Мой Купала. Да 130 – годдзя з дня нараджэння

Лента новостей

У той майскі сонечны дзень, калі наша маладое і радаснае студэнцкае жыццё зіхацела яркімі фарбамі, мы свята верылі, што бадзёрасць і цудоўны настрой будуць нам вернымі спадарожнікамі назаўсёды. А запомніўся ён тым, што дружная наша група паехала на радзіму Янкі Купалы ў Вязынку. Вучыцца ў Мінску, слухаць цікавыя лекцыі, наведваць Ленінскую бібліятэку, цікавіцца адметнай асобай славутага песняра беларускага. І не пабываць у мясцінах, дзе ён нарадзіўся, было немагчыма. І вось мы, з юнацкім запалам, лёгкія на пад’ём і вясёлыя, едзем у электрычцы. Усе нашы дзяўчаты і хлопцы тады былі ў прадчуванні чагосьці незвычайнага.
Вёсачка, дзе нарадзіўся паэт, уразіла тым, што амаль да самага яе краю падступаў векавы лес, а дрэвы і трава ў той дзень, здаецца, толькі што апранулі свой новы раскошны зялёны ўбор. Свежы лясны водар, спевы птушак, надзвычай прыгожае месца і нават лёгкі веснавы дожджык запомніліся назаўсёды. Мы пайшлі ў музей – звычайную вясковую хату, дзе ў 1882 годзе нарадзіўся наш славуты суайчыннік, паглядзелі самыя сціплыя тагачасныя рэчы, паслухалі цікавы аповед пра яго няпросты лёс. А наша аднагрупніца Вера, заслухаўшыся, нават прысела на экспанат – сялянскі ўслончык (амаль такі ж, як на яе ўласным родным падворку), на што ветліва звярнула ўвагу экскурсавод. Мы весела засмяяліся, а яна засаромелася…
Вязынка была тым маленькім куточкам, з гэтага вялікі і непаўторны чалавек назаўсёды ўвайшоў у нашы сэрцы. Цэнячы яго творчасць, мы зразумелі – ён такі ж, як і мы, беларус, родная душа, са сваімі ўзлётамі і няўдачамі. І калі вобразна сказаць словамі Кіплінга, дык “мы – адной крыві”… Мы – народ, суайчыннікі, і гэта нас яднае.
Цяпер, праз гады, з вышыні неацэннага жыццёвага вопыту, такі просты і адметны чалавек бачыцца ўжо па — іншаму. Я паспрабую расказаць, які ён – мой Купала. Я не буду пераказваць яго біяграфію, а толькі спынюся на тых вехах, якія і зрабілі яго асобай, тым, кім ён ёсць для нас і застанецца для нашых нашчадкаў.
У Вязынцы малы Іван Луцэвіч пражыў усяго толькі год, а потым яго беззямельная сям’я пераехала на Лагойшчыну ў пошуках лепшай долі. Яны памянялі некалькі вёсак, пакуль не спыніліся ў Акопах. Паэт паходзіў з дробнай шляхты, але змалку адчуў сам, што такое нястача, і бачыў, як цяжка працуюць і бедна жывуць сяляне. Ён навучыўся горача спачуваць мужыку, і гэта разбудзіла яго сэрца. Бацькі клапаціліся, каб хлопчык вучыўся, упэўнілі яго, што гэта важная справа. А маляўнічая прырода і моцная прага да кніг зрабілі яго творчым чалавекам.
Сям’ю ў той час напаткала многа гора. У 52 гады памёр бацька, а затым ад шкарлятыны адразу трое дзяцей.
Малады паэт прыехаў ў Вільню, таму што разумеў важнасць адукацыі. Ён працаваў бібліятэкарам і цешыўся, што можа шмат чытаць. Пасля ён пераехаў у Пецярбург і змог займацца на вячэрніх курсах, а таксама слухаць лекцыі ў знакамітым універсітэце. Купала прагнуў ведаў і сам тады ўжо шмат пісаў. Затым у Вільні ён становіцца рэдактарам “Нашай нівы”. Вучыўся ён і ў Маскве, у народным універсітэце імя Шаняўскага. Сваімі намаганнямі неардынарны чалавек змог атрымаць выдатную на той час адукацыю. Усёй сваёй творчасцю і таленавітым словам сапраўднага майстра гэты шчыры беларус імкнуўся праз усё жыццё давесці людзям адну простую ісціну і кардынальную ідэю – народ павінен быць сам гаспадаром на сваёй зямлі і павінен спадзявацца толькі на сябе. У векапомным для Беларусі годзе – 1918 –м, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, паэт загаварыў і як публіцыст. Ён перажываў за лёс сваёй айчыны, а мудрыя думкі яго не ўстарэлі і зараз.
У гісторыі сусветнай літаратуры нямала трагічных падзей і лёсаў. У 1929 годзе ў вёсцы Акопы “раскулачылі” сямідзесяці-двухгадовую Купалаву маці і сястру і адправілі ў Котлас. Іх драўляную хату зруйнавалі. Цаной прыніжэнняў Купала ўпрасіў начальства злітавацца над імі і забраў ужо з цягніка. А потым было яшчэ горшае. Праз некаторы час яго самога аб’явілі кіраўніком контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі. На допытах ён даведаўся, што супраць яго сведчылі і блізкія людзі… Напрыклад, адна дзяўчына, у якую ён некалі быў закаханы і нават цалаваўся з ёю. Праз шмат гадоў яна пакаялася і расказала, як ад яе дамагаліся такіх “прызнанняў” у той змрочны сталінскі час. Старэнькая ўжо бабуля з плачам расказвала: “Я падпісвала ўсё, што яны ад мяне патрабавалі…” А сам Купала ў роспачы спрабаваў скончыць жыццё самагубствам.
Праўда, трохі пазней, былі ў тыя гады падораныя яму дарагі легкавы аўтамабіль, і пабудаваная для яго дача ў Ляўках на Аршаншчыне, і ўзнагароджанне ордэнам Леніна. Але гэта адбылося тады, калі ад вялікага паэта ўжо амаль нічога не заставалася… Па многіх вершах яго мы бачым, што напісаны яны, як “пад прымусам”, і пафас іх штучны. Увесь трагічны лёс гэтага неардынарнага чалавека можна прасачыць па яго творчасці.
У канцы чэрвеня 1942 года перад сваім 60 – годдзем Янка Купала з эвакуацыі з-пад Казані прыехаў у Маскву. Яго запрасілі нібыта для падрыхтоўкі юбілею. І ў гасцініцы “Масква” жыццё яго абарвалася. Магчыма, яму ў гэтым “дапамаглі”. Людзі, з якімі ён размаўляў тым вечарам, казалі, што нельга паверыць у тое, што ён раптоўна сам знянацку кінуўся ў лесвічны пралёт. Верагодна, праўда яшчэ будзе высветлена з раскрыццём сакрэтных архіваў.
Я не буду пісаць пра знакамітыя творы і адметную публіцыстыку Янкі Купалы, таму што кожнаму для сябе іх трэба адкрываць самому. Сваю родную літаратуру – нашу багатую скарбонку і духоўную спадчыну народа неабходна цаніць, а каб цаніць і любіць, варта ведаць, цікавіцца і чытаць. Вы не пашкадуеце, таму што адчуеце цікаўнасць даследчыка і радасць адкрыццяў. Праз гады Купала, яго лепшыя творы ўспрымаюцца зусім па — новаму. Дастаткова толькі ўзяць у рукі яго добрыя і разумныя кнігі. А далей усё зробіць ужо сам неўміручы Купала. Яго непаўторная асоба, магутны талент і праўда жыцця захопяць, знойдуць шлях да сэрца, прымусяць разважаць, зачаруюць…
Слова Купалы – простае і трапнае, жывое і магічнае. У яго творах шмат дыялектызмаў, аднак так і было на той час, і гэта зусім не перашкаджае ўспрыманню зараз. А імя гэтага сціплага чалавека з магутным талентам заняло сваё пачэснае месца сярод сузор’яў класікаў сусветнай літаратуры, і ім заўсёды будуць ганарыцца суайчыннікі.

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *