І спартыўная, і патрыятычная “Зарніца”

Лента новостей

21 мая тэрыторыя дзіцячага аздараўленчага лагера “Бераставіцкі” яшчэ да адкрыцця сезона адпачынку напоўнілася звонкімі дзіцячымі галасамі: каманды піянерскіх дружын раёна сабраліся на спартыўна — патрыятычную гульню “Зарніца”. Сёлета яна прысвячалася значнай для усёй піянерыі падзеі – 90- годдзю піянерскай арганізацыі. Ужо на працягу многіх гадоў “Зарніца” традыцыйна з’яўляецца адной з найбольш эфектыўных форм работы па патрыятычным і фізічным выхаванні школьнікаў і з улікам іх узроставых асаблівасцей пачынае фарміраванне гатоўнасці да абароны Радзімы. Шэраг конкурсаў, якія праводзіліся падчас гульні, спрыялі ўмацаванню спартыўнага спрыту і моцы яе ўдзельнікаў (“Агляд строю”, “Снайпер”, турыстычная эстафета “Адзін за ўсіх, усе за аднаго”, “Бяспека на вуліцах і дарогах”), іншыя ж былі накіраваны на патрыятычнае выхаванне падлеткаў (конкурсы “Памяць”, “Песня ў нашым сэрцы”, “Старонкі гісторыі Айчыны”). У конкурсе “Агляд строю” ацэньвалася адзінства формы, зладжанасць дзеянняў камандзіра і атрада. Лепшым у гэтым конкурсе стаў атрад гімназіі аг.Пагранічны, другое месца занялі школьнікі Канюхоўскага ясляў – сада — СШ, трэцяе – каманда Вялікабераставіцкай СШ. Конкурс “Старонкі гісторыі Айчыны” праводзіўся ў тэставай форме па пытаннях з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і піянерскага руху. Перамогу ў ім атрымала каманда Малабераставіцкай СШ, другое месца прысуджана атраду Паплаўскага ясляў-сада – СШ, трэцяе – камандзе Вялікабераставіцкай СШ. У індывідуальным заліку лепшыя веды па гісторыі паказалі Таццяна Шмыга, Катажына Глябовіч (Малабераставіцкая СШ) і Віктар Пясецкі (Паплаўскі яслі-сад – БШ). Творчы нумар з выкананнем патрыятычнай песні прадстаўлялі каманды ў конкурсе “Песня ў нашым жыцці”. Лепшымі ў гэтым конкурсе сталі піянеры Вялікабераставіцкай СШ, Алекшыцкай СШ і Пархімаўскай БШ. Конкурс “Бяспека на вуліцах і дарогах” праводзіўся ў форме заліку па правілах дарожнага руху, а таксама ўключаў фігурную язду на веласіпедзе. Без адзінай памылкі здалі гэты залік старшаму інспектару аддзялення ДАІ РАУС Віктару Котаву ўсе члены каманды Канюхоўскага ясляў-сада – СШ, яны ж і атрымалі перамогу і падарункі ад аддзялення ДАІ. Другое месца ў гэтым конкурсе заняла каманда Вялікабераставіцкай СШ, трэцяе – Кватарскага ясляў-сада – БШ. У конкурсе “Снайпер” каманды спаборнічалі ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, лепшымі ў ім аказаліся атрады Вялікабераставіцкай, Алекшыцкай і Вялікаэйсмантаўскай СШ. Самымі меткімі стралкамі прызнаны Дзмітрый Носка, Вялікабераставіцкая СШ), Андрэй Авенка (Вялікаэйсмантаўская СШ) і Анастасія Дубіцкая (Вялікабераставіцкая СШ). У конкурсе баявых лісткоў, якія адлюстроўвалі ход гульні, перамогу атрымала каманда Паплаўскага ясляў – сада – БШ, другое месца заняў атрад Вялікаэйсмантаўскай СШ, трэцяе – Вялікабераставіцкай СШ. Конкурс “Памяць” прысвячаўся 90-годдзю піянерскага руху і расказваў аб мерапрыемствах, якія праводзіліся з гэтай нагоды ў піянерскіх дружынах. Самыя цікавыя метадычныя матэрыялы прадставілі піянеры Вялікаэйсмантаўскай СШ, Вялікабераставіцкай СШ і гімназіі аг.Пагранічны. У турыстычнай эстафеце “Адзін за ўсіх, усе за аднаго” каманды вызначалі азімут, адлегласць да аб’екта па карце, расшыфроўвалі тапаграфічныя знакі, спаборнічалі ў вязанні вузлоў, праходжанні мышалоўкі, пераправе па бервяну. Лепшы час у гэтым конкурсе паказалі каманды Вялікабераставіцкай, Малабераставіцкай СШ, гімназіі аг.Пагранічны. Па выніках усёй гульні пераможцам стала каманда Вялікабераставіцкай СШ, другое месца заняў атрад Вялікаэйсмантаўскай СШ, трэцяе – каманда Алекшыцкай СШ. Пераможцы гульні і асобных конкурсаў былі ўзнагароджаны граматамі і падарункамі аддзелаў адукацыі і па справах моладзі райвыканкама,

каманда Вялікабераставіцкай СШ пачала ўжо падрыхтоўку да абласной “Зарніцы”.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *