“Залатыя” выпускнікі Бераставіцкага раёна

Лента новостей Образование Общество

У гэтым годзе сцены ўстаноў адукацыі раёна пакінуў 71 выпускнік, трое з іх закончылі сярэднюю школу з залатым медалём, паспяхова пацвердзіўшы свае веды на выпускных экзаменах. Гэта Уладзіслаў Капіца з Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы, Караліна Анджэеўская з Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы і Анастасія Ярмолік з сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны. Напэўна, гэтыя імёны добра знаёмы нашым чытачам, бо яны не раз з’яўляліся на старонках раённай газеты. Гэтыя маладыя людзі на працягу ўсіх школьных гадоў вельмі адказна падыходзілі да вучобы, актыўна ўдзельнічалі ў школьным і грамадскім жыцці, у шматлікіх раённых конкурсах, спаборніцтвах, прадметных алімпіядах і неаднаразова заяўлялі пра сябе.

“Разумны, адказны, гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу, мэтанакіраваны, душа кампаніі» – так характарызуюць Уладзіслава Капіцу ў Канюхоўскім яслях-садзе-сярэдняй школе, дзе прайшлі яго адзінаццаць гадоў вучобы. Любімыя прадметы Улада –  фізіка і матэматыка,  ён паспяхова    займаўся навукова-даследчай дзейнасцю і неаднаразова станавіўся прызёрам абласной канферэнцыі даследчых работ “Крыштальная Альфа”, атрымаў стыпендыю Беларускага фонду міру.   Удзельнічаў хлопец і ў эпісталярных конкурсах, прычым, меў перамогі не толькі на раённым, але і абласным узроўні. А яшчэ Уладзіслаў – актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця школы, быў лідарам вучнёўскага самакіравання,   прэзідэнтам школьнай рэспублікі, уваходзіў у склад валанцёрскага атрада.

— Гэта быў вельмі цікавы час, — гаворыць Улад пра гады вучобы ў школе. —   Мы правялі столькі розных мерапрыемстваў, зрабілі столькі добрых спраў!  Нават крыху шкада пакідаць сцены школы, сумна, што не атрымаўся ў  нас паўнавартасны выпускны вечар, які мы маглі б зрабіць запамінальным на ўсё жыццё,  але  ўсе разумеюць, што  здароўе важнейшае. Хочацца падзякаваць настаўнікам за атрыманыя веды, бацькам — за падтрымку, а сваім аднакласнікам жадаю дабіцца ўсяго задуманага.

Дарэчы, сам Уладзіслаў плануе працягваць вывучэнне фізікі і матэматыкі, менавіта гэты накірунак ён абраў для атрымання вышэйшай адукацыі.

Караліна Анджэеўская з Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы  — яшчэ адзін стыпендыят Беларускага фонду міру, яна нават  прымала ўдзел у злёце юных міратворцаў у Мінску. Дзяўчына —  актыўная ўдзельніца грамадскага жыцця, прэзідэнт школы, дэпутат Маладзёжнага парламенту нашага раёна, а таксама прадстаўляла бераставіцкую моладзь у Маладзёжным парламенце пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў. На працягу вучобы ў школе Караліна займалася навукова-даследчай дзейнасцю, неаднаразова станавілася прызёрам абласной канферэнцыі даследчых работ “Крыштальная Альфа”.   прызёрам абласнога конкурсу чытальнікаў польскай паэзіі. А яшчэ Караліна – актыўны ўдзельнік каманды КВЗ “Выключэнне з правілаў” – неаднаразовага пераможцы раённага і прызёра абласнога чэмпіянату, дарэчы, і сама дзяўчына ў абласным чэмпіянаце КВЗ стала пераможцай у намінацыі «Лепшая актрыса гульні».

Але самым галоўным дасягненнем за 11 школьных гадоў Караліна лічыць сваіх сяброў, якіх удалося знайсці ў сценах школы.

— Вельмі сумна з імі развітвацца, — кажа дзяўчына. -Хочацца, каб кожны з нас змог знайсці сябе ў дарослым жыцці, рэалізаваць свае планы. Асабіста я збіраюся  паступаць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, каб вывучаць англійскую філалогію.

Анастасія Ярмолік з сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны закончыла навучальны год з сярэднім балам 10.0 – найлепшым вынікам з усіх магчымых для ўзнагароджання залатым медалём. Разам з ім яна атрымала Пахвальны ліст за выдатную вучобу і прыкладныя паводзіны,   Пахвальны ліст за асаблівыя поспехі ў вывучэнні рускай мовы і  стыпендыю раённага выканаўчага камітэта.

— Шлях да залатога медаля не быў простым, — прызнаецца дзяўчына. — Трэба было прыкласці шмат намаганняў, каб  паказваць грунтоўныя і глыбокія веды,   але  цяпер я рада, што ўсё атрымалася і бацькі могуць мною ганарыцца.

Анастасію называюць у школе зорачкай, якая паспявала свяціць усюды: была ўдзельніцай разнастайных школьных мерапрыемстваў, спявала, танцавала, была актывісткай піянерскай арганізацыі і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.  А яшчэ Насця практычна кожны год станавілася пераможцай раённых алімпіяд па рускай мове і літаратуры,   сур’ёзна займалася навукова-даследчай дзейнасцю, была прызёрам  раённай навукова-практычнай  канферэнцыі “Стремление. Открытие. Успех”.

Цяпер дзяўчына разважае аб тым, дзе працягнуць далейшую вучобу: выбірае паміж эканамічным і юрыдычным профілем.

— Радасна, што закончыўся школьны этап і пачынаецца новае жыццё, але шкада развітвацца са школай, — кажа Насця. – Я, як і ўсе выпускнікі, вельмі ўдзячна настаўнікам  — яны далі нам трывалыя веды, якія  вельмі спатрэбяцца  для прадаўжэння адукацыі.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *