Супрацоўнікі музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы вядуць збор экспанатаў

Лента новостей

Супрацоўнікі раённага музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы ў чаканні адкрыцця ўстановы для шырокага наведвання не сядзяць без справы. Актыўна ідзе падрыхтока будучых экспазіцый, ажыццяўляюцца пошук і збор гістарычна каштоўных дакументаў і рэчаў. З гэтай мэтай тут часта наладжваюцца навуковыя камандзіроўкі ў Гродна і Мінск. Напрыклад, з апошніх такіх паездак, навуковы супрацоўнік музея Яўген Волкаў прывёз асабістыя рэчы нашага земляка з вёскі Плюскалаўцы, прафесара, доктара філасофскіх навук Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Міхаіла Іванавіча Бароўскага. Працоўную кніжку, дыпломы кандыдата доктарскіх навук і доктара навук, шыльду загадчыка кафедры філасофіі Акадэміі навук, пёравыя ручкі, шэраг манаграфій і навуковых прац перадала музею ўдава Міхаіла Іванавіча падчас асабістай сустрэчы.
З Акадэміі навук, дарэчы, перададзены некалькі прадметаў перыяду IV–ІІІ тысячагоддзяў да н.э., знойдзеных навуковай экспедыцыяй у нашым раёне яшчэ ў 2010 годзе. Гэта пласціны, скрабкі, прылады працы з крэмнію, абломак каменнай сякеры і інш.
Увянчалася поспехам ідэя музейных работнікаў атрымаць аўтографы аўтараў тых кніжак, дзе ёсць упамінанне пра Вялікую Бераставіцу, Бераставіцкі раён ці… пра вавёрку. Справа ў тым, што ў раённым музеі пэўнае месца будзе адведзена Вавёрцы і ўсяму, што звязана з гэтым звярком, сімвалічным для нашай мясцовасці. А таму аўтографы вядомага беларускага дзіцячага пісьменніка Мікалая Чарняўскага на яго кніжках, дзе вядзецца размова пра вавёрку, будуць у музеі якраз да месца. Пісьменнік перадаў і рукапісы некалькіх сваіх вершаў, што таксама ўяўляе пэўную гістарычную каштоўнасць.
Па словах Яўгена Волкава, вельмі змястоўнай і карыснай аказалася яго сустрэча з другім вядомым дзіцячым пісьменнікам, рэдактарам часопіса “Вясёлка” і цікавым суразмоўнікам Ула­дзімірам Ліпскім. Уладзімір Сцяпанавіч неаднаразова бываў на бераставіцкай зямлі, памятае пра наша прыгожае мястэчка і яго гістарычныя адметнасці і выдаў дзве кніжкі, дзе ўзгадваецца Вялікая Бераставіца. Гэта “Свіцязянская русалка” і “Вясёлка над Нёманам”. Ліпскі пакінуў на памяць для музея аўтографы на гэтых зборніках апавяданняў, а таксама парэкамендаваў самым маленькім бераставіцкім чытачам і іх бацькам свой новы творчы проект – першы ча­со­піс-маляванку на беларускай мове “Буся”, прызначаны для дашкалят.
Шэраг прадметаў з выявай вавёркі супрацоўнікі музея ўжо набылі праз інтэрнет-магазіны. Напрыклад, розныя сувеніры, паштоўкі, маркі, статуэткі і г.д.
Паважаныя чытачы! Калі ў вас ёсць рэчы з выявай вавёркі ці, увогуле, прадметы ці дакументы, звязаныя з гісторыяй і этнаграфіяй Бераставіччыны, калі ласка, прыносьце іх у музей. Там яны зоймуць дастойнае месца і будуць цікавыя шырокаму колу наведвальнікаў. Звяртайцеся па тэл.2-27-28

Святлана Ганчарова



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *