Працай слаўны чалавек. Дзень Незалежнасці для Рамуальды Кучынскай з аграгарадка Стары Дворац  – гэта не толькі галоўнае дзяржаўнае свята, але і дзень нараджэння

Лента новостей Человек и его дело

Дзень Незалежнасці для Рамуальды Кучынскай з аграгарадка Стары Дворац  – гэта не толькі галоўнае дзяржаўнае свята, але і дзень нараджэння. Праўда, Рамуальда Казіміраўна трохі старэйшая за слаўную дату вызвалення нашай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – у гэтым годзе яна адзначыць 80-гадовы юбілей. Але можна сказаць, што ўсё сваё свядомае жыццё для яе гэты дзень быў напоўнены не толькі віншаваннямі з нагоды яе асабістага свята, але і ўсеагульнай радасцю ад таго, што беларускі народ дабіўся свайго вызвалення і незалежнасці.

Нарадзілася Рамуальда Кучынская (у дзявоцтве Іядкоўская) 3 ліпеня 1940 года ў вёсцы Вялікія Ёдкавічы. Яе бацькі,  Казімір Геранімавіч  і Ядзвіга Францаўна,  выхоўвалі траіх дзяцей: акрамя Рамуальды ў сям’і падрастала яе   старэйшая сястра Ванда   і малодшы брат Станіслаў.   Жыццё ў той час і так было нялёгкім, а тут пачалася яшчэ і Вялікая Айчынная вайна.

— Падзеі тых часоў я амаль не помню, — гаворыць Рамуальда Казіміраўна, — вядома ж, была яшчэ зусім малым дзіцём. Але адзін эпізод назаўсёды застаўся ў памяці: як немцы забілі дзеда. Мой бацька на вайну не пайшоў, бо быў хворы, мы жылі ўсе ў адной хаце: наша сям’я, дзед і бацькаў брат.   Я  не магу сказаць дакладна, колькі мне тады было гадоў, можа, трохі больш за тры, але помню, што дзед глянуў у акно, потым кінуўся бегчы, і на гародзе яго немцы застрэлілі. За што яго забілі, я не ведаю, магчыма, яны забіралі нешта з гаспадаркі, а ён не даваў, бо і конь,  і карова ў нас былі тады.

Пасля гэтага ўсю нашу сям’ю немцы арыштавалі і  трымалі ў турме ў Індуры. Брат Станіслаў быў яшчэ зусім маленькі, мама расказвала што сушыла яму пялёнкі ў сябе на целе. А майго бацьку немцы вельмі моцна збілі, ён доўга хварэў і пасля вайны хутка памёр.

Нялёгкімі  былі і першыя пасляваенныя гады. Рамуальда Казіміраўна пайшла ў школу ў Вялікіх Ёдкавічах, але закончыла толькі шэсць класаў і стала працаваць: сям’я пачала будаваць свой дом і патрэбна была любая капейка.  Спачатку яна працавала ў паляводстве, а потым стала даяркай — даіла кароў на ферме ў Малых Ёдкавічах.

— Як пачынала працаваць, 14 кароў трэба было рукамі падаіць, — успамінае Рамуальда Казіміраўна, — а потым яшчэ на заняткі ў вячэрнюю школу бегчы. Але маладыя былі, здаровыя, працы не баяліся. Калі я закончыла вячэрнюю школу,    старшыня калгаса Іосіф Кузьміч паставіў мяне загадчыцай на гэтую ферму. Калектыў у нас быў харошы, дружны, разам не толькі працавалі, але і дні нараджэння кожнай даяркі адзначалі, усе святы. Ферма наша была заўсёды ў перадавіках, а я ў  1970 годзе медаль “За доблесную працу” атрымала — за захаванне цялят, бо не было падзяжу ў мяне ніколі —  ні як даяркай, ні як загадчыцай працавала. Бывала, што і яйкі з дома насіла цялятам, каб мацнейшыя былі, даглядалі іх, як дзяцей.  

З канторы прыходзілі,   прапаноўвалі мне ісці далей вучыцца, хацелі мяне ў Ваўкавыск у тэхнікум накіраваць, але я замуж пайшла. Праўда, перад гэтым паспела яшчэ курсы трактарыста-машыніста  закончыць, прыязджалі да нас выкладчыкі з   Бераставіцкага СПТВ-37, на мехмайстэрнях з намі займаліся, нават стыпендыю плацілі.

Рамуальда Казіміраўна дастае пасведчанне трактарыста-машыніста і ўсміхаецца:

— На трактары навучылася ездзіць, але не працавала, а вось суседка, з якой я вучылася, стала трактарысткай.

У 1972 годзе Рамуальда Казіміраўна выйшла замуж і пераехала ў Стары Дворац. Дакладней, не ў саму вёску, а на хутар да мужа, гэта месца і цяпер так называюць — хутар Кучынскіх. Муж, Здзіслаў Кучынскі, быў ужо старэйшым хлопцам, яму пад сорак гадоў падбіралася. Яго бацькі памерлі, і ён застаўся адзін    на хутары, а там была немалая гаспадарка,  і востра адчувалася патрэба ў  жаночых  руках.   Таму пасля знаёмства яны хутка пажаніліся, і Рамуальда Казіміраўна стала гаспадыняй на даволі вялікім хутары,   65 сотак зямлі там было. Таму на работу яна адразу не пайшла, займалася гаспадаркай. У 1973 годзе нарадзілася дачка Данута, у 1976 годзе – сын Эдуард. А паміж імі быў яшчэ Янак, які памёр пасля  нараджэння. Але сямейнае жыццё Рамуальды Кучынскай не было доўгім: у 1977 годзе трагічна загінуў муж, разбіўся на матацыкле.

— Эдзіку ў той час толькі год і тры месяцы было, а Дане тры годзіка, — уздыхае Рамуальда Казіміраўна. — Гэта былі самыя цяжкія гады ў маім жыцці. Дзіцячага садка  тады не было яшчэ, дзяцей не было з кім пакінуць, добра, што людзі тады былі дружныя, у бядзе не пакінулі, дапамагалі і з дзецьмі, і з гаспадаркай.

Калі адкрыўся дзіцячы сад, мяне запрасілі працаваць загадчыцай комплексна-прыёмнага пункта ад Дома быту ў Старым Дворцы, там я адпрацавала гадоў сем.

Гэты перыяд працоўнай дзейнасці Рамуальды Кучынскай адзначаны званнем “Ударнік камуністычнай працы”, якое яна атрымала ў 1982 годзе – за выкананне і перавыкананне планаў паслуг.

— На прыёмныя пункты размяркоўвалася прадукцыя Дома быту, і нам трэба было яе рэалізоўваць, — расказвае Рамуальда Казіміраўна. – Можна было свайму насельніцтву прадаваць, а можна было шукаць і іншыя месцы збыту. Я наладзіла адпраўку нашай прадукцыі ў Сібір, Якуцію, адпраўляла пасылкамі праз пошту нашы дываны, адзенне, абутак, у адказ атрымала шмат пісем з падзякамі, бо людзі там грошы мелі, а вось тавараў не было. Праца была цікавай, але цяжкай для мяне з дзецьмі: трэба было часта ў Вялікую Бераставіцу ездзіць са справаздачамі і на сходы розныя. А я пакуль карову падаю, дык і на аўтобус спазнюся. Таму вырашыла змяніць працу і пайшла працаваць вагаўшчыком. На цэнтральных вагах у Старым Дворцы ўжо да самай пенсіі і працавала. Праз іх праходзіла і зерне, і сянаж, і сена, і кармавыя буракі. У летнюю пару бывала, што і да часу-двух ночы на працы затрымлівалася, пакуль усё пераважу.  Але мне ўжо было лягчэй, бо дзеці падрасталі, дапамагалі мне, а яшчэ маці мая да мяне пераехала жыць, дык таксама добрая падтрымка была.

У 55 гадоў Рамуальда Казіміраўна выйшла на пенсію, але без працы не сядзела.  Завяла дзве каровы, цялят, свінаматкі трымала, здавала малако дзяржаве.

Яна і цяпер яшчэ, нягледзячы на ўзрост, стараецца нешта зрабіць на гаспадарцы.

— Але цяпер гаспадары тут маладыя, — усміхаецца жанчына. —   Сын Эдзік пабудаваў у Гродне  кватэру, але там не прыжыўся, вярнуўся дадому, займаецца цяпер рамонтам, правёў ацяпленне, ваду ў дом, жыву цяпер з усімі выгодамі. Ён любіць на зямлі працаваць, вінаград пасадзіў, клубніцы, маліны, буякі,   возера выкапаў, сваю рыбу завялі. Вядома, нявестка больш агародам займаецца, але і я дапамагаю. Дзеці залатыя ў мяне, на кожным кроку дапамагаюць, дачка з мужам і ўнукамі  з Бераставіцы часта прыязджае, і сын побач.   У маладзейшыя гады нагаравалася, а цяпер жыву і жыццю радуюся.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *