Педагог з Алекшыц атрымала прэмію “Жанчына года”

Актуально Без рубрики

На мінулым тыдні ў Гродне адбылося ўрачыстае ўшанаванне жанчын — лаўрэатаў прэміі “Жанчына года”. У ліку самых дастойных прадстаўніц “слабога полу” вобласці і наша зямлячка — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алекшыцкай сярэдняй школы Святлана КУРЫЛА (на фота).
Дарэчы, конкурс “Жанчына года” стаў ужо традыцыйным у нашай краіне і ў гэтым годзе прайшоў у чацвёрты раз. Сёння Беларускі саюз жанчын, які праводзіць яго, — гэта адна з самых уплывовых арганізацый у рэспубліцы і налічвае амаль 200 тысяч чалавек. На тэрыторыі нашага раёна дзейнічаюць 20 “пярвічак”, якія аб’ядноўваюць звыш 450 жанчын. Старшынёй раённай арганізацыі ГА “БСЖ” з’яўляецца начальнік аддзела ідэалагічнай работы Бераставіцкага райвыканкама Анастасія Раманік.
Цырымонія ўручэння ўзнагарод адбылася ў Гродзенскім дзяржаўным музычным каледжы. 24 жанчыны з усёй вобласці — паспяховыя, таленавітыя і непаўторныя — былі адзначаны ў 7 намінацыях: “За лідарства і паспяховае кіраўніцтва”, “За дасягненні ў выхаванні дзяцей”, “За актыўную грамадскую дзейнасць”, “За дасягненні ў вобласці сельскай гаспадаркі”, “За жаночую мужнасць”, “За дабрачыннасць і міласэрнасць”, “За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне”. Разам са статуэткамі Еўфрасінні Полацкай — сімвалам захавальніцы сямейнага ачага — лаўрэатам былі ўручаны граматы БСЖ і памятныя падарункі.
— Гэта падзея стала для мяне сапраўднай нечаканасцю,–гаворыць Святлана Уладзіміраўна, таму што аб сваёй перамозе я даведалася ўжо непасрэдна на цырымоніі. Мерапрыемства прайшло ў вельмі добразычлівай атмасферы і, без сумненняў, пакінула глыбокі эмацыянальны след у кожнай яго ўдзельніцы. Вітаючы лаўрэатаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, старшыня абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Марыя Бірукова асабліва падкрэсліла, што сёння жанчына — жонка, маці, прафесіянал, а, нярэдка, і грамадскі дзеяч, таму яе моц крыецца якраз у якасным сумяшчэнні гэтых складаемых роляў.
Педагог удзячная Бераставіцкаму райвыканкаму і, у прыватнасці, аддзелу адукацыі за аказаны давер і прызнанне яе прафесійных дасягненняў. А яшчэ Святлана Уладзіміраўна сціпла дадае, што на яе месцы заслужана магла апынуцца і кожная іншая яе калега.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *