Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе

Лента новостей

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры прайшоў у Вялікабераставіцкай сярэдняй школе з 18 па 22 лютага.
Настаўнікі спланавалі і правялі разнастайныя цікавыя мерапрыемствы для розных узроставых груп школьнікаў. Напрыклад, пяцікласнікі пад кіраўніцтвам А.А.Талочка ўдзельнічалі ў гульні “Скарбы роднага краю”. Прысвечана гэтае мерапрыемства было народнай творчасці – кнізе, нікім да канца не прачытанай. Асабліва спадабаліся вучням такія заданні, як разгадванне загадак, тлумачэнне прыказак, адгадванне назвы казкі па невялічкіх інсцэніроўках, якія паказвалі самі вучні.
У паралелі шостых класаў на лінгвістычным конкурсе па роднай мове “Разумнейшыя з разумнейшых” вучні правяралі свае веды ў розных раздзелах арфаграфіі, фанетыкі, лексікі. Спаборнічалі каманды хлопчыкаў і дзяўчынак. У выніку напружанай барацьбы разумнейшымі аказаліся дзяўчынкі, нягледзячы на тое, што конкурс праходзіў напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны.
Захапляюча прайшла інтэлектуальна-пазнавальная гульня “Слабое звяно” сярод вучняў 8-9 класаў. Настаўніца Ю.І.Леванчук прапанавала ўдзельнікам мерапрыемства пытанні з розных вучэбных дысцыплін, сярод якіх былі і простыя, і больш складаныя. Пасля кожнага раўнда выбывала “Слабое звяно”. Самыя эрудзіраваныя вучні змаглі праявіць свае інтэлектуальныя здольнасці, кемлівасць, паказаць культуру маўлення. Пераможцамі гульні сталі Дар’я Кіган і Андрэй Цярэшчанка.
21 лютага адзначаўся Дзень роднай мовы. У гэты дзень урокі пачаліся незвычайна – з пяціхвілінкі, прысвечанай роднай мове. На працягу тыдня настаўнікі ў кожным класе правялі інфармацыйныя гадзіны “Я – беларус! Я ганаруся, што маю гэта імя..”
Вучні старэйшых класаў пад кіраўніцтвам Т.М.Наумовіч правяралі глыбіню сваіх ведаў у лінгвістычным спаборніцтве “Свая гульня”.
Завяршыў Тыдзень роднага слова конкурс чытальнікаў вершаў беларускіх аўтараў на тэму “Беларусь мая сінявокая”. Найлепшыя здольнасці дэкламатарскага мастацтва паказалі Арцём Грамыка, Вольга Васіленка, Аляксандр Баярчук.
Удзяляючы ўвагу роднаму слову, вучні развівалі свае пазнавальныя інтарэсы, станавіліся бліжэй да культуры і гісторыі свайго народа.
Ірына Цюшкевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вялікабераставіцкай СШ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *