Высокая планка Галіны Жывіцы

Лента новостей

Вясна, якая настойліва ўступае ў свае правы, сваім яркім сонечным святлом і асаблівым водарам паветра абуджае ўсё навокал ад зімовага сну і напаўняе душы людзей энергіяй і прагай жыцця. Але не толькі вясна можа падарыць пазітыўны і ўзнёслы настрой. Сярод нас сустракаюцца людзі, якія, нібыта вясновае сонейка, выпраменьваюць незвычайнае святло, любоў да жыцця і жаданне ствараць прыгажосць. Сваім аптымізмам яны дзеляцца з акружаючымі, і ад сустрэч з імі на душы становіцца цяплей і радасней.
Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Масалянскага ясляў-сада-сярэдняй школы Галіна РУМАК (на здымку) — якраз з такіх людзей. Думаю, з маім сцвярджэннем згодзяцца аматары паэзіі, якія ў мінулую пятніцу пабывалі ў райбібліятэцы на прэзентацыі нядаўна ўбачыўшага свет першага зборніка вершаў гэтай прыгожай і абаяльнай жанчыны. Тыя з прысутных, хто быў ужо знаёмы з творчасцю паэтэсы, змаглі ў чарговы раз атрымаць асалоду і “пасмакаваць” пявучыя, мілагучныя вершаваныя радкі, у якіх так натуральна, так шчыра, так прыгожа гучыць родная мова. Для тых жа, хто ўпершыню пачуў вершы Галіны Ўладзіміраўны, яны, без сумнення, сталі адкрыццём, кранулі за жывое, прымусілі зірнуць на звычайныя рэчы і з’явы з іншага боку. Уласна, у гэтым, як лічыць Галіна Ўладзіміраўна, і заключаецца прызначэнне паэта.
— Паэзія для мяне — гэта нешта свежае, — гаворыць жанчына, — нейкі свежы погляд. Тое, што людзьмі, магчыма, яшчэ не заўважана ці не сказана. Гэта як першым прайсці басанож па ранішняй расе на лузе… Паэзія — гэта шчырасць, на якую не кожны здольны. Гэта і песня з прыгожым сугуччам нашых родных слоў і «некульгавым» рытмам.
Шлях да тоненькай кніжкі ў паэтэсы быў дастакова доўгім, бо планку Галіна Уладзіміраўна трымае высокую. Яна больш за ўсё баіцца стаць графаманкай. А таму кожны верш у зборніку—выпеставаны, адточаны і … жывы. Невыпадкова і творчы псеўданім паэтэсы—Жывіца…
Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *