Педагог, наватар, валанцёр. Алена Будніцкая ўзнагароджана Граматай Міністэрства адукацыі РБ

Актуально Лента новостей Образование

На абласной нарадзе работнікаў сістэмы адукацыі, якая адбылася ў Гродне 28 жніўня,  шэраг педагогаў Гродзеншчыны атрымалі заслужаныя ўзнагароды за шматгадовую і старанную працу. Сярод іх – і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Макараўскага ясляў-сада-сярэдняй школы Алена Будніцкая, якая была ўзнагароджана Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У скарбонцы дасягненняў Алены Антонаўны шмат уласных узнагарод рознага ўзроўню, але больш ахвотна яна гаворыць аб дасягненнях сваёй установы адукацыі. Пад яе кіраўніцтвам навучэнцы Макараўскага ясляў-сада-сярэдняй школы шматразова станавіліся прызёрамі разнастайных раённых,   абласных і нават рэспубліканскіх  конкурсаў

Толькі за 2020 год прадстаўнікамі ўстановы адукацыі здабыта  ўжо 61 прызавое месца, па выніках 2019 года іх было 47, а ў 2018 годзе – 82.

Алена Будніцкая актыўна трансліруе свой педагагічны вопыт у сродках масавай інфармацыі, яна з’яўляецца пастаянным аўтарам “Бераставіцкай газеты”, яе публікацыі рэгулярна друкуюцца на старонках “Настаўніцкай газеты”, часопіса “Выхаванне і дадатковая адукацыя”, газеты “Зорька”.

Агульны педагагічны стаж Алены Антонаўны складае ўжо 33 гады, з іх 26 гадоў яна працуе ў  Макараўскім яслях-садзе-сярэдняй школе, у тым ліку намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ўжо 13 гадоў. З новага навучальнага года гэта пасада ва ўстанове адукацыі скарачаецца, і Алена Будніцкая будзе працаваць настаўнікам пачатковых класаў.

— Напрацовак  па выхаваўчай рабоце ў мяне за гэтыя гады сабралася вельмі шмат, нават крыху шкада, што больш не буду гэтым займацца, — гаворыць Алена Антонаўна. – Але, напэўна, так нельга гаварыць, бо ўсё роўна  ж буду, так як класнае кіраўніцтва – гэта таксама выхаваўчая работа. Праца з дзецьмі — гэта тое, што мне найбольш падабаецца, тое, што прыносіць галоўнае задавальненне ў прафесіі,  напэўна таму я так чакаю заўсёды лета, каб працаваць з дзецьмі ў лагеры.

Алена Будніцкая знаходзіцца ў пастаянным пошуку ідэй і новых методык. Яна адной з першых у  раёне пачала працаваць па  тэхналогіі “Крок за крокам”, займаецца праектнай дзейнасцю,  заўсёды імкнецца шукаць інавацыйныя падыходы ў рабоце са сваімі вучнямі.

Важным напрамкам яе дзейнасці з’яўляецца і падтрымка валанцёрскага руху. Алена Антонаўна стала ідэйным натхняльнікам і каардынатарам валанцёрскага атрада, які дзейнічае ў Макараўскім яслях-садзе-базавай школе.

— Валанцёрскі атрад узнік у нашай школе  ўжо гадоў як 15 назад, — удакладняе мая субяседніца. —  Яго стваральнікам была тагачасны педагог–арганізатар Уладзіслава Саўко. Я вырашыла працягнуць работу ў гэтым накірунку. І сёння нашы валанцёры дапамагаюць тым людзям, якія патрабуюць асаблівай увагі і клопату, уздымаюць экалагічныя праблемы, праводзяць прафілактыку наркаманіі і шкодных звычак сярод сваіх равеснікаў, арганізуюць віншавальныя праграмы, збіраюць падарункі для дзяцей і жыхароў Макараўскага дому-інтэрнату.

Алена Будніцкая гаворыць, што ў  педагогіку яна  прыйшла па прыкладзе сваіх настаўнікаў, на якіх ёй пашчасціла ў школе, і вельмі спадзяецца, што і яе асабісты прыклад стаў для некаторых яе вучняў маячком для выбару будучай прафесіі, бо выпускнікоў, якія выбралі настаўніцкі шлях, у Макараўскім яслях-садзе-сярэдняй школе нямала.

— Я лічу, што жыццё пражыта не дарэмна, — усміхаецца настаўніца. – У свет пайшло шмат выпускнікоў,    якія сваёй працай праславілі нашу школу, якімі сапраўды можна ганарыцца.

А каб быць паспяховым педагогам, упэўнена Алена Антонаўна, трэба абавязкова   дабівацца пастаўленай мэты, бо калі ты нешта задумаў, але не рэалізаваў гэта, то ты проста страціў час.

— А калі паставіў мэту і дабіўся яе – гэта поспех, — гаворыць яна. —  Мне здаецца, што я ўвесь час іду па своеасаблівай лесвіцы да поспеху, кожны год уздымаючыся на новыя прыступкі, знаходзячы новыя формы і метады выхаваўчай работы. На гэтым шляху мне вельмі дапамагае наш калектыў – у школе сабралася моцная каманда аднадумцаў на чале з дырэктарам Аленай Панкевіч, а таксама класныя кіраўнікі, педагог-арганізатар. Дзякуючы гэтай камандзе мы дасягаем агульных поспехаў. Ну і, вядома, падтрымка сям’і таксама вельмі важная, мне пашчасціла, што мае родныя для мяне першыя памочнікі ва ўсім — гэта мяне радуе і дае сілы для новых дасягненняў.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *