Дынастыямі слаўнае настаўніцтва

Лента новостей

Надзеі МАКСІМЮК (на фота), мабыць, сам Бог наканаваў стаць настаўніцай: у сваёй сям’і яна педагог ужо ў трэцім пакаленні. А няпростую навуку педагагічнага майстэрства дзяўчына пачала спасцігаць не ў Ваўкавыскім педагагічным каледжы, які скончыла амаль два гады таму, а значна раней — калі ў дзяцінстве разам са сваім старэйшым братам яна алоўкам “выпраўляла памылкі” ў сшытках, што прыносіла дахаты маці Іна Мікалаеўна…
Сапраўды, выбар Надзеяй прафесіі не стаў выпадковасцю: яе маці ад самага свайго выпуску і па сённяшні дзень працуе настаўніцай пачатковых класаў у Кватарскай школе. Педагагічны шлях таксама абралі калісьці і бабуля з дзядулем — Лілія Юльянаўна і Мікалай Паўлавіч Давыдовічы. Лілія Юльянаўна на працягу амаль 40 гадоў выкладала беларускую і рускую мовы ў школе ў Ваўкавыскім раёне, і за сваю насычаную педагагічную кар’еру ёй давялося пабываць і завучам, і дырэктарам. Безумоўна, такі асяродак не мог не паўплываць на светапогляд дзяўчыны і ў многім абумовіў яе выбар справы жыцця.
Скончыўшы каледж па спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў, кіраўнік дзіцячага хору”, Надзея прыйшла працаваць па мэтавым накіраванні ў Вялікабераставіцкую школу і адразу атрымала ў навучанне самых маленькіх вучняў — першакласнікаў. Дзяўчына прызнаецца, што пачынаць працаваць з малышамі, якія толькі нядаўна яшчэ наведвалі дзіцячы садок, было вельмі няпроста. Ды і клас аказаўся “байцоўскі”: з дзевятнаццаці чалавек большую палову склалі хлопчыкі. Таму вельмі да месца ёй прыйшоўся вопыт старэйшых калег (у прыватнасці, настаўніцы пачатковай школы Людмілы Казіміраўны Аўдзейчык і завуча Святланы Віктараўны Сунэлік), якія з разуменнем аднесліся да сваей маладой калегі і сталі для яе мудрымі дарадцамі.
Наогул, Надзея лічыць, што з калектывам ей вельмі пашанцавала: усе педагогі — сапраўдныя прафесіяналы, а пры неабходнасці заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу: хто — карыснай парадай па выхаванні або вядзенні дакументацыі, а хто — метадычнымі рэкамендацыямі.
Да таго ж не застаецца незапатрабаваным і бацькоўскі вопыт. Маці — самы першы дарадчык дачцэ, але і самы патрабавальны: калі і здарыцца дзяўчыне паскардзіцца на пэўныя цяжкасці, Іна Мікалаеўна заўсёды нагадвае пра адказнасць за зроблены выбар прафесіі.
Зараз Надзея працягвае сваю адукацыю: завочна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка. Між іншым, яе не вабяць агні вялікага горада, таму яна нават і не задумваецца прамяняць на іх хараство мілай сэрцу Бераставіцы.
На пытанне аб тым, што з’яўляецца самым прыемным у яе працы, малады спецыяліст зазначае, што гэта перш за ўсё пачуццё задавальнення, якое яна адчувае кожны раз ад сустрэчы са сваімі маленькімі падапечнымі. Сваімі агеньчыкамі ў вачах і паднятымі для адказу рукамі яны як ніхто лепш даказваюць Надзеі правільнасць зробленага ёю выбару.
У гэтым жа пераконваюць і водгукі аб ёй і яе адносінах да працы дырэктара Вялікабераставіцкай школы Наталлі Максімаўны Пачобут:
— Калі сутыкаешся з гэтай дзяўчынай, заўсёды адчуваеш, што яна з інтэлігентнай сям’і педагогаў. Гэта адбіваецца як на манеры трымаць сябе, так і па адказных адносінах да сваей справы. Акрамя таго, Надзея вельмі дысцыплінаваная, ініцыятыўная. Яна праводзіць таксама і пазакласную работу са старшакласнікамі, у прыватнасці, кіруе дзейнасцю юных інспектараў руху.
Калі ж пытаюся ў Надзеі, ці стане яна ў будучым адгаворваць сваіх уласных дзяцей ад настаўніцкай кар’еры, яна ўпэўнена адказвае “Не”. І дадае, што якія б цяжкасці на рабоце не здараліся (а як жа без іх?), аб сваім уласным выбары яна не шкадуе.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *