Начальнік аддзела адукацыі Бераставіцкага райвыканкама Алена Буткевіч: “Працуем над павышэннем якасці адукацыі”

Лента новостей

Напярэдадні прафесійнага свята педагагічных работнікаў я сустрэлася з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Аленай Буткевіч, каб пагаварыць аб поспехах і дасягненнях педагогаў Бераставіччыны.
— Алена Рыгораўна, на пасадзе начальніка аддзела адукацыі Вы працуеце першы год. Якім ён быў для Вас?
— Першы год працы заўсёды самы складаны і самы адказны для любога чалавека, мне рана падводзіць вынікі пасля 8 месяцаў працы. Гэты год быў напоўнены вялікім аб’ёмам работы і адказнасці за ўсе ўстановы адукацыі раёна, прынёс многа новых знаёмстваў і кантактаў. З самага пачатку працы на гэтай пасадзе я пастаралася наладзіць ўзаемаадносіны з усімі кіраўнікамі ўстаноў адукацыі раёна, бо ўсе мы разам працуем над адной мэтай – павышэннем якасці адукацыі ў раёне ў цэлым і ў кожнай асобна ўзятай установе ў прыватнасці. І я рада, што яны мяне ў гэтым падтрымалі, усе кіраўнікі – людзі адказныя, умеюць бачыць і ацэньваць перспектывы, выбіраць прыярытэты. Хачу падзякаваць Наталлі Пачобут (Вялікабераставіцкая СШ) за праведзены рамонт школы, у час якога ёй давялося праяўляць не толькі свае арганізатарскія здольнасці, але выступаць у ролі дызайнера і будаўніка. Павел Панкевіч (Макараўскі яслі- сад – СШ) — вопытны кіраўнік, заўсёды бачыць перспектыву і нацэльвае працу ўсяго калектыву на станоўчы вынік, Вікторыя Кісялеўская (Малабераставіцкая СШ) адказна і творча падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў, Жанна Огар (Алекшыцкая СШ) – прыхільнік усяго новага і перадавога, чалавек няўрымслівы, шукае цікавыя ідэі і рэалізуе іх. Заўсёды можна разлічваць на Валянціну Капылец (Пархімаўскі яслі-сад) і Ірыну Пальяноўскую (Малабераставіцкі яслі-сад). З такімі людзьмі лёгка працаваць. Прыемна, калі людзі творча падыходзяць да выканання сваіх абавязкаў, калі вынік працы другіх пераўзыходзіць твае чаканні.
Я стараюся кіравацца прынцыпам “патрабуй ад другіх таго, у чым сам непагрэшны”. Таму за гэты год стала больш арганізаванай і патрабавальнай да сябе, дакладна размяркоўваю свой час, працую над самаадукацыяй.
— Якія новаўвядзенні чакаюць сістэму адукацыі ў гэтым навучальным годзе?
— У 2012 – 2013 навучальным годзе ўведзены абавязковы экзамен па замежнай мове за курс сярэдняй школы. Але гэта не стала нечаканасцю, мы рыхтаваліся да яго на працягу апошніх двух гадоў. І надалей будзем працаваць у гэтым накірунку. З мэтай больш якаснага выкладання замежнай мовы будзе праведзены конкурс на лепшы кабінет замежнай мовы, з улікам патрабаванняў да экзамену будзе арганізавана і работа метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежнай мовы. Большая ўвага будзе ўдзяляцца пазакласнай рабоце па гэтаму прадмету.
У бягучым годзе далей будзе працягнуты эксперымент па навучанню без выстаўлення адзнак па некаторых прадметах ў пачатковай школе.
Прыемна адзначыць, што ўжо пачала працаваць другая інавацыйная пляцоўка рэспубліканскага ўзроўню ў нашым раёне. Да Алекшыцкай СШ далучылася і Вялікаэйсмантаўская СШ, тут будуць працаваць над укараненнем мадэлі арганізацыйна-педагагічнага суправаджэння самарэалізацыі асобаснага патэнцыялу вучняў.
— Па добрай традыцыі ў дзень прафесійнага свята адзначаюць тых, хто дабіўся найбольшых поспехаў на прафесійнай ніве. Я думаю, што і ў нашым раёне шмат педагогаў, якімі можна ганарыцца?
— Гэта сапраўды так. Мы ганарымся настаўнікамі, якія здабываюць перамогі на алімпіядах розных узроўняў. Аляксандр Камяк (Алекшыцкая СШ) падрыхтаваў пераможцу рэспубліканскай алімпіяды па працоўнаму навучанню, выхаванцы Валянціны Станкевіч і Алены Талочка (Вялікабераставіцкая СШ) здабылі перамогу на абласных алімпіядах.
Мы можам ганарыцца і тымі педагогамі, якія кіруюць даследчай дзейнасцю вучняў. У іх таксама ёсць поспехі, шматлікія месцы на абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Сярод іх назаву Марыну Бурую (Канюхоўскі яслі-сад – СШ), Галіну Румак (Масалянскі яслі-сад – БШ), Тамару Эйсмант (Малабераставіцкая СШ), Тамару Андрушка (гімназія аг.Пагранічны), Алену Хілюта (Пархімаўская БШ).
Сур’ёзную падрыхтоўку да здачы экзаменацыйнага тэсціравання вядуць такія настаўнікі, як Таццяна Мелянец (Вялікабераставіцкая СШ), найлепшы вынік яе вучняў — 92 балы па матэматыцы, Алена Талочка (Вялікабераставіцкая СШ) – 92 балы па беларускай мове, Валянціна Кулісевіч (Канюхоўскі яслі-сад – СШ) – 90 балаў па рускай мове.
Радуюць маладыя педагогі, якія маюць хоць і невялікі стаж работы, але адказна і творча падыходзяць да выканання сваіх абавязкаў. Хачу адзначыць Надзею Курганскую і Таццяну Славецкую (Малабераставіцкая СШ), Вольгу Антановіч (Масалянскі яслі-сад – БШ), Вольгу Баярчук і Кацярыну Лукашук (Вялікабераставіцкая СШ), Ілью Запасніка (гімназія аг.Пагранічны), Паўла Янчы (Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці аг.Пагранічны).
Дарэчы, напярэдадні свята трэба ўспомніць і выхавацеляў дашкольных устаноў адукацыі, іх уклад у выхаванне будучых школьнікаў таксама вельмі значны. Заўсёды старанна працуюць Эмілія Шыкута (Вялікаэйсмантаўскі яслі-сад), Галіна Татарынава (Вялікабераставіцкі яслі-сад), Соф’я Карлюк (Пархімаўскі яслі – сад), Святлана Прэдка (Старадварэцкі яслі-сад – БШ).
Непасрэдна і сам аддзел адукацыі папоўніўся маладымі спецыялістамі, ініцыятыўнымі, творчымі, неабыякавымі, якія яшчэ хоць маюць мала вопыту, але гатовы развівацца, ісці наперад. Сярод іх назаву Надзею Сіцько, Таццяну Бялевіч, Алену Хілюта, гэта перспектыўныя спецыялісты, я ўскладаю на іх вялікія надзеі.
Напярэдадні свята хачу павіншаваць усіх работнікаў сістэмы адукацыі раёна з Днём настаўніка. Жадаю шчасця, дабра, міру, душэўнай прыгажосці, усмешак і добрага настрою. Няхай заўсёды будзе маладым ваша сэрца, няхай радуюць паслухмяныя і здольныя вучні, новых адкрыццяў і дасягненняў у вашай нялёгкай працы.
— Дзякуй за размову, Алена Рыгораўна, Вас таксама са святам!
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *