Гістарычныя вехі бераставіцкага касцёла

Из истории земли Берестовицкой Лента новостей Общество

”Вялікая Бераставіца – мястэчка, якое мае хіба што найбольш гістарычных помнікаў, належала некалі гетману Хадкевічу. Драўляны касцёл, які быў фундаваны ў 1495 г., згарэў” – так узгадвае Бераставіцу літаратар і публіцыст Станіслаў Зыгмунт Гіршэль у сваім краязнаўчым даведніку ”Przyczynki do monografji powiatu grodzienskiego” за 1923 г.

У 2-й палове XV ст. землі, на якіх знаходзілася Бераставіца, былі каралеўскай уласнасцю і ў народзе называліся ”каралеўшчынай”. Праўдападобна, што пасяленне Бераставіца заснавалі асаднікі, прыбыўшыя ў гэты край з Мазовіі, якія і пабудавалі ў паселішчы невялікі драўляны касцёл.
У 1506 г. мястэчка было падарана каралём Аляксандрам Ягелончыкам літоўскаму магнату Аляксандру Хадкевічу і цягам амаль 200 гадоў было ва ўласнасці заможнага і славутага роду Хадкевічаў.
Фундушавыя дакументы архі­ва Віленскай дыяцэзіі за 1522 г. пацвярджаюць існаванне бераставіцкага касцёла ў той час. Паводле асобных сведчанняў, чарговы раз касцёл у Бераставіцы быў пабудаваны ў 1615 го­дзе. У некаторых гістарычных і краязнаўчых выданнях адзначаецца, што менавіта тады на сродкі ўладальніка мястэчка Гераніма Хадкевіча ў Бераставіцы быў узведзены мураваны храм, асвечаны віленскім біскупам Бенедыктам Войнам. Аднак з біяграфіі гэтага біскупа вядома, што ў 1615 г. ён знаходзіўся на лячэнні ў італьянскай Падове, дзе 22 кастрычніка памёр. Не маюць пад сабой ніякіх падстаў і сведчанні пра тое, што ў 1615 г. будынак касцёла ўжо быў мураваным. Але пра гэта яшчэ будзе размова.
Ежы Хадкевіч, малодшы брат Гераніма Хадкевіча, у свой час ўзнагародзіў бераставіцкі касцёл вялікімі зямельнымі ўгоддзямі, каштоўным алтарным інвентаром і літургічным посудам. Памёр у 1595 г. яшчэ ў маладым узросце і пахаваны ў скляпеннях касцёла. Архіўныя дакументы сведчаць, што праз 20 гадоў (у 1615 г.) Геранім Хадкевіч занава пацвердзіў прывілей брата і ад сябе перадаў касцёлу новыя землі з пабудовамі, садамі, сажалкай і млыном, выдзеліў значныя сродкі на парафіяльную школу, прызначыў на карысць прыхода мясцовыя падаткі, забяспечыў пры касцёле ўтрыманне пробашча, 4 вікарных, бакалаўра, кантара-арганіста, а для дапамогі адміністратару касцёла – 3 юнакоў і 3 старэйшых хлопцаў. За гэта капланы абавязаныя былі штодзень адмаўляць малітву да Маці Божай за фундатараў, а ў нядзелю і святы праводзіць такія набажэнствы пры ўдзеле дыяканаў і субдыяканаў. Пасля смерці Геранім Хадкевіч быў пахаваны побач з братам у крыптах бераставіцкага касцёла. Па традыцыі тут спачыў і наступны гаспадар Бераставіцы — Кшыштаф Хадкевіч, сын Гераніма Хадкевіча. З цягам часу касцёл стаў адыгрываць яшчэ і ролю пахавальні для ўладальнікаў мястэчка.


Віленскія біскупы Абрагам Вой­на (стрыечны брат вышэйна­званага Бенедыкта Войны) і Ежы Тышкевіч адпаведна ў 1638 і 1653-54 гг. наведвалі бераставіцкі касцёл з інспектарскімі візітамі, аб чым ёсць згадка ў архіўных дакументах. У 1655 г. пасля чарговага візіту адзін з віленскіх біскупаў адзначаў: ”Касцёл прэпазітальны, цудоўны і каштоўны, пабудаваны Хадкевічамі, якія з’яўляюцца яго калатарамі. Ксяндзом тут – Уладзіслаў Сільніцкі, канонік гнезненскі і віленскі, вікарным – Ян Гутмеўш. Няма афіцыума (малітвы) да Маці Божай, адсутнічае арганіст. Прапанавана недахопы выправіць. У касцёле багатая алтарыя дзякуючы ксяндзу Мацею Жыліцкаму. Два гады не выплачваецца чынш ад эканомаў. Алтарыст праводзіць аднак 4 багаслужэнні за калатараў. Бежмаваліся 32 асобы”.
Чарговыя ўладальнікі мястэчка Ян Казімір Хадкевіч (1616-1660) і яго жонка Соф’я (з Пацаў) прызначылі на карысць касцёла чарговы багаты фундуш, адлілі новы масіўны звон, асадзілі ў Бераставіцы манаскае брацтва Святых Анёлаў-Ахоўнікаў.
Важнай старонкай гісторыі касцёла з’яўляецца 1-я палова XVIII ст. У час руска-шведскай вайны 1700-1721 гг. (Паўночнай) выгарэла большая частка Вялікай Бераставіцы. Пацярпеў ад пажару і драўляны касцёл. Тагачасныя гаспадары Вялікай Бераставіцы Мнішкі не толькі адбудавалі мястэчка, але замест драўлянага ўзвялі новы мураваны касцёл. Годам яго пабудовы, як сведчаць шматлікія архіўныя крыніцы, лічыцца 1741 г. Верагодна ў гэты год была поўнасцю накрыта дахам і асвечана новая канструкцыя будынка. Паводле тэстаменту урну з сэрцам фундатара Юзэфа Мнішка пахавалі ў адной са сцен бераставіцкага храма. Сам ён спачыў у касцёле Рэфарматаў у Замосці.
Звяртаючыся да гісторыі бе­раставіцкага касцёла, варта адзначыць прозвішча ксяндза Марціна Віньскага, які ў 1816-1835 гг. служыў тут плябанам і адначасова займаў пасаду Гара­дзенскага дэкана. Гэты энергічны і творчы чалавек пабудаваў пры касцёле новую плябанію, шпіталь для бедных, занава пераплавіў састарэлыя касцельныя званы, значна ўзбагаціў каштоўным інвентаром алтарыю, а таксама адбудаваў згарэлыя сялянскія хаты ў ваколічных плябанскіх вёсках Мошні і Дубляны.
Драматызмам у гісторыі касцёла адзначана 2-я палова XIX ст. Пасля Студзеньскага паўстання 1863-64 гг. бераставіцкі касцёл закрылі. Паводле ведамасцей аб скасаваных рымска-каталіцкіх касцёлах Гарадзенскай губерні за 1866-68 гг., канчаткова прыход быў ліквідаваны 30 верасня 1865 г. Падставай для гэтага паслужыла рашэнне віленскага генерал-губернатара К. П. фон Каўфмана № 2450 ад 1 верасня 1865 г.
З перапіскі: ”Гродненскому губернатору. По соображении обстоятельств, изложенных в представлении Вашего Превосходительства от 28-го прошлаго августа за Nr. 1153 о Велико-Берестовицком католическом костёле, разделяя со своей стороны вполне пользу и необходимость закрытия означеннаго костёла с передачею здания онаго в ведение Православнаго Духовенства, я разрешаю Вам привести сие в действительное исполнение на приведённых в представлении Вашем основаниях, войдя ныне же в сношение с Рим.- Кат. Епархиальным Начальством о переводе в другое место состоящих при костёле ксендзов и распределении прихожан к другим костёлам. Насчёт же здания костёла, которое вероятно вполне пригодно для обращения в Православную церковь, я покорнейше прошу Вас представить мне соображения”.
У наступныя некалькі гадоў будынак быў перабудаваны ў праваслаўную царкву. Напярэдадні гэтых падзей царскія ўлады правялі ў мястэчку і яго ваколіцах статыстычныя даследаванні і прыйшлі да высновы, што пераважную большасць тут складаюць праваслаўныя вернікі, а існуючая на той час у Вялікай Бераставіцы царква, на іх думку, занадта маленькая і не ў стане змяшчаць усіх ахвотных прыхаджан, што стала афіцыйнай прычынай закрыцця касцёла і перадачы яго праваслаўнаму ведамству. Фактычна гэта была помста ўладаў жыхарам мястэчка за ўдзел у Студзеньскім паўстанні 1863 г.


Сяргей Лушчык, г. Гродна
(Працяг будзе)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *