30 гадоў разам. І з «Бераставіцкай газетай»

Лента новостей

Дзень друку – гэта свята не толькі журналістаў, работнікаў выдавецтваў, але і тых, хто карыстаецца прадуктамі іх нялёгкай карпатлівай працы. Вядома, гэта чытачы газет і часопісаў. Нягледзячы нават на рэаліі цяперашняга часу, на паўсямеснае распаўсюджанне электронных сродкаў масавай інфармацыі, многія людзі не ўяўляюць сваё жыццё без газеты. “Не могу я без газеты, как ребенок без конфеты”, — такія радкі напісаў у свой час вядомы расійскі і амерыканскі паэт-песеннік Вілі Токараў. Яны застаюцца актуальнымі і цяпер, і гэта вельмі радуе нас, журналістаў, таму што працуем мы для нашых паважаных чытачоў.
Падпісчыкамі раённай газеты людзі становяцца па розных прычынах. Хтосьці хоча быць у курсе усіх падзей, якія адбываюцца ў раёне, а для некаторых газетныя радкі сталі ў свой час штуршком для сяброўства на доўгія гады з выданнем. Як напрыклад, у выпадку з Аляксандрам і Аленай Зданчукамі з Вялікай Бераставіцы. Яны ўжо на працягу 30 гадоў запар выпісваюць раённую газету. А пачалося ўсё з невялічкай заметкі ў газеце “За камунізм” (так называлася ў той час наша раённая газета) пад загалоўкам “Шчасця вам, радасці!”, якая была надрукавана ў нумары за 1 мая 1987 года. “У хаце Зданчукоў гудзе вяселле. Маладых Аляксандра і Алену віншуюць шматлікія госці, жадаюць шчасця, крычаць “горка”, — з такіх радкоў пачыналася тая памятная заметка. Далей паведамлялася, што Аляксандр адслужыў у арміі і працуе электраманцёрам у раёне электрычных сетак, адказвае за надзейную работу высокачастотнай і радыёсувязі. Стаж у яго пакуль невялікі, але, што будзе з яго талковы работнік ужо відаць, гаварылася далей. Не памыліўся аўтар тых радкоў, так яно і выйшла. Аляксандр Зданчук сёння сапраўды адзін з лепшых работнікаў Бераставіцкага раёна электрычных сетак. А яго жонка Алена працуе зараз у Бераставіцкім лясніцтве. Нядаўна яны адзначылі 30-гадовы юбілей свайго сумеснага жыцця, успомнілі і пра тую памятную заметку ў газеце.
Сяргей Хілюта



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *