Дні еўрапейскай спадчыны на Бераставіччыне

Культура Лента новостей

Дні еўрапейскай спадчыны – шырокамаштабная культурная акцыя, якая была афіцыйна зацверджана Саветам Еўропы ў 1991 годзе. Мерапрыемствы, прысвечаныя Дням еўрапейскай спадчыны, арганізуюцца з канца жніўня па кастрычнік дзяржавамі, якія ратыфікавалі Еўрапейскую культурную канвенцыю Савета Еўропы ў 1954 годзе. Беларусь знаходзіцца ў іх шэрагу.

Еўрапейскія дні спадчыны праводзяцца з мэтай павышэння інфармаванасці аб матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыне, якая на працягу ўсёй гісторыі Еўропы ўдзельнічала ў фарміраванні культуры яе народаў, а таксама аб тых каштоўнасцях, якія яна сёння ўвасабляе. Ва ўстановах культуры Бераставіцкага раёна таксама арганізаваны шэраг мерапрыемстваў у рамках Дзён еўрапейскай спадчыны.
Музей Вавёркі прадстаўляе выставу «Архітэктурная спадчына Бераставіччыны», якая знаёміць наведвальнікаў ​​з такімі захаваўшыміся і страчанымі помнікамі архітэктуры раёна, як касцёл Візітацыі Найсвяцейшай Панны Марыі, царква Мікалая Цудатворцы, касцёл Праабражэння Гасподняга, палац Касакоўскіх і ратуша XVIII стагоддзя ў Вялікай Бераставіцы, маёнтак Біспінгаў у Масалянах, сядзібна-паркавы ансамбль Гліндзічаў у Кватарах, касцёл Архангела Міхаіла і Марыі Магдалены ў Красніках, царква святога велікамучаніка Дзмітрыя Салунскага і касцёл святога Антонія Падуанскага ў Малой Бераставіцы. Знаёмства адбываецца праз фотаздымкі пачатку ХХ стагоддзя і праз рэпрадукцыі малюнкаў мастака Напалеона Орды.
У філіяле “Алекшыцкая сельская бібліятэка” арганізавана кніжная міні-выстава “Сусветная спадчына – нашчадкам”, якая знаёміць з помнікамі архітэктуры сусветнай спадчыны, са старадаўнімі сядзібамі Гродзеншчыны, праваслаўнымі і каталіцкімі храмамі Рэспублікі Беларусь.
У філіяле “Канюхоўская інтэграваная сельская біблія-тэка” адбылася відэаэкскурсія “Гісторыя ўзнікнення акцыі “Дні еўрапейскай спадчыны”. Падчас мерапрыемства школьнікі здзейснілі віртуальнае падарожжа па 34-х аб’ектах сусветнай спадчыны ў 19-ці краінах Еўропы.
Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка наладзіла “падарожжа” ў гісторыю архітэктурных помнікаў малой радзімы – царквы святога велікамучаніка Дзмітрыя Салунскага (1866), касцёла святога Антонія Падуанскага (1851-1863), сядзібна-паркавага ансамбля Ваўкавіцкіх (1795), маёнтка Бераставіца Мураваная (1750).
Дзіцячая бібліятэка падрыхтавала віртуальную прэзентацыю, прысвечаную старажытным маёнткам Гродзенскай вобласці – у Гродне, Крэва, Гальшанах, Любчы, Лідзе, Міры, Навагрудку.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *