21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы

Лента новостей

121 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Рашэнне аб яго ўвядзенні ў штогадовы план мерапрыемстваў было прынята на 30-ай сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЭСКА ў 1999 годзе. Па дадзеных ЮНЭСКА, для выжывання мовы неабходна, каб на ёй размаўляла хоць 100 тысяч чалавек, а каб мова жыла і развівалася — не менш за мільён. Такіх моў сёння 250. За ўсю гісторыю чалавецтва “мёртвымі” сталі больш за 9 тысяч моў. Знікненне мовы – гэта смерць жывой памяці пра ўсіх яе носьбітаў, а таму можна з упэўненасцю сказаць, што мова – гэта спосаб прадаўжэння нашага існавання, перадачы вопыту нашчадкам.
Cёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія — мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай.
21 лютага  – яшчэ адна нагода задумацца аб лёсе роднай мовы і беларусам. Хто б ты ні быў – дарослы ці малады, жанчына ці мужчына, селянін ці гараджанін, студэнт ці настаўнік – ведай, што найлепшы твой твар, вопратка твая, душа твая – беларуская мова.
Ад пакалення да пакалення беларускі народ замацоўваў у слове сваё бачанне свету, свой вопыт яго пазнання, ад эпохі да эпохі ён выпрацоўваў разнастайныя сродкі для перадачы думак, пачуццяў. Наша мова – дар не менш каштоўны за жыццё. Калі помніць, што ў сярэднім штомесяц у свеце знікаюць дзве мовы, мы абавязаны аддаць належнае сваёй роднай мове, якая дасюль, на шчасце, жывая. Аднак, разам з тым, нельга забываць, што валодаем мы ёю толькі па праве нараджэння на гэтай зямлі, а таму павінны рабіць усё неабходнае, каб зберагчы гэты бясцэнны дар.
У нашай школе ўжо традыцыйна ў 3-ці тыдзень лютага праводзіцца тыдзень беларускай мовы. Дэвіз тыдня:
“Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску”.
З вялікай адказнасцю нас­таўнікі беларускай мовы і літа­ратуры падрыхтавалі ціка­выя, забаўляльныя і карысныя мера­прыемствы. Тыдзень не толькі афарбоўвае заняткі ў свежыя колеры, але і напаўняе духоўнасцю і школьнікаў, і педа­гогаў. Кожны дзень вучням прапанаваны ўдзел у новым конкурсе на званне “Лепшы знаўца загадак” (конкурс загадак “Хто на загадкі знойдзе адгадкі»), “Лепшы знаў­ца фразеалагізмаў” (конкурс фразеалагізмаў “Скарбы роднай мовы”), “Лепшы знаўца прыказак і прымавак” (конкурс прыказак і прымавак “Прытча, карацейшая за птушыны нос”), “Лепшы знаўца роднай мовы” (конкурс эрудытаў “Знаўца роднай мовы”), “Лепшы мастак ” (конкурс малюнкаў “Я люблю Беларусь”). Акрамя гэтага на працягу тыдня вучні ўдзельнічалі ў лінгвістычнай гульні “Падарожжа па краіне Мовазнавіі”, этнаграфічным турніры, інтэлектуальнай гульні “Гавары па-беларуску”, ток-шоу “Шчаслівы выпадак: нам засталася спадчына”. А на прыканцы тыдня вучні адправіліся на эскурсію ў г. Гродна ў дом-музей Максіма Багдановіча.
На вялікі жаль, немагчыма кожны тыдзень праводзіць такую колькасць цікавых мерапрыемстваў. Але спадзяёмся, што ўбачанае і пачутае зможа прабудзіць у сэрцах дзяцей парасткі павагі і любові да роднай мовы. Бо сапраўды – пакуль жыве мова, жыве народ. “Дык шануй, беларус, сваю мову, – гэты скарб наш на вечныя годы, за пашану радзімаму слову, ушануюць нас брацця – народы!”
Жанна Козел, настаўніца
беларускай мовы і літаратуры Малабераставіцкай СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *