданні.
Перад пачаткам фінальнай гульні старшыня раённага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Таццяна Таберка падвяла вынікі завочнага тура і ўзнагародзіла піянерскія атрады, якімі дабіліся ў ім найбольшых поспехаў. Грамату за перамогу атрымаў атрад “Дружныя рабяты” Макараўскага ясляў-сада-СШ, другое месца занялі “Шукальнікі” Кватарскага ясляў-сада-БШ, трэцім стаў піянерскі атрад “Полымя” гімназіі аг.Пагранічны.
Восем лепшых піянерскіх атрадаў раёна сустрэліся ў фінале гульні, каб непасрэдна перад журы паказаць свае арганізатарскія здольнасці і лідарскія якасці, падзяліцца планамі і задумкамі, а таксама здзівіць усіх знаходлівасцю і эрудыцыяй.
Першы конкурс фінальнай гульні называўся “Дазвольце прадставіцца”. Падчас яго каманды ў творчай форме прадстаўлялі візітку-прывітанне і расказвалі пра свае піянерскія справы. Наступнае выпрабаванне, якое чакала ўдзельнікаў фіналу, — конкурс “Па старонкам піянерскай гісторыі”. У ім  атрады ў пісьмовай форме адказвалі на пытанні па гісторыі піянерскай арганізацыі і Статуту БРПА.
У час конкурсу “На гульнявой хвалі” фіналістам неабходна было арганізаваць гульню з залам, зацікавіць ёй равеснікаў, стварыць адпаведны эмацыянальны настрой. Гэты конкурс нікога не пакінуў абыякавым, забаўляльнай праграмай былі ахоплены ўсе ўдзельнікі мерапрыемства.
Не менш цікавым атрымаўся і наступны конкурс — “Рэклама”, падчас якога прадстаўнікі каманд рэкламавалі прадметы, не ведаючы, што знаходзіцца ў руках у вядучых.
Завяршылася фінальная гульня экспромтам – творчым конкурсам — за кароткі час яе ўдзельнікам трэба было напісаць невялікае апавяданне на зададзеную тэму.
Па выніках усіх конкурсаў перамогу ў фінале раённай піянерскай пазнавальнай гульні “Усё на свеце цікава” атрымаў піянерскі атрад “Падарожнікі” Паплаўскага ясляў-сада-БШ. Другое месца заняў атрад “Дружныя рабяты” Макараўскага ясляў-сада-СШ, трэцяе – піянерскі атрад “Полымя” гімназіі аг.Пагранічны.
Пераможцы і прызёры фінальнай гульні ўзнагароджаны граматамі і памятнымі падарункамі аддзела адукацыі райвыканкама.

Пераможца гульні - піянерскі атрад "Падарожнікі" Паплаўскага ясляў-сада-базавай школы

Ірына Міклаш, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *