Бераставіччына аграрная: аналізуем вынікі зімы

Лента новостей

Зіма ў гэтым годзе выдалася суровая, і толькі нарэшце маразы “адпусцілі”. Яны стварылі шмат праблем людзям. Але па народнай прыкмеце: зіма снежная ды марозная – да хлеба. А зараз такая народная мудрасць навукова абгрунтаваная. Коўдра са снегу з марозам беражліва захоўвае азімыя збожжавыя, каб вясной яны прачнуліся ад доўгага сну і далі шчодры ўраджай.
Па словах начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама Дзмітрыя Кадргулава, моцныя маразы да трыццаці градусаў па Цэльсію – гэта не вельмі добра для пасеваў, але калі іх засцерагае дастатковы слой снегу, дык з імі нічога не здарыцца. Ёсць у аграномаў нават своеасаблівая “шкала”: на 1 градус марозу патрабуецца 1 сантыметр снегу. У гэтым годзе палі былі надзейна ўкрытыя. А вось калі снег ёсць, а маразоў няма, тады раслінам робіцца “горача”, яны пачынаюць “дыхаць”, страчваць сваё “харчаванне”, што прыводзіць да захворванняў.
Самая марозаўстойлівая культура – гэта жыта. Праўда, яно зараз на Бераставіччыне незапатрабаванае, і яго не сеюць. А з тых, што сеюць, найлепш пераносіць маразы трыцікале. Добра процістаіць ім рапс.
Можна канстатаваць, што азімыя збожжавыя ў нашым раёне былі ў нармальнай фазе развіцця, калі выпаў снег, так што сітуацыя–спрыяльная.
Спецыялісты Бераставіцкай раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін кожны год зімой адбіраюць кавалачкі глебы з пасевамі з палёў гаспадарак для праверкі. Студзеньская такая праверка паказала, што ва ўзорах 80% жывых раслін. Гэта адпавядае норме. Апошні раз праверка праводзіцца ў канцы зімы. А вясной, як растане снег і расліны “прачнуцца” і адновяць вегетацыю, яны правяраюцца больш дэталёва.
А як абстаяць справы ў жывёлагадоўлі? Як паведаміў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама Павел Буткевіч, кожны год традыцыйна раённая камісія правярае падрыхтоўку да зімы на жывёлагадоўчых аб’ектах сельгаскааператываў. Калі выяўляюцца недахопы, даецца тэрмін на іх выпраўленне. У гаспадарках былі прыняты меры, каб засцерагчы жывёлу ад маразоў. Надзвычайных здарэнняў у нашым раёне не было.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *