Лепшыя работы бераставіцкіх школьнікаў накіраваны для ўдзелу ў абласным этапе “Каляднай зоркі”

Лента новостей

Падведзены вынікі раённага этапу рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”, які праводзіўся з мэтай выяўлення і падтрымкі юных талентаў і развіцця нацыянальных беларускіх традыцый. Як расказала метадыст Бераставіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Таберка, ён прысвячаўся навагодняй і каляднай тэматыцы, удзельнічалі ў ім індывідуальныя і калектыўныя работы навучэнцаў 10 школ раёна і ЦТДіМ, выкананыя ў разнастайных тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
У намінацыі “Тэкстыль”, якая ўключала ў сябе вышыўку, габелены, ткацтва, пано, лялькі і іншае, лепшымі журы прызнала работы “Прывітанне ад Санта Клауса” Наталлі Шляхтун, “Анёлы пяюць на нябёсах” Анастасіі Данільчык, “Зімовая ноч” Лізаветы Буйко (усе трое з Масалянскага ясляў-сада – базавай школы) і “Сняжынка” Паліны Карпуць з гімназіі аг.Пагранічны.
Лепшымі выцінанкамі ў адпаведнай намінацыі сталі “Зорка на Ражство” Марыі Гурскай (Паплаўскі яслі – сад – базавая школа), “Прывітанне Ражству” – калектыўная работа “Арт-студыі” (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі) і “Калядкі” Дар’і Крыцкай з Паплаўскага ясляў-сада – базавай школы.
У намінацыі “Аб’ёмная кампазіцыя” (кампазіцыі ў выглядзе навагодняй ёлкі) адзначаны “Крэатыўная ёлка” Анжалікі Жэнгелевіч і Таццяны Гуцко з Малабераставіцкай СШ і “Навагодняя прыгажуня” Наталлі Навасад з Пархімаўскай БШ.
Лепшай “Сюжэтнай кампазіцыяй” стаў “Калядны кошык” Анастасіі Сілковай і Яны Пучок са Старадварэцкага ясляў-сада- базавай школы.
Цяпер лепшыя работы бераставіцкіх школьнікаў накіраваны для ўдзелу ў абласным этапе “Каляднай зоркі”.

Ірына Міклаш



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *