У Канюхоўскай сельскай бібліятэцы – свята для юных чытачоў

Лента новостей

“Чароўны свет дзіцячай кнігі” – пад такой назвай у Канюхоўскай сельскай бібліятэцы 14 чэрвеня адбылося свята для юных чытачоў. У гэты дзень сюды завіталі наведвальнікі лагера дзённага знаходжання Канюхоўскага яслі-сада-сярэдняй школы.

Бібліятэкар Наталля Прохар пазнаёміла дзяцей з тымі пераменамі, якія адбыліся ў бібліятэцы пасля рамонту, а потым прапанавала гасцям паўдзельнічаць у конкурсе на лепшую рэкламу-прэзентацыю сваёй любімай кніжкі. Дзеці з задавальненнем уключыліся ў працэс “спаборніцтва” і з запалам упэўнівалі сваіх сяброў і аднакласнікаў прачытаць тую ці іншую кніжку. Адзін з удзельнікаў нават рэкамендаваў выпісваць і чытаць “Бераставіцкую газету”, што сапраўды прыемна і якраз да места – ідзе падпісная кампанія.

Наталля Аляксееўна, у сваю чаргу, пазнаёміла вучняў з літаратурнымі навінкамі гродзенскіх дзіцячых пісьменнікаў Ганны Скаржынскай-Савіцкай, Уладзіміра Ягоўдзіка, Таццяны Мушынскай, з пазнавальнай энцыклапедыяй для дзяцей “Здароўе” і іншымі творамі. Цікава прайшла літаратурная латэрэя на веданне беларускіх і рускіх казак.

Па выніках праведзенага конкурсу-прэзентацыі і латэрэі, а таксама ўвогуле ўлічваючы колькасць наведванняў школьнікамі бібліятэкі і якасці працэсу чытання, былі вызначаны лепшыя чытачы. Гэта Соф’я Русак, Павел Буры, Павел Капіца, Жэня Кавалеўскі і Саша Прохар. Яны атрымалі прызы. Але ж і астатнія ўдзельнікі конкурсу не засталіся без заахвочвальных сувеніраў.

Свята завяршылася “салодкім сталом” і музычна-забаўляльнай праграмай, якую падрыхтаваў для рабят дырэктар Канюхоўскага СДК Алег Зайцаў. А бібліятэкар і дзеці асабліва ўдзячны кіраўніцтву СВК “Макараўцы” за фінансаванне “салодкага стала” і набыццё прызоў. Наперадзе ж– летнія канікулы, падчас якіх юных чытачоў Канюхоўскай СБ чакаюць новыя сустрэчы з кнігай.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *