Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы праводзіць майстар-класы на адкрытым паветры

Культура Лента новостей

З наступленнем сонечнага летняга надвор’я і ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй майстар-класы творчай майстэрні музея Вавёркі праводзяцца ў новым фармаце – на адкрытым паветры.

– Музей Вавёркі запрашае і дзяцей, і дарослых на майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладной творчасці, – гаворыць дырэктар установы Наталля Таргонская. – Мы клапоцімся пра здароўе бераставічан, а таму заняткі ў нашай творчай майстэрні “Вавёрчына камора” праходзяць на адкрытым паветры з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі і выкананнем неабходых прафілактычных мерапрыемстваў.  Майстар-класы могуць быць праведзены як для аднаго чалавека, так і для груп не больш за пяць чалавек. З нецярпеннем чакаем усіх у нашым музейным дворыку. Абяцаем – будзе цікава!

Цёплым летнім дзяньком першыя наведвальнікі – а гэта пяцігадовая Паліна Гладкая разам з татам – завіталі ў “Вавёрчыну камору” (на здымку). Бацькам дзяўчынкі, якія даведаліся пра гэткую паслугу музея,  ідэя прыйшлася даспадобы. Яны ўзгаднілі сустрэчу загадзя. І вось у назначаны час Паліну чакаў цікавы майстар-клас па роспісу ўзору апрацоўчай кухоннай дошчачкі, які правяла мастак музея Наталля Галавач.

– На занятках мы не толькі паказваем, як стварыць выраб сваімі рукамі, але і з дапамогай ілюстрацыйнага матэрыялу, з улікам узросту наведвальнікаў, знаёмім з традыцыйнымі і сучаснымі прыёмамі і тэхнікамі  дэкаратыўна-прыкладного мастацтва, з гісторыяй узнікнення таго ці іншага стылю ў мастацтве. Напрыклад, традыцыйны роспіс дошчачкаў і іншых прадметаў побыту яркімі фарбамі на чорным фоне шырока распаўсюджаны, вельмі прыгожы і мае даўнія карані.

Пра гэта, дарэчы, Паліна і даведалася падчас майстар-класа. Дзяўчынка засталася вельмі задаволеная вынікам творчай сустрэчы ў музеі Вавёркі. І сапраўды. Свежае паветра, сонечнае надвор’е і захапляльны творчы працэс – што можа быць лепш?

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *