У старшыні ветэранскай арганізацыі аграфірмы “Стары Дворац” Ганны Анішчык жыццёвая пазіцыя – актыўная

Лента новостей Общество

Старшыня ветэранскай арганізацыі аграфірмы “Стары Дворац” Ганна Анішчык на працягу ўсяго свайго прафесійнага шляху была актыўным і старанным працаўніком, неабыякавым да спраў роднай гаспадаркі. І выйшаўшы на заслужаны адпачынак, яна працягвае выконваць грамадскія абавязкі, ужо чатыры гады ўзначальваючы ветэранскую арганізацыю.

-Ветэранская арганізацыя аграфірмы “Стары Дворац” налічвае на сённяшні дзень 96 чалавек, — гаворыць Ганна Паўлаўна. — Усе гэтыя людзі шмат гадоў аддалі роднай гаспадарцы, таму заслугоўваюць павагі. З удзячнасцю магу сказаць, што кіраўніцтва аграфірмы сваіх пенсіянераў не забывае і не крыўдзіць: на Дзень пажылых людзей мы заўсёды атрымліваем матэрыяльную дапамогу, за пасадку і апрацоўку бульбы плацім толькі палову кошту, на пахаванне кожнага пенсіянера гаспадарка выдзяляе дваццаць базавых велічынь і аплачвае транспарт. Калі пажылыя людзі яшчэ трымаюць гаспадарку, ім, як і працуючым, выпісваюць збожжа. У мінулым годзе яго нават па дамах развозілі, усім, каму яно было патрэбна. Ну і калі праходзяць святочныя мерапрыемствы і канцэрты, заўсёды запрашаюць і пенсіянераў. Я сама абзвоньваю сваіх ветэранаў, клічу, каб прыйшлі. Але, вядома, прыходзяць далёка не ўсе, толькі маладзейшыя.
Я заўсёды была актыўнай, і цяпер хочацца нешта арганізаваць, але людзі, асабліва старэйшыя, не вельмі адгукаюцца, вядома, з узростам ужо хочацца цішыні і спакою, ды і эпідэміялагічная сітуацыя цяпер такая, што не да масавых збораў, але раней мы ахвотна збіраліся.
У Стары Дворац Ганна Анішчык прыехала ў маі 1987 года, па запрашэнні старшыні калгаса Аляксандра Маханько.

-Аляксандр Міхайлавіч быў старшынёй калгаса імя Леніна ў Гродзенскім раёне, куды я трапіла па размеркаванні на працу пасля заканчэння Ваўкавыскага тэхнікума, — расказвае Ганна Паўлаўна. – Там, у Навасёлках, я працавала 11 гадоў: пачынала лабарантам, потым стала племулікоўшчыкам, затым загадчыкам фермы. Там выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачок.


Затым наш калгас быў далучаны да цяперашняга СВК імя В.І. Крамко, а Аляксандр Маханько ўзначаліў калгас “Перамога” ў Бераставіцкім раёне. Ён многіх са сваіх былых работнікаў стаў запрашаць да сябе на працу. Па яго просьбе і мы з мужам пераехалі ў Стары Дворац, я стала працаваць заатэхнікам-селекцыянерам, а муж — інжынерам па працаёмкіх працэсах.


Ганна Анішчык больш за дваццаць гадоў адпрацавала на пасадзе заатэхніка-селекцыянера, за гэты час атрымала шмат узнагарод, часта перамагала на конкурсах прафесійнага майстэрства, двойчы яе імя заносілася на раённую Дошку гонару.У мяне заўсёды былі нядрэнныя паказчыкі па ўзнаўленні статку, — адзначае Ганна Паўлаўна, – выхад цялят кожны год быў не меншы, чым 96 на 100 кароў. Не сорамна было паехаць на любую нараду, бо ведала, што крытыкаваць мяне не будуць. Добра працавала, бо добрых настаўнікаў мела. Галіна Канстанцінаўна Балюк, Дзмітрый Дзмітрыевіч Віхараў, Міхаіл Пятровіч Чоп – гэтыя тры чалавекі ў маім жыцці заўсёды дапамагалі і словам, і справай.
Потым давялося яшчэ амаль чатыры гады працаваць галоўным заатэхнікам, таксама нядрэнныя паказчыкі былі, больш чым 7 тысяч кілаграм малака на карову даілі.
Даводзілася і новыя тэхналогіі самой асвойваць, бо здаваўся новы комплекс “Бярозка” з камп’ютарызаванай сістэмай, прыйшлося самой сядаць за камп’ютар і ўводзіць інфармацыю па кожнай галаве, хоць нідзе гэтаму і не вучылася.
На розных пасадах працавала, калі трэба было, то і іншых спецыялістаў падмяняла — і галоўных заатэхнікаў, колькі іх было, і загадчыкаў фермаў, дэпутатам раённага Савета выбіралася.
У 2012 годзе я выйшла на пенсію, але яшчэ больш за паўгода працавала галоўным заатэхнікам, а потым яшчэ год — эканамістам у канторы. Як быццам, далі мне лягчэйшую работу, але выседзець восем гадзін на адным месцы для мяне было вельмі цяжка, гэты год мне за пяць выдаўся. Я ж увесь час была ў руху, а тут трэба сядзець за сталом цэлы дзень, не захацела я такой працы. Колькі сябе помню, я заўсёды была актыўнай, паездзіла па ўсім свеце. Яшчэ калі ў Гродзенскім раёне працавала, то і ў Венгрыі, і Чэхаславакіі, Польшчы пабывала, і на Каўказе была, і ў Маскве. Пуцёўкі тады давалі ад калгаса, ды ехаць асабліва ніхто не хацеў, а я заўсёды з задавальненнем. Дзяцей да свякрухі адвязу — і паехала.
У Старым Дворцы таксама весела было. Калгасны хор пры Маханьку арганізавалі, чалавек пад сорак у ім было, ён нават званне “народны” меў. Выступалі з гэтым хорам мы па ўсіх вёсках Бераставіцкага раёна, ездзілі і ў Гродна, і ў Польшчы бывалі. Бывала, што і сварыліся, крычалі, што не хочам гэтага хору, а цяпер, калі сустрэнемся з жанчынамі дзе ў бібліятэцы, дык хоць ёсць што ўспомніць.
У той час мы з мужам і гаспадарку трымалі — дзве каровы і свіней, птаства многа, і буракоў дзялкі вялізныя мелі, але на ўсё хапала часу, нават у хор збегаць. А цяпер уся мая гаспадарка – куры ды кошка.
Ужо год, як Ганна Анішчык засталася адна – год назад памёр муж, два гады не стала маці, якая жыла пры Ганне Паўлаўне больш за 30 гадоў.

-Вядома, адной сумна і цяжка жыць, — уздыхае мая субяседніца, — але нічога не зробіш — гэта жыццё. Зімой часта хаджу ў бібліятэку, люблю чытаць, а цяпер кнігі прачытала, а аднесці часу няма, агародам займалася. У пажылым ўзросце трэба больш глядзець за сабою, берагчы здароўе, бо нікому ты хворы не будзеш патрэбны, гэта я заўсёды гавару сваім пенсіянерам. Хачу павіншаваць усіх членаў нашай ветэранскай арганізацыі з Днём пажылых людзей, пажадаць моцнага здароўя і каб восень іх жыцця была спакойнай і бясхмарнай.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *