Бераставіцкія школьнікі прынялі ўдзел у конкурсе творчых работ, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка

Лента новостей

17 верасня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага паэта Максіма Танка. Народны паэт БССР, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, перакладчык, грамадскі дзеяч, лаўрэат Ленінскай прэміі, Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзяржаўнай прэміі Беларусі – жыццёвы і творчы шлях гэтага чалавека багаты дасягненнямі, сваімі творамі ён заслужыў шырокую папулярнасць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

На працягу 2012 года на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях запланаваны і праводзіцца цэлы шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею Максіма Танка. Адным з іх стаў і абласны літаратурна-творчы конкурс “Роздум над творчасцю Максіма Танка”, арганізаваны ўпраўленнем адукацыі аблвыканкама і Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.
Конкурс быў накіраваны не толькі на павышэнне цікавасці да творчасці класіка беларускай літаратуры, але і на выяўленне таленавітай моладзі і прадстаўлення ёй дадатковых магчымасцяў для самарэалізацыі. Ён праводзіўся сярод вучняў 9-11 класаў у тры этапы: школьны, раённы і абласны.
Як паведаміла загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Ганчарык, удзел у раённым этапе прынялі 19 конкурсных работ з 9 устаноў адукацыі. Гэта лірычныя і празаічныя творы, напісаныя маладымі аўтарамі, сярод якіх вершы, апавяданні, эсэ, нарысы, сачыненні, прысвечаныя творчасці Максіма Танка.
У намінацыі “Уласныя празаічныя творы” адзначаны як лепшыя апавяданне “Мудрыя настаўнікі” Аляксандра Малецкага (Алекшыцкая СШ, настаўнік — Ж.Т.Агар), эсэ “Творчасць, якая кранае душу” Кацярыны Кузьміцкай (Малабераставіцкая СШ, настаўнік – М.А.Качан), эсэ “Беларуская восень” Веранікі Казлоўскай (Малабераставіцкая СШ, настаўнік – Т.У.Славецкая), сачыненне “Роздум над вершамі паэта” Дар’і Кунцэвіч (Старадварэцкі яслі-сад – БШ, настаўнік – Г.І.Янцэвіч).
У намінацыі “Уласныя лірычныя творы” лепшымі журы прызнала вершы “Максімавы сосны” Кацярыны Буча (Масалянскі яслі-сад – БШ, настаўнік – Г.У.Румак), “Я ганю сваё дзяцінства” Надзеі Курыла (Алекшыцкая СШ, настаўнік — Ж.Т.Агар) і “Навальніца” Дар’і Барысік (Вялікаэйсмантаўская СШ, настаўнік – І.І.Швек).
Аўтары лепшых твораў будуць адзначаны граматамі аддзела адукацыі райвыканкама, іх работы накіраваны для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу.
Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *