Жанчына ў форме – гэта прыгожа!

Лента новостей

Як вы лічыце, ці да твару жанчыне форма? Калі глядзіш на гэтую сімпатычную дзяўчыну, то ў адказе сумнявацца не прыходзіцца. Бо Наталлі Крыцкай (на здымку), кантралёру I катэгорыі аддзялення пагранічнага кантролю “Бераставіца” форма сапраўды да твару. Яна і сама прызнаецца, што даўно марыла насіць форму пагранічных войск і цяпер робіць гэта з задавальненнем.
На граніцы Наталля служыць з 2007 года, пачынала радавым, а зараз ужо ў званні прапаршчыка. Калектыў АПК “Бераставіца” ў пераважнай большасці мужчынскі, таму да жанчын тут стаўленне асаблівае: мужчыны стараюцца аблегчыць ім найбольш цяжкія моманты службы, узяць на сябе самыя складаныя ўчасткі. Але тым не менш, свае прафесійныя абавязкі жанчыны выконваюць не горш за мужчын — ваеннаслужачых. Самым складаным, па словах Наталлі, было прывыкнуць да начных змен, а ў астатнім работа ёй падабаецца.
Прафесія кантралёра – адна з самых складаных у пагранічнай службе. Трэба ведаць вялікую колькасць дакументаў, якія рэгулююць перасячэнне дзяржаўнай граніцы, разнастайныя міжнародныя пагадненні, асаблівасці пашпартоў практычна ўсіх краін свету. Акрамя гэтага кантралёру патрэбна і ўважлівасць, назіральнасць, у пэўнай ступені ён павінен быць і псіхолагам, каб умець заўважыць у міміцы, жэстах чалавека самыя нязначныя змяненні і выявіць патэнцыяльнага парушальніка граніцы.
А яшчэ, падкрэслівае Наталля Крыцкая, пагранічнік–гэта той, хто першым сустракае на сваёй граніцы прадстаўнікоў іншых дзяржаў, таму ад ўражання, якое засталося ад сустрэчы з ім, складваецца і агульнае уражанне пра нашу дзяржаву. Уважлівым, тактоўным і ветлівым проста абавязаны быць кожны пагранічнік, упэўнена дзяўчына, тады і канфліктных сітуацый будзе значна менш і работа будзе прыносіць толькі задавальненне. У іншай сферы Наталля сябе ўжо проста не ўяўляе.
А калі работа радуе, то і прыгожая дзяўчына ў прыгожай форме будзе радаваць сваёй усмешкай кожнага, хто перасякае нашу дзяржаўную мяжу ў пункце пропуску “Бераставіца”.
Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *