Юбіляр з аграфірмы “Стары Дворац”

Лента новостей

На гэтым здымку галоўны заатэхнік аграфірмы “Стары Дворац” Ганна Анішчык. У тым, што ў аграфірме “Стары Дворац” амаль усё малако здаецца гатункам “экстра”, ёсць і яе лепта. Гэта і яе паўсядзённай мэтана-кіраванай работай крок за крокам малочная жывёлагадоўля ў гаспадарцы рухалася наперад.
Нялёгкім быў шлях у аграфірме да еўрапейскага малака, няпросты і лёс гэтай жанчыны. А пачыналася ўсё так. На выбар ёю прафесіі паўплывала выпадковасць. Проста ў адну з вясковых школ Навагрудскага раёна некалькі дзесяткаў гадоў таму прыехалі выкладчыкі Ваўкавыскага саўгаса-тэхнікума і сагітавалі паступаць туды адразу сем чалавек. Надта ж добра расказалі яны пра значнасць прафесіі заатэх-ніка, пра тое, што гэта як раз для вясковых юнакоў і дзяўчат, якія любяць жывёлу. І школьнікі загарэліся, так і паехалі паступаць туды цэлай кампаніяй. Цікава, што ўсе сем і паступілі, а потым і дамоў разам весялей ім ездзіць было. У вучобе дапамагалі адзін аднаму, сябравалі. Назаўсёды запомніўся той час – з юнацкім імпэтам і максімалізмам, калі, здаецца, згодна з прыказкай, горы можна звярнуць. Засвойвалі тэорыю, вельмі цікавіліся практыкай. Атрымалі дыпломы ў рукі і раз’ехаліся па розных куточках краіны. А добрыя цёплыя адно-сіны ў іх засталіся на ўсё жыццё. Юнацкія гады, як кажуць, самыя лепшыя… Можа таму, што сіл шмат, энтузіязм ёсць. І добра, калі будуць спадарожнічаць яны чалавеку ўсё працоўнае жыццё.
А размеркавалі дзяўчыну ў Гродзенскі раён у калгас імя Леніна. Працаваць паставілі лабарантам. Яна згадзілася.
— Ну і які ж тады там быў надой? Усё ж такі Гродзенскі раён, побач з абласным цэнтрам? – пацікавілася я.
— Ах, да трох тысяч у год быў ад каровы. А калі пераехала ў вёску Стары Дворац у калгас “Перамога”, старшыня Аляксандр Міхайлавіч Маханько запрасіў, прапанаваў працу заатэхніка-селекцыянера, дык тут быў і 2 тысячы 600 кілаграмаў. Вельмі слабы па сённяшніх мерках. Ды і праца тады якая цяжкая была, не параўнаць з сённяшняй, па новых тэхналогіях! Жывёла нізкапрадуктыўная, праблем хапала. Даяркі самі даглядалі тады цялят, ды і мы таксама. Потым з’явіліся першыя драўляныя домікі для нованароджаных і асобная цялятніца для іх. Увялі цэх сухастою. Таксама асобныя людзі сталі даглядаць такую жывёлу.
— А якая якасць малака была тады? – цікава мне.
— Здавалі яго першым класам. Гэта ўжо пазней з’явіўся вышэйшы, а затым у нас і “экстра”, — адказвае Ганна Паўлаўна.
— Як прыйшлі да гэтага?
— Сталі займацца падборам цялушак з 1987 года. Ад лепшых кароў адбіралі самых лепшых. Асемянялі іх семем канадскіх быкоў. Тэхналагічныя прывагі сталі адпавядаць параметрам. Сярэднясутачная прывага цялушак зараз – 913 грамаў. Так паступова з’явіліся ў нас і кароўкі — рэкардысткі, якія сталі даваць па 10 -12 тысяч кілаграмаў малака за лактацыю. Надой за 7 месяцаў гэтага года ў параўнанні з такім жа мінулагоднім вырас на 649 кілаграмаў. Дзякуй агранамічнай службе, ад яе шмат залежыць у жывёлагадоўлі. Кармы ў нас добрыя.
Ведаю, што ў аграфірме “Стары Дворац” шмат увагі надаецца культуры вядзення жывёлагадоўлі і клопату аб людзях, рукамі якіх ствараюцца матэрыяльныя каштоўнасці. На малочнатаварным комплексе “Бярозка” устаноўлены тры пральныя машыны для спецадзення, даярка на змену ідзе заўсёды ў чыстым. Ёсць сушылка для абутку. Дастаткова купляецца мыючых сродкаў.
— А калісьці не мелі грошай, каб халат новы купіць, — успамінае Ганна Паўлаўна. — Гэта наш дырэктар Віктар Аляксандравіч Байрак сам ва ўсё ўнікае, у любую дробязь, дбае, каб усё было як мага лепш. Ды і галаўное прадпрыемства дапамагае.
— Работа ў Вас нялёгкая, без цяжкасцей і праблем не абыхо-дзілася, а раскажыце і пра аса-бістае жыццё, – працягваю размову.
Ганна Паўлаўна ўсміхаецца, і гэта вельмі яе ўпрыгожвае.
— Муж быў электрыкам у Гро-дзенскім раёне, — расказвае яна. – Там і выйшла замуж. У нас дзве дачкі, адна настаўніца, другая прадавец. Ужо і ўнучка ёсць.
— А ў вольную хвілінку чым любіце заняцца? Чытаць любіце?
— Ой, люблю! – аж усклікнула мая субяседніца. – Вельмі люблю, але не маю калі. Дом, сям’я… І пра каханне люблю чытаць, і дэтэктывы.
— Мая работа ж гэта не толькі мая, — дадала Ганна Паўлаўна напрыканцы нашай гутаркі. – Дзякуй усім, з кім я працую. І раённым кіраўнікам мы вельмі ўдзячны за ўзаемапаразуменне і падтрымку.
Мне вельмі прыемна было бліжэй пазнаёміцца з Ганнай Паўлаўнай – сяльчанкай, працаўніцай, захавальніцай свайго цёплага сямейнага ачага і проста цікавым чалавекам. Уражанні засталіся самыя лепшыя.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *