Спектр паслуг пашыраецца

Лента новостей

Бытавому абслугоўванню насельніцтва ў нашай краіне надаецца неаслабная і ўсё большая ўвага. Кожнаму жыхару нават самай малой і аддаленай вёсачкі павінна быць даступна тая ж бытавая паслуга, што і гараджаніну. Усё, што прадугледжана сацыяльнымі стандартамі (адзіннацаць паслуг) у нашым раёне выконваецца. Акрамя таго, штогод з’яўляюцца ўсё новыя паслугі насельніцтву, і калі час паказвае, што попыт на іх ёсць, аб’ём такіх паслуг пашыраецца.
—А ўсяго бераставічане могуць разлічваць сёння на дваццаць самых розных відаў паслуг,—кажа ў гутарцы са мной дырэктар раённага унітарнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва раёна Іван Іосіфавіч Касьянік.
—Пад словам “бераставічане” маеце на ўвазе і вясковых жыхароў?
—Вядома. Яны сёння жывуць у добраўпарадкаваных аграгарадках. І комплексна-прыёмныя пункты ўсюды змяніліся звонку і ўсярэдзіне. У Старым Дворцы зроблены поўны капітальны рамонт, тут будынак КПП сёння самы лепшы ў раёне. Новы, зручны комплексна-прыёмны пункт у Макараўцах. У больш прасторным памяшканні размясціўся КПП вёскі Пархімаўцы, ёсць ужо месца і для работы цырульніка. А ўсяго ў раёне дзевяць комплексна-прыёмных пунктаў. І восем з іх належным чынам—з улікам неабходнасці—адрамантаваны, прыведзены ў парадак. Сёлета многае неабходна зрабіць па абнаўленні КПП у Кватарах.
Ну а бытавымі паслугамі жыхары аграгарадкоў могуць карыстацца тымі ж, што і жыхары райцэнтра. Напрыклад, можна зрабіць нават заяўку на пракат тэлевізара ці халадзільніка або турыстычнай палаткі. Не ра-дзей, чым раз у месяц, у кожны комплексна-прыёмны пункт прыязджае цырульнік, а, скажам, у Пагранічным ён працуе штодня, тры дні на тыдзень такая паслуга аказваецца ў Малой Бераставіцы…
—Дзе на вёсцы самы вялікі аб’ём бытавых паслуг?
—У комплексна-прыёмным пункце аграгарадка Пагранічны. За сем месяцаў гэтага года выручка ад рэалізацыі прадукцыі і паслуг склала тут звыш 56 мільёнаў рублёў.
Хачу адзначыць і работу КПП аграгарадкоў Канюхі, Масаляны, Алекшыцы. У першым бытавых паслуг на аднаго жыхара за студзень-ліпень аказана на 22,6 тысячы рублёў, толькі крыху ніжэйшыя лічбы ў двух другіх. А ў цэлым па унітарным камунальным прадпрыемстве гэты паказчык раўняўся 13,8 тысячам рублёў, а гэта на 26,3% больш узроўню мінулага года.
—Прыемна?
—Вядома. Гэта значыць, паслугі больш запатрабаваны, мы лепш прапаноўваем іх, лепш працуем з людзьмі ў глыбінцы.
—І як будуецца гэтая работа?
—Штодня ў раён выяз-джаюць дзве аўтамашыны з гатовымі заказамі ад насельніцтва, са швейнымі вырабамі, якія рэалізуем. Загадчык кожнага комплексна-прыёмнага пункта акрамя таго, што працуе з людзьмі на месцы, у аграгарадку, вывучае попыт, прапаноўвае тавары і паслугі, абавязкова выязджае з вадзіцелем машыны “Бытавыя паслугі” і ў аддаленыя вёскі. Даўно мінулі тыя часы, калі ён, загадчык, чакаў наведвальнікаў у КПП, сёння гэта работнік “мабільны”, сам ідзе і едзе да людзей. Пад асаблівай увагай пажылыя, нямоглыя: такім тавар ці заказ прынясе ў хату.
—Іван Іосіфавіч, неяк патэлефанавала ў рэдакцыю жыхарка Вялікай Бераставіцы і сказала, як задаволена яна работай пашывачнага цэха Дома быту. Тут і мадэль касцюма падказалі, і пашылі яго так, што ніякі “рыначны” не дакажа. Але, наколькі ведаю, індывідуальных заказаў выконваецца нямнога?
—У цэху працуе дванаццаць швачак. Яны выконваюць вялікі аб’ём работы. Скажу так: ад усіх аказваемых нашым прадпрыемствам паслуг 60% прыпадае на долю цэха. Асноўнае тут—маспашыў, шыецца вопратка для прадпрыемстваў і СВК раёна, выконваем нават заказы прадпрыемстваў горада Гродна. Шыем бялізну, вопратку, у тым ліку верхнюю, для жыхароў раёна—як на заказ, так і проста для рэалізацыі. Многа заказаў выконваецца па рамонту адзення. А вось індывідуальны пашыў… Прыемна, што работу закройшчыцы Валянціны Чарновай людзі па-ранейшаму цэняць, яна сапраўдны майстар свёй справы, прафесіянал, зробіць выкрайку з любога моднага часопіса. Перадае свой вопыт іншым—закройнай справе ў яе вучылася Святлана Давыдзік і сёння можа пры неабходнасці падмяніць сваю настаўніцу. Залатыя рукі ў вопытнай швачкі Г.І.Жыдок, добра ведае сваю справу Вольга Сарокіна… Аднак, мушу сказаць, індывідуальных заказаў даводзіцца выконваць нямнога—у каго сёння дома ёсць тканіна? І ў магазіне яе не купіш…
Калектыў цэха папаўняецца моладдзю—гэта выпускнікі нашага ліцэя, Гродзенскага кале-джа бытавога абслугоўвання насельніцтва. Вось і нядаўна на практыцы была Насця Бухта з Малой Бераставіцы. Спадабалася ёй у нас, і цяпер працуе швачкай. Майстар цэха Алена Уладзіміраўна Савіч задаволена тым, як дзяўчына бярэцца за справу. А галоўнае, што маладым ёсць у каго вучыцца—вопытныя работнікі ў нас ахвотна становяцца настаўнікамі.
—Хацелася б асобна спыніцца і на такой паслузе, як мыццё бялізны.
—Сёння пральня ў Алекшыцах працуе яшчэ з большай аддачай, чым раней. Акрамя мыцця бялізны для арганізацый і прадпрыемстваў, мы арганізавалі—асобна—і самаабслугоўванне для насельніцтва. Набылі яшчэ адну, чацвёртую, пральную машыну-аўтамат, прас. Устаноўлены і асобны прас для прасавання бальнічных халатаў—раней іх трэба было вазіць у Гродна.
—Якія паслугі прыжыліся ў прадпрыемстве апошнія год-паўтара?
—Напрыклад, мантаж шын, рэгуліроўка і балансіроўка развалу вугла сыходжання колаў аўтамабіляў. Попытам карыстаецца і прадукцыя цэха па вырабу жалезабетоннай агароджы. Хоць у раёне і ёсць канкурэнты, усё ж нашу агароджу ахвотна купляюць як прадпрыемствы, арганізацыі, так і насельніцтва. Прыжылася такая сельгаспаслуга, як ворыва, культывацыя, абкошванне падвор’я. Сёлета пачалі вырабляць наматраснікі. Ну а жанчынам у цырульні прапанавалі дэкаратыўную стрыжку, можна зрабіць цяпер у нас і манікюр.
А ў цэлым, аб’ём паслуг павінен расці, у тым ліку і за кошт новых відаў. Там і вывучаем попыт насельніцтва, шукаем у спектры паслуг тыя нішы, якія яшчэ не запоўнены.
—Дзякую за гутарку, Іван Іосіфавіч.
Гутарыла Марыя Драпеза, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *