Важныя справы малой станцыі

Человек и его дело

Чыгуначная станцыя “Бераставіца” Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі ў сілу абставін, якія склаліся ў свой час, а, менавіта, пасля распаду Савецкага Саюза, ператварылася з адной з самых напружаных і важных на заходнім напрамку ў … невялікую тупіковую. Перавозка грузаў зараз  з заходніх краін  на ўсход і ў процілеглым кірунку, у значна меншых аб’ёмах, ажыццяўляецца па аўтамагістралі, якая праходзіць у некаторых месцах зусім побач са стальнымі рэйкамі.
Аднак, і ў такіх умовах роля гэтай чыгуначнай станцыі для  зладжанага функцыянавання некаторых звенняў народнагаспадарчага комплексу, асабліва нашага раёна, застаецца вельмі важнай. Дастаткова ўявіць сабе тыя велізарныя горы цукровых буракоў, якія ўзвышаюцца восенню на тэрыторыі прыёмнага   пункта, і затым на працягу некалькіх месяцаў павольна знікаюць, дзякуючы бесперабойнай іх пагрузцы ў таварныя вагоны і  дастаўцы на цукровыя прадпрыемствы.
Зараз, калі ў разгары ўборачная кампанія, галоўным кампаньёнам чыгуначнікаў з’яўляецца прадпрыемства “Роскі камбікормавы завод”, ці хлебапрыёмны пункт, як яго звычайна называюць. Продаж хлеба дзяржаве – справа выключна важная, і гэта добра разумеюць усе. Таму     пагрузку збожжа тут трымаюць пад асаблівым кантролем.
А ў зваротным кірунку на станцыю прыбываюць вагоны з мінеральнымі ўгнаеннямі для ДП “Бераставіцкая сельгастэхніка”, з камбікармамі для птушкафабрыкі і СВК “Цецяроўка”, з бітумам для ДРБУ-160, а таксама з разнастайнымі грузамі для іншых арганізацый.
За 6 месяцаў бягучага года ўсяго на станцыі выканана      пагрузка 119 вагонаў і  выгрузка – 373. Статыстычная нагрузка, пры гэтым, склала ў пераліку на кожны вагон 52,38 тон. Калектыў тут працуе невялікі. За ходам усіх манеўровых аперацый пільна сочаць дзяжурныя па станцыі. Адна  з  іх,  Ніна Іванаўна Каліноўская, акурат замяшчала начальніка на час водпуску і ад яе я даведаўся пра многае з таго, чым зараз дзялюся з вамі, паважаныя чытачы. Сама Ніна Іванаўна працуе на станцыі з 1976 года пасля заканчэння Аршанскага чыгуначнага тэхнікума. Крыху меншы стаж у яе напарніцы Н.І.Шэйпак і ў прыёмаздатчыцы З.І.Трушко (на здымку ўверсе). Добрасумленна на працягу многіх год працуюць таксама на станцыі А.А.Данільчык, А.М.Нікіцік, Г.В.Жалязоўская, З.С.Міцкевіч.
Асновай асноў любой справы, як вядома, лічыцца бяспека. Думаю, не трэба тлумачыць, што ў адносінах да чыгункі гэта паняцце набывае асаблівы сэнс. Дык вось, за тым, каб паязды рухаліся бяспечна, а, дакладней кажучы, за работай устройстваў, якія забяспечваюць такі рух на 20-кіламетровым адрэзку чыгуначнага пуці сочаць старэйшы электрамеханік Лідскай дыстанцыі сігналізацыі сувязі Р.С.Данько і электраманцёр Ю.Б.Шопік, які толькі некалькі месяцаў таму закончыў Брэсцкі чыгуначны тэхнікум і трапіў па размеркаванню сюды на станцыю.
Падобная функцыя ўскладзена і на калектыў пуцейцаў 7-га акалодка Ваўкавыскай дыстанцыі пуці, які ўзначальвае ўжо на працягу 10 год майстар А.С.Яскевіч. У  склад  гэтага  калектыву ўвахо-дзяць тры брыгады. Кожная з іх абслугоўвае свой участак. Яны сочаць за станам чыгуначных пуцей, выконваюць усе неабходныя рамонтныя работы, а ў выхадныя дні ў кожнай брыгадзе вызначаецца дзяжурны абходчык, які таксама ажыццяўляе кантроль за пуцямі на сваім участку.  Дзесяты год працуе ў гэтым калектыве Ю.П. Фалькоўскі. Пачынаў манцёрам, закончыў завочна чыгуначны тэхнікум, а цяпер кіруе адной з брыгад. У брыгадзе І.А.Авакяна многа год працуе манцёрам А.В.Шалкевіч. У свой час ён быў саставіцелем цягнікоў, а потым, калі ў гэтым адпала неабходнасць, перавёўся ў манцёры. А ўсяго ў калектыве пуцейцаў заняты 15 рабочых і тры брыгадзіры. Менавіта ад іх руплівай добрасумленнай працы ў многім залежыць, ці хутка засвеціцца зялёны сігнал светлафора і поезд з так па-трэбнымі людзям грузамі зможа прадоўжыць свой пуць.
На здымку ўнізе: злева направа А.В.Шалкевіч, С.Д.Ліштван, А.Л.Атока
Сяргей ХІЛЮТА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *