Восень сустрэлі гала-канцэртам

Лента новостей

З пачатку года, а дакладней, з сярэдзіны лютага, у нашай краіне праходзіць грамадска-культурная акцыя “Беларусь—гэта мы!”. Яе ініцыятары—дзеячы культуры і мастацтва, грамадскія арганізацыі. І на самых буйных сцэнічных пляцоўках, у лепшых канцэртных залах Беларусі, і ў малых гарадах, аграгарадках артысты дэманстравалі ўсё самае лепшае, што сёння ёсць у нацыянальнай культуры. Акрамя гэтага, акцыя прызвана паказаць, што Беларусь—гэта ўсе мы, хто жыве і працуе на карысць нашай радзімы, хто дзень за днём прыкладае намаганні дзеля таго, каб дзяржава і надалей квітнела і была вядомай у свеце.
У нашым раёне сярод мерапрыемстваў у рамках гэтай акцыі былі запланаваны творчыя сустрэчы калектываў устаноў культуры і клубаў з жыхарамі і гасцямі гарпасёлка на адкрытай пляцоўцы летняга амфітэатра. Як і ў мінулым летнім сезоне, сёлета таксама кожную нядзелю сваёй творчасцю і пазітыўным настроем дзяліліся з гледачамі ўдзельнікі народных і ўзорных калектываў раёна, работнікі раённага Дома культуры, цэнтральных і сельскіх Дамоў культуры, клубаў і школ мастацтваў, а таксама таленавітыя самадзейныя артысты. Сваіх прыхільнікаў парадавалі народная жаночая вакальная група “Канцона” РДК, узорныя дзіцячыя хоры “Кампанэлі” і “Манжэрок”, узорны дзіцячы духавы аркестр “Тutti” Бераставіцкай ДШМ, народны ансамбль польскай песні “Стокроткі” Макараўскага Дома нацыянальных культур, народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” РДК. Ярчэй загучалі некаторыя імёны асобных выканаўцаў, як прафесійных, так і самадзейных.
Найбольш адметныя, запамінальныя гледачам сваімі выдатнымі галасамі артысты, прынялі ўдзел у заключным гала-канцэрце эстрадных выканаўцаў клубных устаноў раёна, які адбыўся ў мінулую нядзелю. Такім чынам быў падведзены вынік праведзенай летам работы. Артысты натхнёна, цёпла, шчыра “развіталіся” з гледачамі да новага летняга творчага сезона. Нягле-дзячы на халаднаваты пахмурны восеньскі вечар, усіх сагравалі звонкія апладысменты і душэўныя песні ў выкананні работнікаў устаноў культуры Уладзіміра Макара (Алекшыцкі ЦДК), Алега Зайцава (Канюхоўскі СДК), Аляксандра Бутрылы (Старадварэцкі ЦДК), Сяргея Казака (Пархімаўскі ДКіВЧ), Ларысы Савель (РДК), Маргарыты Каспшак (Эйсмантаўскі ЦДК), Юліі Раманенкавай (Пагранічны ЦДК), Алены Пастушок і Наталлі Кулініч (РМЦ НТ), самадзейных артыстаў Старадварэцкага ЦДК Наталлі Пучок, Вольгі Ясюкевіч, Аляксандра Пашко, Надзеі Шаўчэні, Віктара Уласава і Антона Бажко з Макараўцаў. Сапраўдным музычным падарункам для бераставічан стала выступленне нашага земляка Аляксандра Лапскага. Вялі канцэртную праграму рэжысёр РМЦ НТ Ангеліна Гуліна і акампаніятар Пагранічнага ЦДК Іна Янкоўская.
Святлана Ганчарова, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *