Упрыгожаныя вербачкі і велікодныя сувеніры. Выстава-продаж вырабаў ручной работы дзейнічае ў Бераставіцкім Доме рамёстваў

Культура Лента новостей

Напярэдадні светлых хрысціянскіх святаў Вербніцы і Вялікадня ў Бераставіцкім Доме рамёстваў пачала дзенічаць выстава-продаж вырабаў ручной работы “Велікодны сувенір”. Набыць арыгінальны падарунак для сябе і блізкіх можна з 1 па 19  красавіка.

Велікоднае яйка, куліч, ягня, заяц, курыца – атрыбуты, сімвалы і персанажы, з даўніх часоў звязаныя са святкаваннем  Вялікадня, з адраджэннем жыцця. Курачка – клапатлівая квактуха –правобраз маці, якая выседжвае і засцерагае сваіх птушанят, з’яўляючыся ўвасабленнем  добрай сям’і, любові. Велікоднае яйка – сімвал перамогi жыцця над смерцю. Заяц шырока распаўсюджаны ў хрысціянскіх традыцыях Еўропы і  вельмі папулярны сярод дзяцей. Напрыклад, па адной з версій лічыцца, што без гэтага сімвала сустракаць Вялікдзень проста немагчыма, і для таго, каб боская мілата сышла на дом чалавека, трэба пасяліць у ім чароўнага правадыра. Менавіта гэтым правадыром у дзень свята і з’яўляецца заяц.

Гэтыя і іншыя велікодныя персанажы знайшлі сваё адлюстраванне ў творчасці работнікаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Яны падрыхтавалі сувенірных велікодных зайцаў, курачак і куранят з тэкстыльнага матэрыялу і гліны, падвескі з вышыўкай у нацыянальным стыле, упрыгожаныя вышыўкай і распісаныя фарбай яйкі, саламяныя кошычкі, а таксама велікодныя кампазіцыі з выкарыстаннем прыроднага матэрыялу.

Традыцыйна на велікодным кірмашы можна набыць галінкі вярбы, упрыгожаныя саламянымі кветкамі, каласкамі і іншым раслінным матэрыялам.

Аўтарская задумка, часцінка душы майстра плюс карпатлівая ручная работа і атрымліваецца арыгінальнае тварэнне. Менавіта за гэта вырабы сапраўднай ручной работы і цэняцца так высока. Яны робяць наша жыццё ярчэй, дораць настрой. Дарэчы, вырабы работнікаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры прадстаўлены і на абласной выстаўцы-конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак”, якая адкрылася ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *