2010-ы завяршыўся. Чым ён быў адметны для Бераставіччыны?

Лента новостей

М.М.СІЦЬКО, старшыня Бераставіцкага райвыканкама:
— Сапраўды, год быў напружаны і багаты на падзеі. Галоўныя з іх –гэта чацвёрты Усебеларускі народны сход і выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мне прыемна адзначыць, што бераставічане вельмі адказна аднесліся да свайго грамадзянскага абавязку. Яны яшчэ раз пацвердзілі сваю прхільнасць да курсу, які праводзіць Прэзідэнт краіны, аддаўшы свае галасы ў яго падтрымку.
Наогул жа, для Бераставіччыны год быў спрыяльным. Усе планы, што былі намі намечаны, выкананы. Мы паспяхова завяршылі пяцігодку. Завяршэнне Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі адзначана новым узроўнем тэхнічнай аснашчанасці нашага аграпрамысловага комплексу і будаўніцтвам яшчэ двух аграгарадкоў: Кватары і Масаляны, дзе з’явіліся новыя аб’екты сацыяльнай сферы. Так, у аграгарадку Кватары – гэта сельскі клуб і бібліятэка. Набылі тут новае аблічча лазня, ФАП, комплексна-прыёмны пункт, магазін, абноўлена школа і інш. У аграгарадку Масаляны гасцінна расчынілі дзверы пасля капітальнага рамонту дзіцячы сад – пачатковая школа, сельскі Дом культуры і кафэ “Крынічка”.
У гэтым годзе асаблівая ўвага была нададзена і аб’ектам сацыяльнай сферы ў раённым цэнтры. Так, напрыклад, дзякуючы дапамозе Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і асабіста яго старшыні С.Б.Шапіра, адрамантавана і хутка будзе адкрыта інфекцыйнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы. За сродкі раённага бюджэту быў таксама адрамантаваны і аснашчаны сучасным абсталяваннем рэнтгенкабінет, што дазволіла забяспечыць якаснае абследаванне жыхароў раёна. Новы сучасны выгляд набывае і Бераставіцкі дзіцячы яслі-сад.
Вельмі добра папрацавалі ў гэтым годзе ўсе працаўнікі раёна, але асабліва хочацца адзначыць нашых аграрыяў. Дзякуючы іх намаганням, нам удалося атрымаць багаты ўраджай, нягледзячы на ўсе пагодныя катаклізмы. Бераставіцкі раён заняў першае месца ў вобласці і ў час правядзення рэспубліканскага фестывалю “Дажынкі – 2010“ і быў узнагароджаны Ганаровай граматай аблвыканкама. Таксама хочацца адзначыць і жывёлаводаў, якія ўпэўнена лідзіруюць у галіне малочнай вытворчасці. За работу ў летні пашавы перыяд мы таксама сталі пераможцамі і атрымалі ўзнагароду. Прыемна і тое, што ў г.п.В.Бераставіца, як і ва ўсім раёне, вельмі добрымі тэмпамі вядзецца будаўніцтва жылля. За апошнія два гады тут з’явіліся два сяміпавярховыя дамы. Сёлета ўжо здадзены 12-кватэрны дом у райцэнтры і 20-кватэрны – ў п.Пагранічны. Гэта дазволіла многім бераставічанам, і ў першую чаргу, шматдзетным і маладым сем’ям, палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. Я спадзяюся, што ў бліжэйшы час у нас з’явіцца новая вытворчасць з прыцягненнем замежнага капіталу, што дазволіць стварыць новыя працоўныя месцы для маладых людзей, дзе яны будуць добрасумленна працаваць і атрымліваць годную зарплату.
Вось на такой аптымістычнай ноце я хачу закончыць сваё выступленне і выказаць падзяку ўсім, хто ўнёс свой пэўны ўклад ва ўмацаванне і развіццё раёна. Жадаю ўсім бераставічанам моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту. Міру і дабра ў кожным доме.
З Новым годам,  дарагія сябры!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *