У Вялікабераставіцкім яслях-садзе рэалізуецца праект “Экалагічная сцяжынка”

Лента новостей Образование

Пасля правядзення ў 2019 годзе капітальнага рамонту будынка і тэрыторыі калектыў Вялікабераставіцкага ясляў-сада накіраваў свае намаганні на добраўпарадкаванне тэрыторыі. У мінулым годзе былі закладзены клумбы і высаджаны кустарнікі, а ў бягучым – работнікі вырашылі ажыццявіць вельмі актуальны праект “Экалагічная сцяжынка”. Дадзеная форма не толькі прываблівае дарослых і дзяцей, але і эфектыўна спрыяе рабоце па экалагічнаму выхаванню.

На тэрыторыі ўстановы да­школьнай адукацыі створаны 14 тэматычных станцый, кожная з якіх мае сваё прызначэнне. Найбольшую цікавасць у выхаванцаў выклікае “Метэапляцоўка”, абсталяванне якой дазваляе арганізаваць розныя формы работы. Тут дзеці знаёмяцца з сонечным гадзіннікам, набываюць першасныя веды пра бакі свету, назіраюць за тэмпературай паветра на сонцы і ў цені, спрабуюць прадказаць надвор’е па стане раслін-барометраў. Простыя прылады дапамагаюць выхавальнікам вызначыць напрамак і сілу ветру, колькасць ападкаў. Вынікі сваіх назіранняў хлопчыкі і дзяўчынкі фіксуюць у календарах надвор’я, з імі знаёмяць выхавальнікаў іншых груп і сваіх бацькоў.
Прываблівае дашкольнікаў і “Цуда-агарод”, і “Палянка Айбаліта”. З вялікай цікавасцю выхаванцы назіраюць за тым, як апушчанае ў зямлю зерне ўсходзіць, становіцца вялікай раслінай. З нецярпеннем чакаюць дзеці першых пладоў – агуркоў, таматаў, фасолі, гароху.
А колькі розных даследаванняў можна праводзіць з лекавымі раслінамі на аптэкарскай градзе! Выхаванцы вывучаюць іх назвы, параўноўваюць знешні выгляд, адрозніваюць пахі, трымаючы ў руках лісточкі, робяць высновы. З цікавасцю даведваюцца пра лекавыя здольнасці раслін.
Кожная з тэматычных пляцовак прызначана для правядзення назіранняў, экскурсій, заняткаў і мае вялікае пазнавальнае і выхаваўчае значэнне.
Аформлены пашпарт экалагіч­най сцяжынкі, створана карта-схема праходжання маршрута. Калектыў дзіцячага садка ўпэўнены, што з цягам часу створаныя пляцоўкі пашырацца, а таксама з’явяцца новыя.
Вольга Беляня, намеснік загадчыка Вялікабераставіцкага ясляў-сада



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *