Летняя занятасць моладзі: будзе жаданне — будзе і работа

Лента новостей Общество

Лічаныя дні засталіся да канца навучальнага года і доўгачаканага лета. Несумненна, што большасць маладых людзей ужо вырашыла, як правядзе свае канікулы. Адпачынак і аздараўленне, вядома, патрэбны пасля напружанай вучобы, але зусім не лішняй многія юнакі і дзяўчаты лічаць магчымасць знайсці часовую работу на летні перыяд, каб зарабіць пэўную суму грошай на ўласныя патрэбы.
Каб даведацца, як будзе арганізавана другасная занятасць моладзі ў час канікулаў, я звярнулася ў аддзел па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Як паведаміла начальнік аддзела Ірына Васільева, ужо заключаны дагаворы на работу вучнёўскіх брыгад на базе трох навучальных устаноў.
Дзве брыгады будуць працаваць на базе Макараўскага ясляў-сада – СШ: з 4 па 15 чэрвеня (8 чалавек) і з 18 па 29 чэрвеня (15 чалавек).
З 11 па 22 чэрвеня прыступяць да працы вучнёўскія брыгады ў Масалянскім яслях-садзе – СШ (17 чалавек) і Вялікаэйсмантаўскай СШ (15 чалавек).
Школьнікі будуць працаваць пераважна на добраўпарадкаванні тэрыторыі сваёй навучальнай установы, падрыхтоўцы яе да новага навучальнага года.
Створаныя працоўныя месцы ў вучнёўскіх брыгадах будуць фінансавацца са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, якія накіроўваюцца на забеспячэнне занятасці, выдзелена іх у гэтым годзе каля 30 млн. рублёў. Прычым, падкрэсліла Ірына Алегаўна, амаль 96% ад гэтай сумы пойдзе на аплату працы маладых людзей.
Акрамя гэтага, многія арганізацыі раёна гатовы разгледзець магчымасць прыёму на працу школьнікаў і студэнтаў у летні перыяд.
Што датычыць падлеткаў ва ўзросце да 18 гадоў, то практычна ўсе сельскагаспадарчыя кааператывы запрашаюць моладзь на відавую праполку і работу на зернетаках у час уборачнай кампаніі.
Маладыя людзі, якім ужо споўнілася 18 гадоў, могуць звяртацца ў Бераставіцкі філіял аблспажыўтаварыства, тут гатовы прыняць на работу на час замены водпускаў прадаўцоў, аператараў ЭВМ, упакоўшчыкаў.
Бераставіцкі камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва запрашае паўналетніх юнакоў у цэх жалеза — бетонных вырабаў, ёсць і іншыя вакансіі.
Пры жаданні, знайсці работу на лета можна, запэўнілі мяне ў аддзеле па працы і занятасці, маладым людзям можна звяртацца непасрэдна сюды або прама да наймальнікаў.
Займаецца рэгістрацыяй жадаючых працаваць у час канікулаў і раённы камітэт БРСМ, цяпер тут таксама вядзецца актыўны пошук працоўных месцаў для моладзі.
Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *