НАСТАЎНІК–ГЭТА НЕ «ЎРОКАДАЦЕЛЬ»

Лента новостей

Валерый Адамавіч ХОХА (на фота) — педагог са стажам: яго настаўніцкая кар’-ера пачала адлік ажно 40 гадоў таму, і амаль усе з іх ён прысвяціў выкладанню працоўнага навучання ў Малабераставіцкай сярэдняй школе…
Цікава, што рашэнне стаць настаўнікам не прыйшло да Валерыя Адамавіча адразу і беспаваротна — да свайго сапраўднага жыццёвага прызвання ён ішоў паступова. Скончыўшы сельскагаспадарчае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча ў Мураване па спецыяльнасці “Трактарыст-машыніст шырокага профілю”, ён пачаў працаваць у калгасе, але праз год быў прызваны на службу ў армію, у Ваенна-марскі флот. Тры гады вайсковай службы не прайшлі для яго дарма: вярнуўшыся на “малую радзіму”, Валерый Адамавіч некаторы час працаваў у Мураванскім вучылішчы майстрам працоўнага навучання, а потым прыйшоў у Малабераставіцкую школу выкладаць дапрызыўную падрыхтоўку.
Маючы за плячыма пэўны вопыт работы і ўжо ў даволі сталым ўзросце, ён завочна паступіў у Мазырскі педагагічны інстытут імя Н.Крупскай, дзе значна паглыбіў свае веды ў сферы выкладанння працоўнага навучання. Але, як прызнаецца сам Валерый Адамавіч (і, мабыць, як яно часцей за ўсё і бывае), сапраўдныя ўменне і вопыт прыйшлі да яго толькі з гадамі працы.
Сёння залогам прафесіянальнага майстэрства як свайго асабістага, так і наогул кожнага настаўніка ён лічыць патрэбнасць не быць павярхоўным “ўрокадацелем”:
— Настаўнік павінен быць шчырым і самаадданым фанатам сваёй справы і па-сапраўднаму любіць прадмет, які выкладае, — дзеліцца Валерый Адамавіч сакрэтамі прафесіянальнага майстэрства. — А ў адносінах да вучняў неабходна практыкаваць бязмежнае цярпенне і душэўны падыход, імкнуцца разгледзець у кожным вучні асобу.
Відаць, гэты “рэцэпт” педагагічнага поспеху з’яўляецца сапраўды дзейсным, калі прыняць да ўвагі, што настаўнік неаднаразова атрымліваў узнагароды як раённага, так абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
Акрамя таго, Валерый Адамавіч неаднаразова выхоўваў пераможцаў і прызёраў раённых і абласных алімпіяд па працоўным навучанні. З гонарам ён успамінае свайго былога вучня Уладзіміра Карытку, двухразовага прызёра абласных спаборніцтваў. Зараз юнак працягвае адукацыю ў Жыровіцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным кале-джы, але не перастае быць удзячным свайму настаўніку: прыязджаючы дамоў, хлопец часта наведвае і Валерыя Адамавіча.
Між іншым, і старшая дачка Валерыя Адамавіча — Наталля — таксама, як і бацька, абрала педагагічную кар’еру. Скончыўшы Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы па спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў”, цяпер яна працуе ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.
На пытанне аб тым, з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца падчас работы, Валерый Адамавіч зазначае:
— Самае складанае — гэта неадпаведнасць патрабаванняў вучэбнай праграмы таму абсталяванню, на якім даводзіцца вучыць дзяцей. У школьных майстэрнях стаяць састарэлыя станкі, не хапае сучасных інструментаў. А школьнікі ўжо з 5-га класа вучацца канструяванню і мадэліраванню! — і ў пацвяр-джэнне сваіх слоў ён паказаў адпаведную старонку падручніка.
Ведаючы, як у краіне цяпер запатрабаваны працаўнікі менавіта рабочых спецыяльнасцей, Валерый Адамавіч мяркуе, што заахвоціць моладзь да выбару такіх прафесій могуць не толькі настаўнікі ў школе, але і бацькі падлеткаў:
— Значны ўклад павінны рабіць бацькі, прывіваючы сваім дзецям працоўныя навыкі на ўласным прыкладзе. Трэба тлумачыць ім, што замяніць замок у дзвярах або парамантаваць вадаправодны кран каштуе грошай, таму зрабіць гэта самастойна і эканомней, і цікавей.
…Валерый Адамавіч ужо чацвёрты год на пенсіі, але справы сваёй не пакідае. З такой жа ахвотай, як і 30 гадоў назад, прыходзіць ён на ўрокі да сваіх вучняў.
Вікторыя Дзержановіч



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *