Сервітут у лесе Вішнева

Из истории земли Берестовицкой Культура Лента новостей

У дзяцінстве мне не раз даводзілася чуць, як у вёсцы Старынцы людзі казалі, што кароў пагоняць пасвіць на сервітут. Што азначала апошняе слова, я у той час не ведаў і нават не задумваўся, бо ў кожнай вёсцы нейкія канкрэтныя мясціны мелі свае назвы, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне, і сэнс гэтых слоў мала каго цікавіў. Потым я даведаўся, што слова “сервітут” паходзіць з лацінскай мовы і ўжываецца, калі размова ідзе аб праве карыстацца чужой уласнасцю ў пэўных межах. Яшчэ ў Старажытным Рыме грамадзяне надзяляліся такімі правамі. Потым з цягам часу з’явіліся і такія сервітуты, як права праганяць жывёлу па чужой зямлі на вадапой або пасвіць яе на чужой пашы. Менавіта правам выпасу грамадскай жывёлы на землях, якія належалі ў свой час Касакоўскім, а, дакладней, у лесе Вішнева, што раскінуўся паміж Белым Дворкам, Леснявічамі і Старынцамі, былі надзелены ў свой час сяляне вёсак Старынцы, Леснявічы і Плюскалаўцы.
Напэўна, многія, хто бываў некалі ў гэтым лесе, звярталі ўвагу на адну акалічнасць. А менавіта, на роўны глыбокі роў (на здымку), які праходзіць амаль ад самай дарогі на Гродна ў бок вёскі Старынцы, нібыта падзяляючы лясны масіў на дзве часткі. Пры якіх абставінах і калі ён з’явіўся? Ад людзей старэйшага ўзросту даводзілася чуць, што, пасля таго, як жыхары вышэйназваных вёсак атрымалі сервітутнае права на выпас жывёлы ў лесе Касакоўскіх, апошнія вырашылі аддзяліць гэтую частку ровам. Прычым, даволі глыбокім, з крутым пад’ёмам са “свайго боку”, каб сялянскія каровы не змаглі перайсці туды. Калі дакладна быў пракапаны гэты роў, даведацца не ўдалося, аднак на падставе некаторых архіўных дакументаў вядома, што ўжо ў самым пачатку мінулага стагоддзя сяляне карысталіся тут сервітутным правам. А часамі ўзнікалі канфлікты паміж гаспадарамі і, гаворачы па-цяперашняму, арандатарамі. Нагадаем, што аб гэтым ішла гаворка ў матэрыяле пад рубрыкай “Материалы архивов свидетельствуют», надрукаваным у мінулагоднім 75-ым нумары нашай газеты. У данясенні земскага начальніка 2-га ўчастка Гродзенскага ўезда губернатару паведамлялася, ў прыватнасці, што, сяляне вёскі Старынцы самавольна пачалі пасвіць кароў на вырубленых лясных дзялянках, на якіх павінен быў расці малады лес. Такія вырубкі да 2 дзясяцін штогод дазваляліся Касакоўскім Гро

дзенскім лесаахоўным камітэтам з адначасовай забаронай на пэўны тэрмін пасьбы на іх жывёлы. Гэта пастанова камітэта была своечасова даведзена да ведама карыстальнікаў сервітутным правам, і на працягу некалькіх гадоў патрабаванне закона сялянамі выконвалася. І вось, у 1905 годзе, пэўна пад уплывам рэвалюцыйных падзей у Расіі, сяляне вёскі Старынцы збунтаваліся. Хаця, як паведамляў земскі начальнік, пашы было дастаткова і на тых участках, дзе вырубкі не выконваліся, а дзеянні мясцовага насельніцтва ён характарызуе як «преступные действия, которые ничем оправдываемы и объяснимы быть не могут».
Сяргей Хілюта



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *