Свінагадоўчаму комплексу СВК “Цецяроўка” — 30 гадоў!

Лента новостей

У свінагадоўчага комплексу СВК “Цецяроўка” сёння юбілей—яму спаўняецца 30 гадоў. Менавіта 7 лютага 1982 года туды прывезлі першых свіней і ён пачаў працаваць. Свінакомплекс – гэта своеасаблівы падмурак дабрабыту гаспадаркі. Зараз цяжка і ўявіць СВК “Цецяроўка” без гэтага важнага і выгаднага жывёлагадоўчага аб’екта, які ўносіць свой уклад у харчовую бяспеку краіны. Свініна – сапраўды “стратэгічная” прадукцыя для сельгаскааператыва. Ва ўсе часы яна карысталася і будзе карыстацца попытам. Вытворчасць на свінагадоўчым комплексе вядзецца па сучасных тэхналогіях. А 30 гадоў таму… Прапануем вам невялікі “экскурс” у гісторыю.
У нашай краіне больш за тры дзясяткі гадоў таму пачалі рабіць стаўку на свінагадоўлю. Для гэтага трэба было будаваць вялікія комплексы. Тады гэта была навінка. Адзін планавалася размясціць у нашым раёне. І, вядома, патрэбен быў адказны і “дзелавы” чалавек, які мог бы ўсяго сябе аддаць справе і арганізаваць вытворчасць. А выпускнік інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі, інжынер Тадэвуш Буро працаваў ў калгасе імя 22 з’езда КПСС і яго заўважылі ў райкаме КПБ. Яму і прапанавалі ўзяцца за ўвасабленне смелай задумкі. Зразумела, што малады чалавек здзівіўся і не адразу згадзіўся ўзяцца за такую незнаёмую яму справу. Але ігнараваць даручэнні партыі тады было “не прынята”. І вось прайшлі гады, змяніўся час, ужо і Савецкага Саюза даўно няма, а комплекс у СВК “Цецяроўка” працуе стабільна.
У многае прыйшлося ўнікаць тады маладому інжынеру. Яго адпраўлялі вучыцца. Ён апраўдваў давер, стараўся. Давялося навучыцца разбірацца і ў будаўнічай справе, і ў свінагадоўлі. Здаралася, Тадэвуш Буро і начамі гартаў падручнікі, авалодваў новымі ведамі. І нарэшце ідэя ўвасобілася ў жыццё.
Няпроста было і кіраваць вялікім калектывам. Вытворчыя памяшканні запаўняліся не адразу. Трэба было разбірацца ў тэхналогіі, каб не рабіць памылак, каб раслі прывагі, каб свінні не хварэлі. Начальнік комплексу разумеў — яму патрэбна моцная каманда прафесіяналаў, выдатных спецыялістаў і адказных працаўнікоў. Кожны павінен быў быць “докай” на сваім месцы, быць дасведчаным і дасціпным чалавекам. Начальнік падбіраў добрасумленных, працавітых людзей.
Тадэвуш Паўлавіч заслужыў шчырую павагу ў калектыве. Людзі лічаць, што ім пашанцавала на начальніка і кіраўніка. Ён быў патрабавальным, але справядлівым, клапаціўся пра развіццё вытворчасці і пра працаўнікоў. Вытворчасць сапраўды наладзілася.
Час ішоў, на змену ранейшым прыходзілі больш сучасныя тэхналогіі. З’яўлялася патрэба ў рэканструкцыі. Тадэвуш Паўлавіч разам са старшынёй Віктарам Аляксандравічам Піўко пралічвалі, што эканамічна выгадна, што не. Стаўку рабілі на аптымальны варыянт.
Зараз таленавіты гаспадар і ранейшы нязменны начальнік свінагадоўчага комплексу ўжо на пенсіі. Але справа яго жыве. Людзі вельмі яму ўдзячны за тое, што ўкладваў душу ў новую для гаспадаркі вялікую справу, супрацоўнічаў з калегамі, паважаў усіх тых, хто працаваў з ім побач.
Зараз комплекс узначальвае Іосіф Скуба. Добрыя працоўныя традыцыі працягваюцца і прымнажаюцца.
Кожны працаўнік, які зараз працуе на свінагадоўчым комплексе СВК “Цецяроўка”, з поўным правам можа адчуваць сябе юбілярам. Таму што часцінка яго руплівай працы заслугоўвае самай шчырай павагі, дапамагае развіваць такую важную і патрэбную вытворчасць, уздымаць статус гаспадаркі, павышаць узровень жыцця людзей.
Старшыня СВК “Цецяроўка” Віктар Піўко:
— Летапіс нашага сельгаскааператыва папаўняецца яшчэ адной знамянальнай датай. Я шчыра ўдзячны ветэранам працы і тым, хто сёння стараецца ў гэтай галіне, паляпшае паказчыкі, падтрымлівае гонар гаспадаркі і раёна. Нізкі ім паклон! Сардэчна віншую ўсіх працаўнікоў з гэтай значнай для нас датай, якая сімвалізуе шлях да новых поспехаў. Жадаю кожнаму з іх упэўненасці ў заўтрашнім дні, “сібірскага” здароўя, прыемнага настрою, дабрабыту і каб збываліся ўсе мары!

Начальнік комплексу Іосіф Скуба – гараджанін, вырас і закончыў школу ў горадзе Ваўкавыску, але выбраў сельскагаспадарчую прафесію. Ён закончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці “зааінжынерыя”. У СВК “Цецяроўка” 10 гадоў адпрацаваў на свінакомплексе галоўным тэхнолагам, а начальнікам стаў два з паловай гады таму. Ён гаворыць, што да ўніверсітэцкіх ведаў добраму спецыялісту яшчэ вельмі патрэбны вопыт. Усё гэта ў яго зараз ёсць, і чалавек стараецца працягваць слаўныя традыцыі, пачатак якім быў пакладзены роўна 30 гадоў таму.
Валавая вытворчасць свініны ў мінулым годзе дасягнула 3580 тон, што на 145 тон больш пазалеташняй і амаль на 700 тон больш, чым 20 гадоў таму. Сярэднясутачная прывага ў 2011 годзе склала 606 грамаў (плюс 44 грамы ў параўнанні з мінулым годам), на адкорме 702 (плюс 39). Цікава нагадаць, што ў 1991 годзе такія паказчыкі былі адпаведна 445 грамаў і 535. Па рэспубліцы яшчэ і зараз ёсць нямала комплексаў, дзе сярэднясутачныя прывагі меншыя за 500 грамаў. Пагалоўе на 1 студзеня 2012 года на свінакомплексе— 20902. Стаўка робіцца на эфектыўнасць вытворчасці. А расход кармоў на 1 цэнтнер прывагі ўсяго па комплексе 3,8 цэнтнера кармавых адзінак, у тым ліку на адкорме 3,1. Поўнасцю заменена сістэма кормараздачы, і гэта дало свой эфект.
Пароды свіней тут сучасныя, мясныя – ландрас, йоркшыр, петрэн. Іншаземцы добра адчуваюць сябе ў нас. А 7 гадоў таму ў СВК “Цецяроўка” быў уведзены ў эксплуатацыю свой камбікормавы завод, што дало значную эканомію. Збожжавыя–пшаніца, ячмень, трыцікале, кукуруза– вырошчваюцца ў гаспадарцы. Бялкова–вітамінна–мінеральныя дабаўкі, прэміксы, шрот соевы і сланечнікавы прыходзіцца купляць. Мінулы год быў нялёгкі, таму што ўсё гэта падаражэла прыкладна ў тры разы. Але свінні стабільна атрымлівалі ўсё, што ім прызначана. Дзяржава клапацілася і пра вытворцаў – уздымалася закупачная цана на мяса.
На комплексе замкнуты вытворчы сучасны цыкл. Для камфорту свінаматак і маленькіх парасят тут правялі рэканструкцыю рэпрадуктарнага цэха. Заменены і ўцеплены дах, у будынку пастаўлены шклопакеты. Каб знізіць мікробны фон, таму што комплекс ужо лічыцца старым, тут захоўваецца сістэма “пуста – занята”. Пасля пераводу жывёлы ў іншыя месцы праводзіцца якаснае мыццё, пабелка, дэзінфекцыя. Гэта знішчае інфекцыю. А ў гэтым годзе ў гаспадарцы плануюць заказаць праект і аб’явіць тэндэр на будаўніцтва двух свінарнікаў па-за зонай комплексу для правядзення апаросаў. Там свінаматкі з парасятамі будуць жыць месяц, а затым іх перавядуць у стары рэпрадуктарны цэх, дзе яны будуць знаходзіцца два месяцы. А далей іх чакаюць два перыяды адкорму. Пры вазе 120 кілаграмаў ва ўзросце 6 месяцаў свіней адвозяць на мясакамбінат.
Дарэчы, маленькія парасяты любяць далікатныя ўмовы і вырошчваць іх не так проста. Тэмпература ў цэху павінна быць 20 – 22 градусы па Цэльсію. А ва ўзросце да 90 дзён парасят утрымліваюць на электрычных дыванах з падагрэвам. Іх купілі замест ранейшых лямп, што дало адпаведную эканомію.
З увядзеннем сучасных тэхналогій менш стала ручной працы. Сам працэс удасканаліўся, напрыклад, адышлі ў нябыт ранейшыя запарнікі і вадкая ежа — “каша” для свіней. Зараз жывёла, дзякуючы аўтаматычнай лініі, за работай якой сочыць слесар, сама выбірае, колькі ёй з’есці і папіць вады.
Клопат аб працаўніках пастаянна ў полі зроку кіраўніцтва гаспадаркі. Людзі забяспечваюцца спецвопраткай, на комплексе ўстаноўлены новыя індывідуальныя шафы, душавыя кабіны. Замест старой кацельні, якая працавала на дызпаліве, у мінулым годзе ўведзена новая на мясцовых відах паліва. Ва ўласнай сталовай для працаўнікоў гатуюцца смачныя абеды. Палавіну кошту за іх аплачвае гаспадарка. У сувязі з тым, што працаўнікам у прафілактычных мэтах нельга трымаць свіней ва ўласнай гаспадарцы, для іх устаноўлены льготы пры набыцці мяса.
У гаспадарцы ўдзячны людзям за іх нялёгкую працу. “Старажыламі” комплексу з’яўляюцца вядучы энергетык Аляксандр Дзешка, заатэхнік па кармах Аляксандр Малашкевіч, загадчык рэпрадуктарнага цэха Таццяна Чыжэўская. Свой уклад унеслі сямейныя пары Пісанка, Грыб, Фёдаравы. З першых дзён адкрыцця комплексу працавалі аператары Марыя Саўко і Лілія Смалей. Аператары Надзея Пясняк, Галіна Альховік і Зінаіда Матус таксама маюць вялікі стаж работы ў свінагадоўлі. З пачатку ўвядзення ў эксплуатацыю комплексу працуюць асемянатары Ніна Жаўрановіч, Вольга Цёплая, Надзея Загаловец. Нямала гадоў аддалі сваёй працы ветурачы Зінаіда Дзянісік, Галіна Цімашэнка, Юрый Гаспадарац, вадзіцелі Анатолій Красніцкі, Іван Янушкевіч і Мікалай Чыжэўскі (зараз ён механізатар у гаспадарцы). Свой уклад у развіццё вытворчасці ўнеслі галоўны тэхнолаг Мікалай Кобрынец, інжынер-механік Сяргей Раманюк, загадчык рэпрадуктарнага цэха Марыя Астроўская (зараз на пенсіі), былы загадчык пункта штучнага асемянення Марыя Некала. Прыклад у рабоце паказваюць аператары Васіль Кіячка, Святлана Сачок, Таццяна Бандысік, Ірына Чучва, Кацярына Кавальчук, Людміла Будніцкая, Ніна Былінская, асемянатар Валянціна Клімчук, загадчык пункта штучнага асемянення Тамара Малашкевіч, электырык Сяргей Навасад.
Добра працуюць і маладыя – галоўны тэхнолаг Дзяніс Сташкоў, загадчык адкормачнага цэха Ала Ківач, ветэрынары Вольга Чучва, Вольга Сідаровіч, Алена Дзешка, Алена Палікша, Юлія Яўцягіна.
Немагчыма пералічыць усіх сумленных працаўнікоў дружнага калектыву. Ім пад сілу важныя задачы. Кожны няхай прыме шчырыя віншаванні! Усім моцнага здароўя, шчасця, дабра!
На здымках: працаўнікі свінагадоўчага комплексу СВК “Цецяроўка”.
Ніна НАДДЭ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *