Вучні малабераставіцкай школы наведалі Гродна з экскурсіяй

Лента новостей Образование

Адным з накірункаў выхаваўчай работы па фарміраванні нацыянальнай свядомасці і патрыятычных якасцяў, фарміраванні грамадзянскай пазіцыі з’яўляецца арганізацыя і правядзенне экскурсій.

8 лістапада ў чарговы раз вучні 7-8 класаў Малабераставіцкай СШ адправіліся на экскурсію. Экскурсійны маршрут прывёў нас у г. Гродна ў дом-музей Максіма Багдановіча. На сённяшні час ён з’яўляецца літаратурным аддзелам Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Прыпыніўшыся на вуліцы 1 Мая, мы адразу ўбачылі невялікі драўляны дом №10. Дзеці заўважылі шыльду з надпісам “Аб’ект Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь”.

Пераступіўшы парог невялікай веранды, адчынілі першыя дзверы і паціху, каб не парушыць спакой, зайшлі ў памяшканне і адразу ж акунуліся ў літаратурную атмасферу – перад намі партрэтная галерэя знакамітых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Прыветлівы экскурсавод запрасіла нас распрануцца і правяла ўводную гутарку, з якой вучні даведаліся, што музей быў адкрыты ў 1986 годдзе да 90-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча – класіка і паэта еўрапейскага маштабу. Стваральнікам і першым дырэктарам музея была пісьменніца Данута Бічэль-Загнетава. У гэтым доме сям’я жыла з 1892 па 1896 гг.

Затым для вучняў была праведзена тэатралізаваная экскурсія “Марыя Апанасаўна запрашае”. Тэатралізаваная экскурсія раскрывала ролю жанчыны-маці ў сям’і Багдановічаў. Вучні даведаліся пра маленства, юнацтва Марыі Апанасаўны, маці беларускага паэта Максіма Багдановіча, пра сямейныя традыцыі і асаблівасці выхавання дзяцей у сям’і. Марыя Апанасаўна вельмі любіла збіраць розныя зёлкі і потым іх выкарыстоўвала для прыгатавання гарбаты. Дзеці паспрабавалі па паху вызначыць прапанаваныя зёлкі, якія знаходзіліся ў самаробных прыгожых торбачках. А яшчэ вучні з задавальненнем пакаштавалі араматную гарбату на зёлках, якою пачаставалі дзяцей супрацоўнікі музея. Экскурсія вельмі спадабалася дзецям і захапіла іх.

Мы былі ўдзячны работнікам музея за такі змястоўны аповед і шчыры прыём. Прыемна было пачуць, што нашы вучні паводзілі сябе карэктна і пакінулі добрае ўражанне ў экскурсавода. За гэта экскурсавод прапанавала кожнаму з нас загадаць толькі адно жаданне, і пры выхадзе з музея зайсці яшчэ раз у гасцёўню і паглядзецца ў чароўнае люстэрка, якое садзейнічае спаўненню жадання. Ніхто з вучняў, а да рэчы і з настаўнікаў, не прайшоў міма люстэрка.

Потым мы адправіліся ў цэнтр горада і на панарамным ліфце падняліся на аглядную пляцоўку “Дахі старога горада”, якая размешчана на даху гандлёвага дома “Неман”. Аглядная пляцоўка займае толькі частку даху гандлёвага цэнтра – амаль 800 кв.м. Для бяспекі наведвальнікаў устаноўлена спецыяльная шкляная агароджа вышынёй 1,60 метра. Вучні былі ўражаны панарамай горада, якая адкрылася перад іх позіркам, прыгажосцю цэнтральных вуліц горада.

Напрыканцы нашага экскурсійнага маршруту яшчэ адна гадзіна з карысцю для здароўя прайшла ў аквапарку “Азёрны”. Вучні з задавальненнем правялі час у басейне, на водных атракцыёнах.

Калі ўся праграма экскурсійнага маршруту была завершана і вучні селі ў аўтобус, яны на перабой пачалі дзяліцца сваімі ўражаннямі ад эмоцый, якія атрымалі ў час экскурсіі. у Гродне

Задаволеныя і шчаслівыя мы павярнулі назад дадому, ловячы сябе на думцы, што ўсё прыемнае заканчваецца вельмі хутка. І калі вучні пыталі, калі яны зноў паедуць на экскурсію, настаўнікі ўсміхаліся і былі ўпэўнены ў тым, што робяць неабходную і патрэбную справу – далучаюць вучняў да гістарычнай і літаратурнай спадчыны, клапоцяцца пра іх фізічны і псіхалагічны стан.

Жанна Козел, класны кіраўнік 7 класа Малабераставіцкай СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *