Літаратурны дэбют – удалы! Уражаннямі ад кнігі бераставічаніна Леаніда Калесніка дзеляцца нашы чытачы

Лента новостей Общество

З вялікім задавальненнем прачытала кнігу настаўніка гісторыі Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Леаніда Раманавіча Калесніка “Ад Алекшыц да Эйсмантаў: час, прастора, лёсы”, якая нядаўна выйшла ў свет у мінскім выдавецтве “Колорград”.

Гэтая кніга прысвечана гісторыі, прыродзе і культуры некалькіх вёсак мясцовасці, указанай у назве: ад Алекшыц да Эйсмантаў. Дапытлівы чытач даведаецца з яе пра разбураны алекшыцкі замак, разам з аўтарам паспрабуе разгадаць загадкі алекшыцкай царквы, павандруе па мясцовых рэчках ад вытокаў да вусцяў, даследуе помнікі прыроды нашага краю, пазнаёміцца з лёсамі неардынарных творчых людзей нашых ваколіц. Некалькі эсэ ўяўляюць сабой успаміны аўтара пра сваіх настаўнікаў, продкаў. Цікавасць чытача выклічуць імёны і прозвішчы першых пасяленцаў Алекшыц (1509 г.), а таксама невытлумачальныя паранармальныя з’явы нашай мясцовасці.
Асаблівую каштоўнасць надаюць выданню рупна скла­дзеныя аўтарам слоўнікі мянушак і мікратапонімаў. У кнізе ўпершыню апублікаваны спавядальныя роспісы Алекшыцкай царквы з Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва і ўласнага архіва аўтара. Каштоўнасць іх ўзрастае яшчэ і з прычыны страты архіўных дакументаў Алекшыцкай царквы і поўнай іх адсутнасці ў дзяржаўным гістарычным архіве Беларусі. Клапатліва захаваныя і даследаваныя аўтарам, гэтыя ўнікальныя гістарычныя крыніцы дазволяць выхадцам з Алекшыц, Жукевіч, Ярмоліч, Кубельнікаў, Навасёлак, Пыхоўчыц знайсці сваіх продкаў нават да дзясятага калена, бо адсылаюць нас на два стагоддзі назад, аж у часы ўніяцтва (1824 г.). Усяго такіх спісаў прыха­джан Алекшыцкай царквы тры: акрамя названага, яшчэ і за 1843 і 1929 гады. Можна толькі пазайздросціць карэнным жыхарам Алекшыцкіх ваколіц, бо няшмат каму ўдаецца скласці свой радавод нават з дапамогай архіваў з-за адсутнасці дакументаў.
Кніга ўжо атрымала ўхвальныя водгукі навукоўцаў. Вось некалькі вытрымак з водзыва, дасланага доктарам гістарычных навук, прафесарам Сяргеем Пятровічам Стрэнкоўскім: “Дзень добры, шаноўны Леанід Раманавіч!
Шчыра Вам ўдзячны за такі шыкоў­ны падарунак, якім з’яў­ляецца Вашая кніга. Прачы­таўшы яе, нібы дакрануўся душою да малой радзімы сваёй матулі і маёй, канечне, таму што гады майго маленства цесна звязаны з Бераставіччынай. І Алекшыцы, і Эйсманты, і Траццякі, і Валотынь, і Гольні, і Верхаўляны былі кропкамі маіх падарожжаў пешшу ці на ровары ў летні час, калі мы гасцявалі ў дзядулі і бабулі ў Данілках.
На самой справе Вашай кніга — гэта велізарная праца і, разам з тым, велізарны ўнёсак у развіццё ведаў пра нашу лакальную і ў цэлым айчынную гісторыю. Я часам думаю, што калі б кожны настаўнік гісторыі, геаграфіі, літаратуры зрабіў бы нават невялікі краязнаўчы нарыс пра тыя мясціны, дзе ён працуе, то зніклі б шматклікія белыя плямы, якія існуюць у нашай гістарычнай навуцы…
Вельмі кранулі Вашы нарысы па анамастыцы. Мая бабуля калісьці распавядала мне пра назвы ўсіх рачулак, ручаёў, лясоў, урочышчаў, пагоркаў у ваколіцах Данілак, Жукевічаў, Пархімаўцаў, Даўбянкоў, пра панскія сядзібы ў Пархімаўцах, Даргужах, Злобаўш­чыне і іх жыхароў… На жаль, нідзе іх не занатаваў. А цяпер, напэўна, ужо і няма ў каго ўзнавіць іх.
Вельмі важным падаецца мне і публікацыя Вамі дакументаў з былога царкоўнага архіва. На­самрэч сёння захаванасць царкоўных архіваў, а дакладней іх незахаванасць, гэта вялізарная праблема. Працуючы на кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай акадэміі, увесь час пры падтрымцы калег імкнуся гэту праблему ўзнімаць, неяк заахвочваць святароў, што займаюцца ў акадэміі, асабліва на завочным аддзяленні, праводзіць адпаведныя пошукі, алічбоўваць па магчымасці тое, што ёсць, ці перадаваць на кафедру… На жаль, архівы многіх храмаў і благачынняў страчаны беззваротна.
Вельмі каштоўныя і Вашы нарысы пра святароў, што служылі ў Алекшыцкай царкве. Толькі заўчора гаварылі пра гэта з мітрапалітам Веніямінам. Сёння асабліва цікавая інфармацыя пра святароў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Захады савецкай улады і вандалаў сцёрлі з памяці не толькі пісьмовыя звесткі пра іх, але і шмат дзе помнікі ім каля цэркваў ці на могілках. Адшукаць такія звесткі зараз у многіх выпадках даволі цяжка. Летась я выдаў кнігу пра свяшчэнна- і царкоўнаслужыцеляў Ашмянскага і Лідскага паветаў за названы перыяд, на наступным тыдні выйдзе такая ж кніга па Навагрудскім павеце. Гаварылі з Экзархам, што добра было б, калі б такія кнігі былі створаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі.
На мой погляд, яшчэ адной каш­тоўнасцю Вашай кнігі з’яўляюцца ўспаміны нашых землякоў, бо погляд на гістарычныя падзеі іх сучасніка — гэта адна з найлепшых крыніц для іх асэнсавання.
А фотаздымкі тых часоў – гэта ж проста дыямант!
Яшчэ раз вялікі Вам дзякуй!”
Я таксама лічу, што выхад гэтай кнігі – дарагі ва ўсіх сэнсах гэтага слова падарунак настаўніка-патрыёта землякам у Год малой радзімы. Застаецца толькі пашкадаваць, што тыраж кнігі, выдадзенай за кошт аўтара, невялікі (100 экзэмпляраў) і пазайздросціць тым, хто здолее яе атрымаць, бо з-за малога тыражу кніга ўваччу становіцца бібліяграфічнай рэдкасцю.
Напрыканцы хочацца павінша­ваць шаноўнага Леаніда Рама­навіча з удалым дэбютам, пажадаць натхнення і цікавых знаходак у наступных пошуках і даследаваннях і выказаць спа­дзяванне, што з’яўленне кнігі не пройдзе міма ўвагі грамадскасці, а стане прыемнай падзеяй у літаратурным і культурным жыцці раёна.
Галіна Румак, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алекшыцкай СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *