Новыя гістарычныя апавяданні пра жыццё ў Вялікай Бераставіцы

Без рубрики Из истории земли Берестовицкой Культура

Наш няштатны аўтар Сяргей Лушчык добра вядомы чытачам “Бераставіцкай газеты”  дзякуючы серыі публікацый прысвечаных гістарычнаму мінуламу нашага мястэчка і яго ваколіц. Сёння мы прапануем вашай увазе яго новыя гісторычныя апавяданні пра жыццё ў Вялікай Бераставіцы ў канцы 19-га – пачатку 20-га стагоддзяў.
Гісторыя першая
Аб тым, як у Вялікай Бераставіцы з’явіліся памідоры

Цікава, што таматы як культурная расліна, распаўсюдзіліся ў Вялікай Бераставіцы і яе ваколіцах толькі напрыканцы 19 — пачатку 20 стагоддзяў. Да гэтага часу нашы продкі — бераставічане аб звычайных памідорах нічога і ў паміне не ведалі. А адбылося гэта дзякуючы энергічнай і прадпрымальнай графіні Марыі Касакоўскай (з роду Хадкевічаў), фундатарцы пабудовы новага касцёла ў мястэчку.
Пасля шлюбу з Марыяй ў 1891 годзе яе муж граф Юзэф Касакоўскі атрымаў у спадчыну вялікабераставіцкі маёнтак, і маладая сям’я на стала пераехала сюды жыць. У гэты час Касакоўскія шмат вандравалі па Еўропе. Падчас адной з такіх паездак Марыя Касакоўская з Італіі ўпершыню ў Вялікую Бераставіцу прывезла культурную расліну тамата з мэтай вырошчвання яго пладоў не толькі ў маёнтку, але і дзеля далейшага распаўсюджвання гэтай карыснай расліны ў мястэчку і яго ваколіцах.
Прывезеную расліну высадзілі ў агародзе. Нагадаю, што некалі прысядзібныя графскія агароды і фруктовыя сады падзяляліся на тры асноўныя часткі. Першая частка знаходзілася ў раёне паміж цяперашнім возерам і сучаснай дарогай у райбальніцу, якая раней была галоўнай ўязной алеяй у маёнтак. Дзве другія часткі размяшчаліся на тэрыторыі сённяшняга дзіцячага садка. Паміж гэтымі дзвюма часткамі у тыя часы праходзіла грабавая алея, якая цягнулася ад палаца ў бок касцёла.
І вось пасаджаная расліна дала першы ўраджай. Аднак жыхары Бераставіцы (у тым ліку і большасць прыслугі з маёнтка) з самага пачатку аднесліся да яе з вялікай насцярожанасцю. Нават мясцовыя злодзеі, якія перыядычна рабілі свае “начныя набегі” на графскія агароды, трымаліся памідораў воддаль. Многія ў мястэчку ўвогуле лічылі дзіўную расліну атрутнай, а плады яе называлі вялікімі “воўчымі ягадамі”.
У далейшым Касакоўскія дзеля дасягнення сваёй мэты пайшлі на пэўную хітрасць. Яны паставілі ў агародзе, дзе расла плантацыя памідораў, вартаўніка, узброенага стрэльбай, і праінструктавалі яго “заплюшчваць вочы”на магчымыя пранікненні “няпрошаных гасцей” у гэтую частку графскага агароду. А для большай важнасці загадалі яму час ад часу страляць у паветра.
Гэта дало свой эфект. З цягам часу жыхары Бераставіцы пачалі праяўляць да памідораў зацікаўленасць і прыйшлі да высновы, што расліна, якую ахоўвае ўзброены вартаўнік у графскім агародзе, каштоўная, а яе плады карысныя і смачныя. Такім чынам, прывезеная графіняй Марыяй Касакоўскай з Італіі расліна распаўсюдзілася па ўсёй Бераставіцы і навакольных вёсках.

Гісторыя другая
Пра “гарбаты” мост

Да 500-гадовага юбілею Вялікай Бераставіцы, які ўрачыста адзначаўся ў 2006 годзе, быў пабудаваны драўляны мост праз Бераставічанку, акурат у тым самым месцы, дзе ён размяшчаўся да вайны. Цікава тое, што ў мінулым мост меў трошкі іншую форму – ён быў злёгку выпуклым, таму у народзе атрымаў назву “гарбатага”.
У тыя далёкія 20-30 гг. ХХ стагоддзя “гарбаты” адыгрываў не апошнюю ролю ў жыцці населенага пункта. Некалі па ім многія жыхары Бераставіцы напрасткі хадзілі ў маёнтак на працу, а тагачасная местачковая моладзь любіла сустракацца ў гэтым маляўнічым і рамантычным кутку, фатаграфавацца тут.
Мясцовыя старажылы ўспамінаюць, што ўдава графіня Марыя Касакоўская таксама нярэдка хадзіла праз мост у местачковыя крамы на закупы. За мостам на левым беразе возера быў невялікі, але ўтульны парк. Праз яго ўздоўж мураванай агароджы старога касцёла сцежка выводзіла прама на Рынак – галоўную плошчу мястэчка.
На правым (супрацьлеглым) беразе ад палацу Касакоўскіх у бок “гарбатага” моста цягнулася кароткая ліпавая алея. Да сённяшняга дня сярод балота, зарослага кустоўем і алешнікам, захаваліся фрагменты шчыльна ўтрамбаванай старой сцежкі. На гэтым забалочаным месцы у мінулым таксама быў парк. Казалі, што высокія дрэвы там аблюбавалі чароды гракоў, якія наносілі адчувальныя страты прысядзібнай гаспадарцы Касакоўскіх. Таму графская прыслуга на чале са Стасікам (так называлі маладога графа Станіслава Юзэфа Касакоўскага) перыядычна выходзіла з ружжамі страляць па гнёздах гэтых надакучлівых птушак.
І яшчэ адзін цікавы момант звязаны з гэтым месцам. Менавіта тут, дзе быў парк, па дарозе з палацу да “гарбатага” моста, у далёкім мінулым перыядычна адбывалася дзіўная з’ява: сярод дрэваў неаднаразова было заўважана загадкавае свячэнне абраза Маці Божай, якое нечакана з’яўлялася і праз нейкі час знікала. Такой інфармацыяй са мной падзяліўся Аляксандр Мінейка (унук графіні Марыі). Яе ён атрымаў некалі ад сваёй маці Ганны Мінейка (Корвін-Касакоўскай) і цёткі Соф’і Банецкай (Корвін-Касакоўскай), а таксама ад жыхаркі Бераставіцы Тэрэзы Малыніч, якая доўгі час выхоўвала Аляксандра.

Гісторыя трэцяя
Пра “чваракі” ў мястэчку

Думаю, што большая частка жыхароў нашага мястэчка ведае, што такое бераставіцкія “чваракі” і дзе яны знаходзяцца. Трапіць туды з цэнтра можна ідучы напрасткі вузкай зарослай сцежкай уздоўж правага берага рэчкі (возера), мінаючы злева раённую бальніцу і здзічэлы графскі парк, альбо іншым шляхам – праз вуліцу Матросава.
Чваракі – слова польскага паходжання (czworaki), але нягледзячы на гэта шырока распаўсюджана ў Заходняй Беларусі. Гэтым тэрмінам абазначалі баракі (дамы) для чатырох батрацкіх сем’яў. Бераставіцкія “чваракі” – гэта два старых дома, якія размешчаны ўпоперак дарогі, з дробнымі гаспадарчымі пабудовамі пры іх. У мінулым тут пражывалі сем’і парабкаў (прыслугі), якія працавалі ў графскім маёнтку. Абодва гэтыя дамы, яшчэ жылыя да сённяшняга дня, маюць прадаўгаватую форму, а іх сцены складзены з цэглы і накрыты двухсхільнымі дахамі. Нават стаяць яны сіметрычна адзін насупраць другога па абодва бакі дарогі.
Дык вось, цікава, што пабудаваны гэтыя дамы ў розныя часы. Правы будынак (ад рэчкі) – больш старэйшы. Паходзіць ён яшчэ з царскіх часоў (перыяд Расійскай імперыі). Верагодна, што ўзведзены ён быў пры Юзэфе Станіславе Касакоўскім. А дом злева быў пабудаваны ўжо ў міжваенны (“польскі”) перыяд. Узвялі яго напрыканцы 30-х гадоў выключна для будучых работнікаў графскага бровару. Бераставіцкія старажылы гавораць, што ў апошні перадваенны год будынак быў ужо поўнасцю заселены.
Справа ў тым, што Касакоўскія незадоўга да пачатку вайны скончылі будаваць у маёнтку ўласны бровар (польск.“gorzelnia”) – міні-завод па вырабу чыстага спірту. У якасці сыравіны павінны былі выкарыстоўвацца збожжа і бульба. Нагадаю, што такога роду вытворчасць была прыбытковай ва ўсе часы. Двухпавярховы корпус “гожэльні” быў складзены з палявых камянёў і накрыты ліставым жалезам. Цікава, што Касакоўскія перад самай вайной ўзводзілі ў сваім маёнтку адначасова тры будынкі – бровар, левы “чварак” для яго работнікаў і двухпавярховы каменны збожжасклад. Сцены склада захаваліся да сённяшняга дня. Руіна стаіць побач з жылой забудовай па вуліцы Матросава. На яе фасадзе ўверсе відаць дату – 1938. Не выключана, што склад прызначаўся для захоўвання збожжа на выраб спірту. Будынак самога бровара знаходзіўся напрыканцы каштанавай алеі (цяпер вул.Каштанавая пасёлка), калі ісці да рэчкі, з левага боку ад дарогі. Кажуць, што ўладальнікі маёнтка нават закупілі ўсё неабходнае абсталяванне. Але запусціць працэс вытворчасці не паспелі – надышоў верасень 1939 года. Далейшы лёс усёй графскай гаспадаркі агульнавядомы. А ў пасляваенныя гады будынак бровара быў цалкам разабраны.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *