Бераставіцкія школьнікі атрымалі пашпарты ў Дзень Канстытуцыі

Лента новостей Общество

Усебеларуская патрыятычная акцыя “Мы — грамадзяне Беларусі!” праводзілася да Дня Канстытуцыі Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі ва ўсіх рэгіёнах краіны з 11 па 15 сакавіка. Сотні юнакоў і дзяўчат далучыліся да акцыі і атрымалі ва ўрачыстай абстаноўцы свой галоўны дакумент – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
15 сакавіка і ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды Дня Канстытуцыі. Асабліва хвалюючым яно было для тых маладых людзей, якім напярэдадні споўнілася 14 гадоў і якія рыхтаваліся атрымаць пашпарты. Бо вельмі сімвалічна атрымаць свой галоўны дакумент у Дзень Канстытуцыі, якая з’яўляецца заканадаўчай асновай грамадства.
Уручыла пашпарты школьнікам старшы інспектар групы па грамадзянству і міграцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Людміла Добка. Яна расказала аб важнасці гэтага дакумента і аб гарантыях, які ён дае свайму ўладальніку.
Са словамі віншаванняў да юнакоў і дзяўчат, якія атрымалі пашпарты, звярнулся і першы сакратар раённага камітэта БРСМ Ірына Крывапляс. Ірына Аляксандраўна таксама падарыла маладым людзям тэксты Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, каб яны маглі вывучаць і ведаць Асноўны Закон сваёй дзяржавы, і падкрэсліла, што атрымаўшы пашпарт, маладыя людзі сталі сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны і нясуць адказнасць ужо не толькі за сябе, але і за будучыню Беларусі.
Памятныя падарункі юныя грамадзяне атрымалі і ад старшыні раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Мікалая Лазко, які таксама адзначыў важнасць гэтай падзеі ў іх жыцці і звярнуў увагу маладых людзей на тое, што быць грамадзянінам сваёй краіны – гэта не толькі вялікі гонар, але і вялікая адказнасць.
Юнакі і дзяўчаты далі клятву юных грамадзян, у якой паабяцалі быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны і прыкладаць усе намаганні для таго, каб наша дзяржава развівалася і ўмацоўвалася.
Цудоўным падарункам для ўсіх удзельнікаў мерапрыемства стаў святочны канцэрт, падрыхтаваны сіламі вучняў Вялікабераставіцкай СШ.
Ірына Міклаш, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *