Місія настаўніка –абуджаць у дзяцей творчы інтарэс

Культура Лента новостей Образование

Пекар праз некалькі гадзін радуецца выпечанаму хлебу, цырульнік ужо праз гадзіну бачыць вынік сваёй працы і толькі настаўнікам трэба працаваць доўга, чакаць гады, каб зразумець, што яго тварэнне ўдалося, і адчуць сябе запатрабаванымі ў прафесіі. У гэтым сэнсе настаўнік мастацкіх дысцыплін Пагранічнага філіяла Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў Наталля Жалязоўская па праве можа адчуваць задавальненне ад сваёй работы. Яе вучні Катажына Кулікоўская і Юлія Шымановіч сталі студэнтамі мастацкіх сярэдне-спецыяльных і вышэйшых устаноў. Але і тыя, хто не паступаў на спецыяльнасці, звязаныя з выяўленчым мастацтвам, дызайнам ці архітэктурай, з поспехам выкарыстоўваюць атрыманыя веды і творчыя навыкі ў далейшай вучобе і працы.

У Пагранічным філіяле Бераставіцкай ДШМ Наталля Жалязоўская працуе з 2004 года. Скончыла мастацкую школу ў Мастах, адкуль родам, Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці «дызайн». Сёння ў яе займаюцца 13 вучняў.
Па выніках 2019 года Наталля Жалязоўская занесена на раённую Дошку гонару. Тады Наталля Мікалаеўна стала ўладальніцай дыплома лаўрэата І ступені Міжнароднага дыстанцыйнага конкурсу «The open world in Paris», які праводзіўся ў Францыі. А ў 2020 годзе была адзначана дыпломам I ступені і падзячным лістом ад арганізатараў і журы Міжнароднага анлайн-конкурсу выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Сімфонія Кветак – Samocvity» у горадзе Львове.
Міжнародныя дыстанцыйныя творчыя конкурсы набіраюць усё большую папулярнасць. Удзел у іх становіцца і для дарослых, і для дзяцей новай яркай старонкай іх творчага шляху, стымулам да асобаснага росту і самаўдасканалення.
– Мне важна ў сваёй працы і ў творчай дзейнасці адчуваць развіццё, рух наперад, набываць вопыт, спазнаваць штосьці новае, – кажа Наталля Мікалаеўна. – Удзел у міжнародных праектах гэта дае. Я рада, што мая творчасць была заўважана і так высока ацэнена.
Гэта далёка не адзіная перамога Наталлі Жалязоўскай у падобных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Вучні Наталлі Мікалаеўны таксама штогод удзельнічаюць у конкурсах рознага ўзроўню і займаюць прызавыя месцы. Бераставічане знаёмыя з творчасцю настаўніцы па яе выставе жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якая адбылася некалькі гадоў таму ў фае дзіцячай школы мастацтваў, па экспазіцыях у Пагранічным філіяле школы мастацтваў і раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, прымеркаваным да розных святочных мерапрыемстваў, па яе ўдзелу у раённых фестывалях.

Многім падабаюцца яе работы ў тэхніцы вітраж – загадкавыя, прыгожыя, з характэрным аўтарскім почыркам. Праца са шклом патрабуе ад мастака асаблівага майстэрства, акуратнасці, цярпення. Але для Наталлі Мікалаеўны гэтая тэхніка аказалася найбольш блізкая і цікавая. Тут палёт яе фантазіі праявіўся найбольш ярка.
Галоўнай жа сваёй місіяй Наталля Жалязоўская лічыць абуджэнне ў дзяцей творчага інтарэсу, раскрыццё здольнасцяў да выяўленчай дзейнасці і іх далейшае ўдасканаленне.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *